“Тваё лета!”: забег нявест і фестываль фарбаў (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак

18 самых абаяльных, спрытных і вынаходлівых прыгажуняў паспаборнічалі за званне лепшай нявесты гэтага сезона.

Конкурс прайшоў у межах шостага моладзевага капусніка “Тваё лета-2021”.

– Моладзь любіць экстрым і вострыя адчуванні. Таму ў гэтым годзе мы вырашылі зрабіць не парад, а марафон нявест! – павіталі гасцей свята вядучыя.

Канкурсанткі падрыхтавалі для гледачоў сюрпрыз – танец, які дапамагла ім паставіць адна з арганізатараў конкурсу Ала Чарняўская. Пакуль дзяўчаты рыхтаваліся да дэфіле, свае песні на раённай сцэне выканаў  удзельнік Х-фактара ў Беларусі, пераможца раённага агляду-конкурсу “Песенны вернісаж” Алег Сабіраў.

Марафон, які выпала прайсці нявестам, складаўся з трох этапаў: вясельнае дэфіле, забег у вясельных сукенках і кіданне букета нявесты. Ацэньвала вынікі і налічвала конкурсныя балы журы, у якое сёлета ўвайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Кацярына Хілімончык, дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Маліноўская, акампаніятар сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Марына Варган і бібліёграф Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Марыя Крупіца. Узначаліў камісію старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык.

У першым конкурсе, дэфіле ў вясельных сукенках, нявесты маглі не толькі паказаць сваё прыгожае ўбранне, але і прадэманстраваць вытанчанасць, грацыю і абаяльнасць. У кожнай з іх была свая група падтрымкі, аднак усе госці свята сустракалі канкурсантак бурнымі авацыямі.

Хіба што самым відовішчным этапам марафона стаў забег у вясельных сукенках. Сёлета журы “на першы раз” дазволіла бегчы не на высокіх абцасах, а ў зручным спартыўным абутку. Трыбуны скандзіравалі імёны сваіх удзельніц, накал жарсцяў стаяў не меншы, чым на сёлетняй алімпіядзе ў Токіа. Да фінішу некаторыя дзяўчаты дабягалі, губляючы на стаометроўцы абутак або аксесуары, але не страціўшы энергічнасці і пазітыву.

Па традыцыі кожная нявеста абавязана перадаць эстафету тым, хто яшчэ толькі збіраецца замуж. Таму трэцім конкурсам стала кіданне букетаў: чым далей, тым лепей. Пасля замераў і падлікаў прыгажуні паўтарылі кіданне вясельных букетаў “на біс”, іх спрытна падхапілі жанчыны, дзяўчаты і дзяўчынкі, прысутныя на свяце.

Падводзячы вынікі конкурсу, старшыня журы Валерый Макарчык пашкадаваў, што не можа ўзнагародзіць усіх канкурсантак,  кожная з якіх, безумоўна, вартая перамогі. Прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: дыплом трэцяй ступені – у Караліны Капковіч, другой ступені – у Вікторыі Кончык, пераможцай стала Анастасія Трышына. Усім ім уручылі грашовыя прызы ад арганізатараў.

На фестывалі свае заслужаныя ўзнагароды атрымала творчая моладзь Дзятлаўшчыны. Былі падведзены вынікі летняга спаборніцтва дыджэяў, а таксама адзначаны ўдзельніцы тэатра роставых лялек “Лялькі для ўсіх”.

Моладзевы капуснік “Тваё лета-2021” парадаваў гледачоў не толькі арыгінальнымі конкурсамі, але і мноствам сучаснай музыкі.  Для гасцей свята спявалі  Ганна Харлінская, Вольга Іода, Эльвіра Задзярэй, Анастасія Клімец, Вікторыя Кончык, група “Сузор’е”.

Святочная праграма прадоўжылася фестывалем фарбаў і светлавых шароў «OPEN AIR». Дзятлаўчане і госці горада размалёўвалі адзін аднаго ў розныя колеры, танцавалі на вулічнай пляцоўцы пад музыку дыджэяў, разам з вядучым удзельнічалі ў конкурсах, дзе самым актыўным уручаліся памятныя падарункі.

Наталля АВЯРЧУК
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga