Дзятлаўчане ўшанавалі памяць ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны (+відэа)

Галоўнае Грамадства

Дзятлаўшчына далучылася да рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Памяць”, прымеркаванай да знакавай даты – гадавіны трагедыі спаленай разам з мірнымі жыхарамі вёскі Хатынь.

Мітынг-рэквіем, які прайшоў каля мемарыяла “Дзеці ліхалецця”, стаў завяршэннем тыдня памяці і смутку.

Школьнікі, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый сабраліся разам, каб ушанаваць памяць мірных жыхароў, якія, перажыўшы пакуты, былі знішчаны акупантамі на сваёй зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

– Трагедыя Хатыні не мінула ні адзін куточак Беларусі, пацярпела ў гады вайны і Дзятлаўшчына, – нагадаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Падтрымліваючы ў парадку месцы пахавання ахвяраў ваеннага ліхалецця, мы выхоўваем нашу моладзь у духу патрыятызму, перадаём эстафету памяці, якая яднае пакаленні.

Навучэнцы сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава нагадалі прысутным аб трагедыі спаленых вёсак і расстраляных жыхароў Дзятлаўшчыны. Вялікая Воля, Малая Воля, Трахімавічы, Дубраўка, Гарадкі, Дубароўшчына, Пушча Ліпічанская – назвы, якія мы не маем права забыць.

– Брацкія магілы і мемарыялы, прасвечныя ім, нагадваюць нам, што мы не павінны дапусціць паўтарэння падобных трагедый. Ведаем. Помнім. Смуткуем, – прагучала ў час мерапрыемства.

Удзельнікі мітынгу-рэквіему ўшанавалі памяць трагічна загінулых землякоў хвілінай маўчання, усклалі да мемарыяла кветкі і вянкі, запалілі лампадкі як знак памяці і смутку.

Мітынгі-рэквіемы прайшлі таксама каля помнікаў спаленым вёскам на тэрыторыі Казлоўшчынскага, Парэцкага сельскіх саветаў.

Наталля АВЯРЧУК