З 1 лютага 2020 года павялічыліся памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей.
Гэта звязана як з павелічэннем сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў (далей –СЗП), так і з ростам бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (далей – БПМ).
Дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці (аднаразовая) складае:
пры нараджэнні першага дзіцяці: 10 БПМ – 2 628,70 рубля;
пры нараджэнні другога і наступных дзяцей:14 БПМ –3 680,18 рубля.
Дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыі аховы здароўя Рэспублікі Беларусь да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці – 262,87 рубля (1 БПМ).
Штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў складае:
на першае дзіця: 35% СЗП –472,92 рубля;
на другое і наступнае дзіця:40% СЗП – 540,48 рубля;
на дзіця-інваліда:45% СЗП –608,04 рубля.
Штомесячная дапамога на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў (прызначаецца сем’ям, якія выхоўваюць адначасова дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў і ад 3 да 18 гадоў): 50% БПМ – 131,44 рубля. Дапамога выплачваецца адна на сям’ю і не залежыць ад колькасці дзяцей, старэйшых за 3 гады, якія выхоўваюцца ў сям’і.
Штомесячная дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў (у якіх выхоўваецца дзіця-інвалід ва ўзросце да 18 гадоў; выхоўваецца ВІЧ-інфіцыраванае дзіця ва ўзросце да 18 гадоў; бацька (айчым) праходзіць тэрміновую ваенную або альтэрнатыўную службу; абодва бацькі з’яўляюцца інвалідамі I або II групы, а таксама калі адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам I групы, а другі яго даглядае) складае:
на дзіця-інваліда старэйшага за 3 гады: 70% БПМ –184,01 рубля;
на астатніх дзяцей старэйшых за 3 гады: 50% БПМ –131,44 рубля.
Асобам, якія адначасова маюць права на дапамогу на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў і на дапамогу на дзяцей, старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў, прызначаецца і выплачваецца адзін від дапамогі на іх выбар.
Нагадваем, што з 1 студзеня кожнага года пераглядаецца права на дапамогу на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў. Для гэтага ў камісію па прызначэнні дапамог неабходна падаць заяву і дакументы, названыя ў п. 2.12 пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 г. № 200. У поўнай сям’і дапамога прызначаецца па месцы працы маці, а калі яна не працуе – па месцы працы бацькі. Калі бацькі працуюць у камерцыйных арганізацыях з колькасцю работнікаў да 15 чалавек уключна або ў індывідуальных прадпрымальнікаў, дапамога прызначаецца маці ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства.
Звяртаем увагу атрымальнікаў дапамог па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў: памер дапамогі (100% ці 50% ад устаноўленага) залежыць ад занятасці асобы, якая даглядае дзіця. Калі асоба працуе больш чым на 0,5 штатнай адзінкі або выконвае работу па дамове падраду, дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў будзе выплачвацца толькі напалову. Калі дзіця даглядае бацька, які не працуе, то маці па месцы сваёй працы будзе атрымліваць дапамогу ў поўным памеры. Індывідуальныя прадпрымальнікі, адвакаты, натарыусы, рамеснікі маюць права на дапамогу па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў у поўным памеры толькі ў выпадку афіцыйнага прыпынення дзейнасці.
Выплата прызначаных дапамог спыняецца, калі дзіця трапляе ў дзіцячую інтэрнатную ўстанову, установу адукацыі з кругласутачным рэжымам знаходжання, а таксама ў выпадку выезду дзіцяці за межы Рэспублікі Беларусь на тэрмін больш за два месяцы.
Даведкі па тэлефоне 2-12-72.
Марыя ЖЫДКО,
начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны