Дома не cядзіцца, калі кліча дарога

Грамадства Свежыя навіны

Цікавыя экскурсіі па роднай краіне ў рамках рэспубліканскай праграмы “Актыўнае даўгалецце” і раённага праекта “Свет без межаў” ладзяць наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і клуба “Пазнай-ка”, які працуе пры аддзяленні.

Людзі “залатога ўзросту” ўжо пабылі ў Лідзе, Гярвятах, Геранёнах, Іўі, Юрацішках, Крэве, Навагрудку. Сваю чарговую вандроўку вырашылі ажыццявіць па маршруце Дзятлава – Навагрудак – Карэлічы – Мір – Нясвіж. Дарога амаль у 140 кіламетраў не стаміла, бо з задавальненнем любаваліся краявідамі спачатку свайго раёна, затым Навагрудскага ўзвышша. Прыемныя ўражанні пакінулі “ветракі” – вялікія ветрагенератары электраэнергіі – і дагледжаныя палеткі абапал шашы.

Нясвіж сустрэў дзятлаўчан шырокімі вуліцамі, якія паступова звужваліся па меры набліжэння да гістарычнага цэнтра. Экскурсанты з нецярпеннем чакалі знаёмства з рэзідэнцыяй князёў Радзівілаў, заснаванай у 1446 годзе, старажытнымі культавымі пабудовамі, паркавым комплексам.

Аўтобус прыпыніўся каля помніка дойлідства і культуры 16 стагоддзя – касцёла Божага Цела, або фарнага. На жаль, у час экскурсіі звонку храма вяліся рэстаўрацыйна-будаўнічыя работы, затое, пераступіўшы парог гэтага велічнага мураванага помніка культуры, які ў 1581 годзе пачаў будаваць Радзівіл Сіротка, дзятлаўчане ад душы налюбаваліся яго веліччу і ўнутраным аздабленнем. Падобнае хараство раней, здаецца, сустракалі толькі ў Гярвятах.

Пасля наведвання храма па дарозе паміж двух азёр прайшлі да Нясвіжскага замкава-паркавага комплексу. Сваёй веліччу гасцей з Дзятлаўшчыны сустрэлі Слуцкая брама і Замкавая вежа, адчувалася, што ўсё тут “дыхае” гісторыяй. Дзякуючы экскурсаводу комплексу, наступныя дзве гадзіны знаёмства з замкавымі заламі, экспазіцыямі, падзеямі 16 – пачатку 20 стагоддзяў былі вельмі цікавымі. Глыбока ўразілі вынікі работы гісторыкаў, мастакоў-рэстаўратараў, дызайнераў, якія ператварылі Нясвіжскі замак у культурную адметнасць беларускага краю. Не менш цікава было паслухаць аповеды аб быце і адпачынку Радзівілаў, гістарычныя легенды і паданні. Прыемна было прагуляцца па замкавым парку, пафатаграфавацца, набыць сувеніры.

Па дарозе дамоў зрабілі яшчэ адзін прыпынак каля Мірскага замка.

Справядліва можна сказаць, што старасць не застане дома тых, хто “пашырае свае гарызонты” і актыўна вывучае гісторыю сваёй Бацькаўшчыны.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца, наведвальнік клуба “Пазнай-ка”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga