21 лютага – Дзень роднай мовы. Мілагучная, звонкая, спеўная…

Мяне як беларуса надзвычай радуе, што Дзень роднай мовы ўжо традыцыйна і назаўсёды прапісащся ў нашым нацыянальным календары.

Гэта заўсёды  сагравае сэрца ў  халодныя зімовыя дні. Родная, значыць, любімая, дарагая, самая-самая. А любімай не здраджваюць, не ахайваюць, не робяць балюча…

Сёння ў нашым рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў, і палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы. Гэтае свята – цудоўная нагода для носьбітаў роднай мовы яшчэ раз задумацца пра  тую адзіную, якую мы завём матчынай, на якой размаўлялі нашы продкі.

Яшчэ ў маленстве я запомніў павучальныя  словы Івана Мележа: “Мова – гэта вялікі народны скарб. Яе  нельга не паважаць, як  нельга не паважаць родны народ”. Затым у юнацтве прачытаў яго бессмяротную трылогію “Палеская хроніка” і зразумеў моц і водар нацыянальнага слоўца.

Радуе, што  бібліятэкі, навучальныя і культуралагічныя ўстановы прысвячаюць  гэтаму патрыятычнаму святу кніжныя выставы беларускамоўных выданняў, што ў гарадах, пасёлках і вёсках Беларусі праходзяць шматлікія тэматычныя мерапрыемствы, беларускамоўныя дыскатэкі і канцэрты, майстар-класы і лекцыі.   Музеі краіны арганізоўваюць публічныя чытанні беларускамоўных твораў пісьменнікамі, акцёрамі, мастакамі, грамадскімі дзеячамі. Традыцыйнымі ўжо сталі і дыктоўкі  паводле эпахальных і значных твораў нацыянальнага прыгожага пісьменства.

І як тут не ўзгадаць  знакамітыя словы слыннага паэта Пімена Панчанкі:

Якія цудоўныя назвы і словы,

Якая цудоўная родная мова!

І ўсё мілагучна для слыху майго:

І звонкае “дзе”, і густое “чаго”.

Несумненна, што ў гэты дзень многія беларусы хоць на некалькі дзясяткаў слоў становяцца больш дасведчанымі, інтэлектуальна пытлівымі.  Яшчэ больш патрыятычнымі.  Нездарма Янка Сіпакоў сцвярджаў: “Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка, гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго, што называецца нацыяй, народам”.

Я перакананы, што дзякуючы менавіта такім святам, добразычлівым і эмацыянальным, ціхім і хатнім, штогод  прыбаўляецца аматараў беларускай мовы, літаратуры, культуры не толькі сярод навучэнцаў, але і сярод  педагогаў, бацькоў, усіх неабыякавых беларусаў.

Не магу не ўзгадаць словы вялікага сына Беларусі Змітрака Бядулі: “ Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае –  гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць, калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны – гэта родная мова”.

Давайце чытаць беларускіх класікаў, глядзець беларускія пастаноўкі ў тэатрах. І тады вы зможаце не пераставаць здзіўляцца багаццю роднай мовы. А ў  гэтым годзе мы святкуем таксама і 140-годдзе знакамітых класікаў, стваральнікаў сучаснай літаратурнай мовы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Святкуем, каб “людзьмі звацца”.

Сёння беларуская мова ўжо актыўна пранікае ў новыя, сучасныя сферы ўжытку: рэкламу, інтэрнэт-прастору. А гэта ўжо сведчыць пра яе рэальную запатрабаванасць, жаданне беларусаў актыўна ёю карыстацца.

Канешне, мова жывая, пакуль  на ёй гавораць. А Дзень роднай мовы – цудоўная нагода  яшчэ раз задумацца, асабліва квасным патрыётам, манкуртам, людзям перакаці-поле, без роду-племені, пра лёс і будучыню той мовы,  якую пакінулі нам у спадчыну продкі.  Так, мы вывучаем мову ў школе, нядрэнна разумеем беларускія слоўцы, аднак чамусьці мала хто на ёй можа свабодна, лёгка, без памылак гаварыць.  Называюцца і прычыны гэтага: не ведаю, не ўмею,  саромеюся, гэта нейкі дыялект…

А можа, давайце сёлета, у Дзень роднай мовы,  памяняем свае негатыўныя адносіны да мовы, нарэшце адважымся і пачнём гутарыць па-свойму! Спачатку на працягу аднаго дня, потым на працягу года, дзесяцігоддзяў. Усё жыццё! Ужо час станавіцца сапраўднымі і свядомымі беларусамі.

Канстанцін КАРНЯЛЮК

administrator

Recent Posts

Нам даверана памяць. Спалены боль Дзятлаўшчыны

Зусім нядаўна на Дзятлаўшчыне прайшлі святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 82-й гадавіне вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аднак…

7 часов ago

«Можем конкурировать». Александр Лукашенко ставит задачу активнее осваивать рынок светодиодных ламп

Беларуси необходимо активнее осваивать рынок светодиодных ламп, для этого есть и кадры, и компетенции. Об…

9 часов ago

Александр Лукашенко в Бресте поставил задачи на уборочную кампанию

Президент Беларуси Александр Лукашенко во время рабочей поездки в Брест актуализировал задачи для аграриев на…

13 часов ago

У ААТ “Дварэц-Агра” – першыя на Дзятлаўшчыне камбайнеры-тысячнікі!!!

Другі год запар ААТ “Дварэц-Агра”, падшэфнае сельгаспрадпрыемства ААТ “Молочный Мир”, трымае пальму першынства на жніве…

14 часов ago

Іншаземкі прыжыліся на Дзятлаўшчыне

КСУП “Хвінявічы” славіцца высокімі паказчыкамі ў жывёлагадоўлі, нязменна знаходзячыся ў лідарах раёна па надоях, прывагах…

1 день ago

Каб “золата” з хлебнай нівы было вышэйшай якасці

Гудуць магутныя машыны, высыпаючы з прычэпаў зярняты. Яны льюцца хуткай плынню, горамі ўзвышаюцца на збожжатаку…

1 день ago