Нам даверана памяць. Спалены боль Дзятлаўшчыны

Зусім нядаўна на Дзятлаўшчыне прайшлі святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 82-й гадавіне вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аднак да Вялікай Перамогі дажылі не ўсе землякі. Памяць аб мірных жыхарах, загінулых у пекле той вайны, назаўжды ў нашых сэрцах. У Дзятлаўскім раёне прайшоў мітынг-рэквіем “Спалены боль”, прысвечаны памяці знішчаных вёсак.

Яго ўдзельнікамі сталі калектыў райвыканкама пад кіраўніцтвам старшыні Андрэя Садоўскага, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, кіраўнікі арганізацый, духавенства. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дэпутаты Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Таццяна Нікіпорчык і Віктар Адамчык, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда.

На трагічным і сакральным для дзятлаўчан месцы – каля помніка загінулым землякам у вёсцы Гарадкі ўдзельнікаў мітынгу сустрэла старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка.

Ала Дзмітрыеўна адзначыла, як жыхары і арганізацыі раёна падтрымліваюць памяць аб загінулых у Вялікай Айчыннай вайне:

– Помнік у Гарадках быў усталяваны каля 1960 года, з таго часу на працягу многіх гадоў адбывалася яго мадэрнізацыя: на месцы драўлянай агароджы была ўсталявана бетонная, лясная дарога змянілася на гравійную, часткова была асфальтавана, сіламі мясцовых жыхароў ён пастаянна даглядаўся. У яго рэканструкцыі прымалі ўдзел Казлоўшчынскі сельвыканкам, тагачаснае КСУП “Слава працы”, КУП “Дзятлаўскае ПМС”. Бетонную дарожку да помніка заклаў разам з вяскоўцамі стараста Аляксей Лагуцік. Пры фінансаванні з раённага бюджэту з удзелам арганізацый-шэфаў ён быў адрамантаваны, на фасадзе з’явіліся шыльды з імёнамі загінулых. Помніку ў Гарадках, як і іншым месцам пахавання на Дзятлаўшчыне, заўжды надаецца вялікая ўвага з  боку кіраўніцтва раёна і саміх дзятлаўчан. І сёння на гэта памятнае месца імкнуцца родныя загінулых, былыя вяскоўцы і іншыя людзі, якія ведаюць падзеі тых гадоў.

Трагічную гісторыю расстрэлу ў Гарадках нагадала дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вераніка Паўлоўская:

– Восенню 1942 года ў гэтым населеным пункце было жыццё, якое магло быць на акупіраванай  фашыстамі тэрыторыі. Нават у акупацыі людзі расцілі хлеб, выхоўвалі дзяцей, выжывалі, як маглі. Практычна ўсе яны дапамагалі ўдзельнікам партызанскага руху, які ў той час ужо разгараўся на Дзятлаўшчыне, і гэта стала іх пагібеллю. 15 снежня 1942 года вёску акружылі карнікі – немцы і іх памагатыя, мясцовыя паліцаі – украінцы, літоўцы, эстонцы. Сабралі людзей пад выглядам праверкі дакументаў. Некаторыя адчулі нядобрае, спрабавалі збегчы, але не атрымалася. Старасту Юзафа Лагуціка расстралялі адным з першых. Раздаліся аўтаматныя чэргі, і жыхары вёскі сталі падаць адзін за адным, пулі не шкадавалі ні пажылых, ні дзяцей. Сярод тых, каму ўдалося выжыць, была мясцовая жыхарка Ядвіга Гародка, яе сына-немаўля расстралялі ў яе на руках, куля прайшла праз яго навылет і застрала ў грудзях жанчыны. Яна чула, як немцы дабівалі параненых, у ліку якіх былі і яе муж і трое дзяцей. Ужо пазней некалькі жанчын змаглі выбрацца з-пад гары целаў і ў зімовую сцюжу, дапаўзлі да суседняй вёскі, дзе ім аказалі дапамогу. Яны выжылі і расказалі гісторыю нам. 48 дамоў, 367 мірных жыхароў 15 снежня 1942 года сталі адной брацкай магілай. І гэта толькі адна з жудасных старонкай ваеннага ліхалецця. Сёння мы кажам “дзякуй” тым, хто цаной свайго жыцця адстаяў наша мірнае неба, і даём слова ніколі не паўтарыць той страшнай вайны.   

Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да помніка і ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання.

 Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

administrator

Recent Posts

Школьны мерыдыян

Свята традыцый і сямейнай творчасці У рамках Тыдня бацькоўскай любові ў сярэдняй школе № 1…

2 часа ago

Безопасность в каждый дом: как согреть жилье без риска для жизни

С наступлением холодов в жилом секторе традиционно возрастает количество пожаров. Стремясь создать уют и тепло…

2 часа ago

ДТЗ з жывёлай на Дзятлаўшчыне

19 кастрычніка каля сямі гадзін раніцы ў Дзятлаўскім раёне адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Аўтамабіль “Belgee X50”…

2 часа ago

Праект “Жамчужыны зямлі Дзятлаўскай”. Ганна Буткевіч: “Паважаць людзей – прынцып майго жыцця”

Калі ў каго з жыхароў Жукоўшчыны папросіце назваць настаўніка, які пакінуў вялікі след у яго…

2 часа ago

ПРО:Безопасность. Итоги купального сезона

По итогам купального сезона 2026 года в Беларуси утонуло 155 человек (в 2025 – 157…

3 часа ago

Назад у мінулае паклікалі дзятлаўчанак

Чарговае пасяджэнне жаночага клуба “Карані смаку” прайшло ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. https://www.youtube.com/embed/vOv9530fEDo…

4 часа ago