26 красавіка – Дзень чарнобыльскай трагедыі. Міхаіл Шундрык: “Хаты нас сустракалі цішынёй”

38 гадоў мінула з тае пары, як здарылася адна з самых страшных тэхнагенных катастроф новага часу – аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі.

Пад знакам радыяцыі вырасла і стала дарослым цэлае пакаленне людзей, а наша маладая дзяржава навучылася трымаць удар, спраўляцца з медыцынскімі, экалагічнымі, эканамічнымі наступствамі аварыі, якія дагэтуль рэхам адгукаюцца ў жыцці сучаснікаў.

Часу непадуладны ўспаміны аб тым, што ў Беларусі называюць чорным болем. Мы помнім, смуткуем аб загінулых у барацьбе з нябачным ворагам. На Дзятлаўшчыне жывуць людзі, якія прайшлі праз Чарнобыль і вярнуліся. Сёння ім ёсць што расказаць нашчадкам.

Выдатна помніць свой 1986-ы жыхар пасёлка Казлоўшчына, былы супрацоўнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Міхаіл Шундрык. Пра камандзіроўку ў Брагінскі раён малады міліцыянер-вадзіцель даведаўся 1 мая.

– Начальства выклікала і паведаміла, што мы з калегам паедзем у жніўні разам з трэцяй партыяй служыць у зону адсялення. Ненадоўга, па першым часе больш чым на месяц не адпраўлялі, – расказвае Міхаіл Пятровіч. – З кожнага раёна па два чалавекі, са мной паехаў калега Анатоль Юшкевіч.

Пунктам прызначэння стаў Камарын Брагінскага раёна – гарадскі пасёлак на Дняпры.

– Там было нармальна, – узгадвае мужчына. – У пасёлку знаходзіліся як мясцовыя жыхары, так і прыезджыя супрацоўнікі, з невялікімі абмежаваннямі, але ўсе звычайна жылі і працавалі.

Камандзіровачных размясцілі ў школе, харчаваліся яны ў мясцовай сталовай. Абавязковым складнікам у дзённым рацыёне кожнага былі таблеткі ад радыяцыі.

Міхаіл Шундрык працаваў па сумежнай спецыяльнасці – вадзіцелем аўтобуса: кожны дзень дастаўляў на пасты ў пустуючыя вёскі дзяжурных для аховы грамадскага парадку. Тое, што ўбачыў там, відаць, не забудзе ніколі.

– Ва ўсіх гэтых вёсках хаты нас сустрэлі цішынёй, – расказвае Міхаіл Пятровіч. – Вельмі страшна бачыць месцы, вымушана пакінутыя людзьмі, з бадзяжнымі хатнімі жывёламі, няхітрымі пажыткамі, што не забралі з сабой у час хуткага перасялення, з бур’яном, які за пару летніх  месяцаў паспеў завалодаць некалі дагледжанымі падворкамі. Паўсюль – жудасны спакой.

Выканаўшы заданне Айчыны, міліцыянер прадоўжыў службу на Дзятлаўшчыне, у сярэдзіне 90-х выйшаў на заслужаны адпачынак, цалкам прысвяціўшы сябе клопатам у доме і на прысядзібным участку. На здароўе ніколі не скардзіўся.

– Запрашаюць кожны год правяраць шчытападобную залозу, але навошта, калі я нармальна сябе пачуваю? – разважае ён.

Аб чарнобыльскай трагедыі стараецца не ўспамінаць, толькі ў час  раённых мерапрыемстваў або сустрэч у працоўным калектыве.  Чарнобыльцаў-землякоў, жывых і памерлых ад радыяцыі, ведае па імёнах.

– Ці давяраеце сучаснай атамнай энергетыцы? – пытаюся на развітанне ў суразмоўцы.

– Уважліва сачыў разам з усімі беларусамі за падрыхтоўкай і пускам Астравецкай АЭС. Упэўнены, у нас усё грунтоўна і надзейна. Памылкі мінулага ўлічаны і не будуць паўтарацца, за атамнай энергіяй сучаснасць і будучыня, – кажа ён.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Дэпутацкія клопаты. Андрэй Жамойда правёў прыём грамадзян у Дзятлаве

9 ліпеня член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй…

14 часов ago

“Дзень свабоды і памяці”

Пад такой назвай у Дзятлаўскай раённай бібліятэцы 9 ліпеня прайшоў дыялог пакаленняў, прысвечаны дню вызвалення…

14 часов ago

Якое значэнне для дзятлаўчан мае дата 9 ліпеня?

Аляксандр Бургун, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна: – У Дзень Перамогі мы ўзгадваем продкаў, якія адстаялі…

16 часов ago

Незабыўныя старонкі ваенных гадоў. Горад Дзятлава сустрэў Дзень вызвалення

9 ліпеня каля помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову ў гарадскім парку…

16 часов ago

О правилах поведения в цифровом пространстве

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

17 часов ago

Прамая тэлефонная лінія

14 ліпеня з 14 да 16 гадзін адбудзецца прамая тэлефонная лінія з начальнікам АУС Дзятлаўскага…

17 часов ago