У саставе дэлегацыі Дзятлаўскага раёна, якая прымала ўдзел у рэспубліканскім форуме, дзе прагучала штогадовае Пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, была галоўны рэдактар Дзятлаўскай раённай газеты “Перамога” Ірына Камарова.
Сваімі ўражаннямі яна падзялілася з чытачамі выдання:
– Маштабны форум з’яўляецца знакавай падзеяй у жыцці нашай краіны, і мне, як журналісту, было цікава пачуць інфармацыю з першых вуснаў, адчуць эмоцыі і атмасферу, якія панавалі ў зале.
Не сакрэт, што апошнія два гады сталі часам выпрабаванняў для сапраўднай беларускай журналістыкі, падкрэслю “сапраўднай”, а не “блогераў на канапе” і дзеячаў тых “ячэек”, пра якія ўзгадваў Прэзідэнт.
Маім калегам па пяры найчасцей даводзілася пакінуць на другім плане ўласныя патрэбы і сем’і, каб аператыўна і своечасова супрацьстаяць ілжывым выпадам апанентаў. Працаваць у такіх рэаліях было няпроста, але гэта зрабіла нас больш моцнымі, мабільнымі, аператыўнымі, дало штуршок да самаўдасканалення і развіцця, навучыла яшчэ больш цаніць сваю краіну, народ, землякоў.
Падбадзёрылі словы кіраўніка дзяржавы аб тым, што, дзякуючы ў тым ліку і журналістам, многія беларусы “прачнуліся” і пачалі больш актыўна ўдзельнічаць у грамадскім і палітычным жыцці, асабліва ў час абмеркаванняў новай рэдакцыі Канстытуцыі.
Журналісты рэспубліканскіх, абласных, рэгіянальных СМІ і надалей застануцца “на вастрыі падзей” і “пярэднім плане інфармацыйнага фронту”, каб несці праўдзівыя факты сваім чытачам і гледачам. У Год гістарычнай памяці многія нашы матэрыялы будуць тычыцца падзеяў Вялікай Айчыннай вайны, гістарычнай праўды аб загінулых і выжыўшых земляках, звернем шмат увагі на галоўныя каштоўнасці беларусаў – сямейныя, культурныя, нацыянальныя, будзем “трымаць руку на пульсе” эканамічнага развіцця раёна, пісаць аб земляках, якімі ганарымся за іх працавітасць, таленты і дасягненні.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga