Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама часта звяртаюцца жыхары Дзятлаўскага раёна.
Іх хвалююць важныя пытанні, якія найчасцей тычацца налічэння і выплаты пенсій і дапамогаў. На іх адказвае намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў Алена Навічэнкава.
Пытанне: хто адносіцца да грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый?
Адказ: да грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый адносяцца:
- удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварый;
- насельніцтва, пацярпелае ад катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварый.
Пытанне: якія ёсць віды гарантый (ільгот) у галіне пенсійнага забеспячэння для грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварый?
Адказ: гэта права на датэрміновую пенсію па ўзросце (на 5-10 гадоў);
- налічэнне пенсій у павышаных памерах інвалідам і сем’ям, якія страцілі карміцеля ў выніку калецтва ці захворвання, выкліканага катастрофай на ЧАЭС, іншай радыяцыйнай аварыяй;
- ільготнае налічэнне часу работы на тэрыторыі радыяцыйнага забруджвання;
- устанаўленне надбавак (павышэнняў) да пенсій;
- назначэнне сацыяльных пенсій у павышаных памерах.
Пытанне: каму прадастаўляецца права датэрміновага выхаду на пенсію па ўзросце паводле закона аб ЧАЭС?
Адказ: пенсійнае забеспячэнне асобаў, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і членаў іх сем’яў ажыццяўляецца з улікам нормаў, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый”.
Удзельнікі ліквідацыі дзеляцца на дзве катэгорыі:
- удзельнікі ліквідацыі, занятыя на работах па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў межах 10-кіламетровай зоны;
- удзельнікі ліквідацыі, занятыя на работах па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў межах зоны эвакуацыі (адчужэння), удзельнікі ліквідацыі іншых радыяцыйных аварый.
Удзельнікам ліквідацыі, занятым на работах па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў межах 10-кіламетровай зоны ў 1986 годзе ці не менш за 10 сутак у 1987 годзе, прадастаўляецца права на датэрміновую пенсію па ўзросце са зніжэннем агульнавызначанага пенсійнага ўзросту на 10 гадоў, пры наяўнасці стажу работы не менш за 20 гадоў у жанчын і не менш за 25 гадоў у мужчын.
Права на датэрміновую пенсію па ўзростце на 10 гадоў раней агульнавызначанага пенсійнага ўзросту прадастаўлена таксама грамадзянам, якія захварэлі і перанеслі промневую хваробу, інвалідам з прычыны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый. Мужчынам яна назначаецца пры стажы работы не менш за 20 гадоў, жанчынам – не менш за 15 гадоў.
Удзельнікам ліквідацыі, занятым на работах па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў межах зоны эвакуацыі (адчужэння) пенісія назначаецца са зніжэннем агульнавызначанага пенсійнага ўзросту на 5 гадоў пры ўмове надыходу інваліднасці, незалежна ад яе прычыны і групы (акрамя грамадзян, інваліднасць якіх надышла з прычыны ўчынення імі вінаватых супрацьпраўных дзеянняў). Для назначэння гэтай пенсіі патрабуецца наяўнасць стажу работы не менш за 20 гадоў – у жанчын і не менш за 25 – у мужчын.
На аналагічных умовах назначаецца датэрміновая пенсія па ўзросце грамадзянам, якія прымалі ўдзел у работах па ліквідацыі аварый і іх наступстваў на іншых атамных аб’ектах грамадзянскага або ваеннага прызначэння, а таксама ў выпрабаваннях, вучэннях і іншых работах, звязаных з любым відам ядзерных установак, уключаючы ядзерную зброю.
Пытанне: ці ёсць надбаўкі да пенсіі ўдзельнікам ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС?
Адказ: дадаткова да пенсіі ўдзельнікам ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС назначаюцца надбаўкі:
- удзельнікам ліквідацыі ў 1986-1987 гадах у зоне эвакуацыі (адчужэння) ці занятым у гэты перыяд на эксплуатацыі ці іншых работах на станцыі (у тым ліку часова накіраваным і камандзіраваным), уключаючы ваеннаслужачых і ваеннаабавязаных, прызваных на спецыяльныя зборы і прыцягнутых да выканання работ, звязаных з ліквідацыяй наступстваў гэтай катастрофы, і ўдзельнікам ліквідацыі іншых радыяцыйных аварый – 50 % мінімальнай пенсіі па ўзросце;
- удзельнікам ліквідацыі ў 1988-1989 гадах у зоне эвакуацыі (адчужэння) ці занятым на гэты перыяд на эксплуатацыі ці іншых работах на станцыі (у тым ліку часова накіраваным і камандзіраваным), уключаючы ваеннаслужачых і ваеннаабавязаных, прызваных на спецыяльныя зборы і прыцягнутых да выканання работ, звязаных з ліквідацыяй наступстваў гэтай катастрофы – 25 % мінімальнай пенсіі па ўзросце.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga