Да навагодніх і калядных святаў Дварэцкі дом культуры атрымаў выдатны падарунак.

У апошні дзень адыходзячага года тут урачыста адкрылі пасля рамонту абноўленую канцэртную залу.

Гасцямі на адкрыцці новага важнага культурнага аб’екта у Дварцы сталі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, намеснік старшыні Ігар Кухарэвіч, начальк аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Рагачова, намеснік начальніка (ён жа – нязменны куратар па справах культуры) Васіль Шыцько.

Капітальны рамонт стаў лагічным працягам абнаўлення адкрытага ў 2018 годзе пасля рамонта фае ўстановы, дзе сёння працуе этнаграфічная экспазіцыя. Пакуль вяліся рамонтныя работы, тут праводзілася большасць забаўляльных мерапрыемстваў аграгарадка.

Жыхары Дварца – актыўныя, ініцыятыўныя і багатыя на традыцыі. У населеным пункце добра развітая інфраструктура і насычанае культурнае жыццё. На базе Дома культуры працуюць шматлікія творчыя аб’яднанні, у тым ліку – вядомы на ўсю вобласць і нават рэспубліку клуб ветэранаў працы “У коле сяброў”.

Абноўленая зала Дома культуры змянілася да непазнавальнасці. Па словах саміх работнікаў культуры, самае важнае – гэта добрае асвятленне, якое было ўсталявана на сцэне і ў глядзельнай зале. Да таго ж, былі адрамантаваны сцены памяшкання, столь, падлога, сама сцэна, убранства якой выканана ў карычневых і залатых колерах. На бягучы рамонт залы Дома культуры было выдзелена з раённага бюджэта каля 12 тысяч рублёў, яшчэ каля 6 тысяч – на адзенне сцэны. На працягу паўгода рамонтныя работы вялі работнікі будаўнічага сектара аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Дзякуючы старанням работнікаў культуры, яны былі выкананы хутка і эканомна. Гэта адзначыў у час адкрыцця новага аб’екта культуры старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі. Ён заўважыў, што фінансавая падтрымка культурнай сферы Дзятлаўшчыны стане добрай традыцыяй. Да словаў віншавання і ўдзячнасці ён дадаў сертыфікат на дзве тысячы рублёў і салодкі падарунак для ўстановы культуры.

Да яго віншаванняў далучыліся старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

Была перарэзана сімвалічная чырвоная стужка – і прысутныя самі змаглі ўпэўніцца, як моцна пераўвасобілася канцэртная зала.

Карыстаючыся выпадкам, падзякавала раённым уладам за выдатны падарунак і павіншавала ўсіх з надыходзячымі святамі старшыня клуба ветэранаў “У коле сяброў” Валянціна Іванаўна Скок.

Як адзначыла гаспадыня абноўленай залы, дырэктар Дварэцкага дома культуры Людміла Баклушына, жыхары Дварца вельмі чакалі сённяшняга дня, і вельмі ўцешна, што адкрыццё залы стала магчымым перад Новым годам. Ужо сёння ўвесь аграгарадок збярэцца ў абноўленай зале на навагоднюю музычную праграму.

Наталля АВЯРЧУК

Похожие публикации