15 мая, у Міжнародны дзень сям’і, сімвалічныя 15 маладзенькіх клёнаў былі высаджаны на набярэжнай па вуліцы Фогеля ў Дзятлаве.
Такім чынам сем’і нашага раёна далучыліся да ўжо традыцыйнай акцыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Сад сямейных дрэваў”.
– Паўдзельнічаць у экалагічным моладзевым праекце мы мэтанакіравана запрасілі не толькі дарослых членаў сям’і, але і дзяцей, – расказала першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. – Кожная сям’я пасадзіла сваё дрэўца і атрымала на памяць аб акцыі сертыфікат удзельніка. Прыемныя сюрпрызы чакалі малечу: ад нашай арганізацыі дзецям дасталіся паветраныя шары і салодкія падарункі.
Мяркую, што сем’і-ўдзельніцы і надалей будуць клапаціцца аб пасаджаных клёніках і сачыць за тым, як растуць іх зялёныя гадаванцы.
Даючы старт акцыі, Кацярына Хілімончык падзякавала сем’ям за актыўнасць, павіншавала са святам, пажадала здароўя, дабрабыту і каб ўсе члены сям’і, як галінкі трымаюцца за ствол дрэва, моцна трымаліся за традыцыі свайго роду і карэннем “урасталі” ў родную зямлю, застаючыся жыць і працаваць на Дзятлаўшчыне.
Сем’і Казушчыкаў, Карнэлікаў, Добышаў, Мілашаў, Шаўчукоў, Маркавых, Абрамчыкаў, Урбановічаў дружна ўзяліся за работу. Таты капалі лункі, дзеці і матулі прытрымлівалі і палівалі саджанцы. Хутка кожнае маладое дрэўца заняло сваё пачэснае месца на беразе возера.
Напрыканцы ўдзельнікі акцыі сфатаграфаваліся на памяць і падзяліліся ўражаннямі ад мерапрыемства.
Сям’я Добышаў:
– Дрэўцы будуць падрастаць і радаваць жыхароў райцэнтра сваёй прыгажосцю, а мы абавязкова ўсёй сям’ёй будзем прыходзіць сюды палюбавацца, як з маленькага саджанца вырастае моцнае дрэва.
Выдатна, што гэты цудоўны дзень, які падарыў усім нам шмат пазітыву і станоўчых эмоцый, запомніцца на ўсё жыццё. Спадзяёмся, што добрую традыцыю саджаць дрэвы ў горадзе ў свой час прадоўжаць нашы дзеці.
Сям’я Мілашаў:
– Мы лічым, што саджаць дрэвы ўсёй сям’ёй – гэта правільна. Мы не толькі робім наш горад прыгажэйшым, але і пакідаем на беразе гэтага возера добрую памяць аб сабе. Прыемна, што акцыя прайшла ў такі знамянальны дзень. Спадзяёмся, што і іншыя сем’і Дзятлаўшчыны далучацца да добрых спраў. Ну, а мы з мужам праз пару гадоў мяркуем прыйсці да нашага дрэўца (мы яго падпісалі) ужо з папаўненнем.
Ірына СТЫРНІК