Як краіне развівацца ў наступную пяцігодку, будуць абмяркоўваць удзельнікі шостага Усебеларускага народнага сходу.
А сёння рэгіёны рахункуюць вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця за мінулыя пяць гадоў. Што адбывалася ў сістэме адукацыі Дзятлаўшчыны ў гэты перыяд, расказала кіраўнік структурнага падраздзялення райвыканкама, начальнік аддзела адукацыі Наталля Белаус:
– Галоўнае ў развіцці сістэмы адукацыі раёна – забеспячэнне якасці адукацыі для кожнага навучэнца незалежна ад таго, вучыцца ён у сельскай ці гарадской установе, – падкрэслівае Наталля Сяргееўна. – Намаганні педагогаў раёна даюць свае вынікі: на працягу многіх гадоў Дзятлаўшчына ў поўным аб’ёме выконвае дзяржаўныя адукацыйныя стандарты.
У раёне ідзе работа па развіцці адзінай адукацыйнай прасторы і электроннага адукацыйнага інфармацыйнага асяроддзя. Ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі ўкаранёны элементы “Электроннай школы”, набываецца камп’ютарная тэхніка (забяспечанасць ёю – дзевяць навучэнцаў на камп’ютар). Штогод педагогі раёна вынікова ўдзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, паспяховым было выступленне ў рэспубліканскім конкурсе “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”. Сярод задач надалей – замена састарэлай камп’ютарнай тэхнікі, цеснае ўзаемадзеянне з Паркам высокіх тэхналогій па адкрыцці STEAM-класаў, робататэхніцы, праграмаванні, мабільным навучанні.
У статусе інавацыйных пляцовак працуюць дзевяць установаў агульнай сярэдняй і адна ўстанова дашкольнай адукацыі Дзятлаўшчыны. З улікам запытаў законных прадстаўнікоў адкрыты 35 груп кароткачасовага знаходжання для 275 дзяцей-дашкольнікаў, функцыянуюць групы выхаднога дня, дзяжурная група. Атрымала далейшае развіццё практыка функцыянавання матуліных школ.
У школах працуюць спартыўныя і інтэграваныя класы, групы аграрнага, педагагічнага, спартыўна-педагагічнага профілю. Сёлета ў дзевяці ўстановах на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі 63 % навучэнцаў вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. Прафесійнай і профільнай падрыхтоўкай ахоплены 100 % навучэнцаў 10-11 класаў. У 2020 годзе 62,3 % выпускнікоў Дзятлаўшчыны паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, з іх 79,4 % на бюджэтную форму навучання. Па выніках здачы цэнтралізаванага тэсціравання па сямі вучэбных прадметах раён мае вынікі вышэйшыя за абласныя.
Прымаюцца меры па абароне правоў дзяцей-інвалідаў і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця: усе 100 % такіх навучэнцаў ахоплены карэкцыйна-педагагічнай дапамогай і спецыяльнай адукацыяй. Арганізаваны адукацыйны працэс для 16 дзяцей-інвалідаў у Дзятлаўскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.dct
Асаблівая ўвага пры арганізацыі выхаваўчай і ідэалагічнай работы ва ўстановах адукацыі раёна надавалася святкаванню 75-й гадавіны Вялікай Перамогі, мерапрыемствам у рамках Года малой радзімы, дзяржаўным святам, памятным і святочным датам. Цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі горада Дзятлава з установамі агульнай сярэдняй адукацыі рэалізавалі раённыя праекты “Свет школьных музеяў” і “Музей будучага”. Актыўна раён уключыўся і ў абласны марафон маладых выбаршчыкаў “Выбар маладых — наша будучыня!”, у фотакросінг “Дзень Перамогі ў Год малой радзімы”, якія праходзілі ў фармаце чата. Праведзена выбарчая кампанія ў Моладзевы парламент пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў. Пад эгідай Моладзевага парламента рэалізуецца маштабны праект “Тэрыторыя моладзі” па актывізацыі работы з дзецьмі і моладдзю па месцы жыхарства. Рэалізавана 97 моладзевых ініцыятываў, 16 сацыяльна значных праектаў. Прадаўжаецца рэалізацыя інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа Актыўнага Грамадзяніна” (“ШАГ”) для 8-11 класаў.
Эфектыўнасць выхаваўчай работы пацвярджаецца ўдзелам у конкурсах рознага ўзроўню. Сярод значных перамог – узнагароды за Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”, V Рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”.
Вялікая ўвага ў раёне надаецца здароўю дзяцей. Працуюць санаторныя групы; рэалізуецца праект “Школа – тэрыторыя здароўя”. Паспяхова рэалізуецца праект “Летнік у маляўнічай мясцовасці”. Надаецца значная ўвага стварэнню здаровых і бяспечных умоў жыццядзейнасці для ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, у тым ліку праз умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Даступнасць і варыятыўнасць сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі дазволіла забяспечыць ахоп навучэнцаў на 68,5 %. Навучэнцы раёна маюць стабільныя вынікі пры ўдзеле ў конкурсах даследчага характару. Заваяваны 19 дыпломаў абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Крыштальная альфа”, два дыпломы конкурсаў даследчых работ рэспубліканскага ўзроўню. У 2019 годзе па выніках рэспубліканскага воднага конкурсу даследчых праектаў Ягор Сокал з Новаяльнянскай сярэдняй школы ў складзе каманды Рэспублікі Беларусь паўдзельнічаў у міжнародным Стакгольмскім юніёрскім водным конкурсе (Швецыя). На высокім прафесійным узроўні ў 2019 годзе Дзятлаўшчына прадставіла свой вопыт на рэспубліканскім семінары-практыкуме “Арганізацыя адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі на беларускай мове”. Раён ганарыцца настаўніцай гімназіі №1 горада Дзятлава Наталляй Клімец, якая ў заключным этапе республіканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” заваявала дыплом трэцяй ступені ў намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”. Навучэнцы Ілья Угрын і Ягор Сокал сталі лаўрэатамі абласной прэміі А. Дубко. Па выніках рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і конкурсаў работ даследчага характару пяць навучэнцаў раёна – І. Угрын, М. Каско, Я. Сокал, М. Волкава, М. Заблоцкі – атрымалі грашовыя прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўнесены ў рэспубліканскі банк даных адоранай моладзі. За асабісты ўклад у развіццё здольнасцяў адораных навучэнцаў педагогі Ганна Урбановіч і Алена Баковіч узнагароджаны грашовымі прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У віртуальную Кнігу пашаны маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці ўнесены звесткі аб пяці маладых спецыялістах раёна – Т. Орсіка, Ю Валчкевіч, М. Нячай, А. Сямёнавай, А. Крысанавай. У 2017 годзе ў Кнігу славы Дзятлаўскага раёна ўнесены звесткі пра настаўніцу матэматыкі гімназіі № 1 горада Дзятлава Ганну Урбановіч. У рэспубліканскім конкурсе “Жанчына года” ў намінацыі “Жанчына ў навуцы” лаўрэатам абласнога этапу прызнана настаўніца сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Ірына Дарафейчык, пераможцай заключнага этапу ў намінацыі “За выхаванне дзяцей і моладзі” стала матуля-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу Марына Шэлег.
Выказваю шчырыя словы падзякі за работу сваім калегам, усім, хто ўнёс уклад у развіццё сістэмы адукацыі раёна. Жадаю здароўя, невычэрпнай энергіі, новых ідэй, дасягненняў і перамог.
Ірына СТЫРНІК