Удзельнікі аўтапрабегу ўшанавалі памяць ахвяраў фашызму

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Аўтапрабег, які 13 снежня стартаваў на Дзятлаўшчыне ў межах патрыятычнага праекта “Памяць сэрца”, праехаў па населеных пунктах нашага раёна па месцах масавых пахаванняў мірных жыхароў і салдат, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі працоўнай моладзі Дзятлаўскага раёна і старэйшага пакалення.

Першы пункт аўтапрабегу – лясны масіў паблізу вёскі Коцькі. Тут у трох брацкіх магілах знайшлі спачын дзесяць тысяч мірных жыхароў Дварца, Івянца, Рубяжэвічаў, Дзераўной, Налібокаў, Моўчадзі, Дзятлава, зверскі расстраляныя фашысцкімі карнікамі.

Удзельнікі аўтапрабегу ўсклалі да месца пахавання вянкі і запалілі лампадкі.

Наступным прыпынкам стала Наваельня, дзе ўдзельнікі акцыі разам з мясцовымі жыхарамі ўшанавалі памяць савецкіх салдат, якія гераічна загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне і пахаваныя ў брацкай магіле.

Фінальнай кропкай маршрута стаў лясны масіў каля вёскі Курпешы – месца самага масавага расстрэлу яўрэяў на Дзятлаўшчыне. Тут пры ўдзеле валанцёраў і актывістаў БРСМ, гасцей з рэспубліканскіх і раённых арганізацый быў дадзены старт патрыятычнай акцыі “Памяць сэрца”.

Наталля АВЯРЧУК



Теги: