Напярэдадні прафесійнага свята газета “Перамога” пабывала ў клініка-дыягнастычнай лабараторыі Дзятлаўскай ЦРБ, каб пазнаёміць вас, нашы шаноўныя чытачы, з яе работай і калектывам.

– Нездарма менавіта лабараторыю называюць сэрцам любой установы аховы здароўя. Прыйдзеце вы на прыём да тэрапеўта, хірурга ці эндакрынолага – у пераважнай большасці выпадкаў вам прызначаць даследаванне ў нас, – тлумачыць доктар клінічнай лабараторнай дыягностыкі, загадчык аддзялення Арцём Цыкман. – Менавіта даследаванні нашых спецыялістаў дапамагаюць правільна ацаніць, што адбываецца ў арганізме пацыента і прызначыць лячэнне.

Для паўсядзённай работы ў распараджэнні медыкаў сучасныя тэхналогіі – аўтаматычныя біяхімічныя, гематалагічныя  аналізатары і многія іншыя сучасныя апараты, дзякуючы якім спецыялісты могуць правесці дэталёвае даследаванне ў сціслы тэрмін.

– У найбліжэйшай перспектыве – закупка новага біяхімічнага аналізатара на большы паток, бо з кожным годам колькасць пацыентаў толькі павялічваецца. Штодня робім каля 2000 даследаванняў кожнага аналізу. У біяхіміі крыві выконваем 30 паказчыкаў, у гематалогіі – усё, што згодна з пратаколам патрабуюць ад нас дактары. Акрамя таго, пры неабходнасці праводзім аналізы спінна-мазгавой, выпатных вадкасцяў, робім гемастазіяграму і многае іншае. Вельмі дапамагае ў рабоце ўкараненне ў раённай бальніцы электроннай інфармацыйнай сістэмы, куды ўносяцца ўсе аналізы, і да таго, як вынік прыйдзе на патрэбны кабінет у папяровым выглядзе, мы маем магчымасць перадаць усю інфармацыю доктару ў праграме. Гэта тычыцца як райцэнтра, так і ўсіх нашых падраздзяленняў – бальніц, ФАПаў, амбулаторый. Штодзень выконваем кантроль якасці даследаванняў.

Знакавай падзеяй для каманды аддзялення, як і ўсяго калектыву Дзятлаўскай ЦРБ, стала правядзенне рамонту памяшканняў з заменай мэблі і часткова – абсталявання. На плошчы 230 квадратных метраў быў выкананы поўны комплекс будаўнічых работ агульным коштам звыш 376 тысяч рублёў, выдаткаваных з раённага бюджэту. Абнавіліся рабочыя, бытавыя і санітарныя памяшканні для камфортнай работы і адпачынку персаналу. Рабочыя месцы сталі больш зручнымі, а ўзаемадзеянне – хуткім і эфектыўным. 

У невялікім, але вельмі згуртаваным і дружным калектыве лабараторыі – 15 работнікаў, пераважная большасць – прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, фельчары-лабаранты, многія з якіх маюць адзін запіс у працоўнай кніжцы і па чатыры дзясяткі гадоў працоўнага стажу. Год беларускай жанчыны – найлепшая магчымасць пазнаёміцца з імі бліжэй.    

Старшы фельчар-лабарант Алена Лішык прызнаецца, што на выбар прафесіі жыцця паўплываў выпадак.

– Са школы вельмі любіла хімію і збіралася паступаць на хіміка-тэхналагічны профіль. Атрымалася так, што я забылася адзін з дакументаў дома і не змагла падаць. Брат сказаў, “значыць, гэта не твой лёс і табе туды не трэба”. І я паступіла на спецыяльнасць, дзе таксама была патрэбна хімія – атрымала прафесію дыягноста ў Гродзенскім медыцынскім каледжы, – успамінае жанчына.

Свой працоўны шлях яна пачынала ў Казлоўшчынскай бальніцы, а неўзабаве стварыла сям’ю і ў 1993 годзе пераехала ў Дзятлава. Алена Уладзіміраўна помніць часы, калі лабараторыя была зусім іншай:

– У тыя часы практычна ўся работа выконвалася ўручную, з апаратаў былі толькі фатометры. Але і паток пацыентаў быў значна меншы. Ужо пазней нам устанавілі біяхімічны аналізатар, які значна палепшыў умовы працы. На ім маглі працаваць толькі два чалавекі, мы нават дыхаць баяліся на такую тэхніку. Сёння ж усе сучасныя прыборы трывала ўвайшлі ў нашу паўсядзённую работу і сталі неад’емнай яе часткай.

Спецыяліст прызнаецца, што вельмі любіць сваю работу, і гэта любоў не згасла нават праз больш чым 30 гадоў. На пытанне пра працоўную нагрузку лабаранта жанчына адзначае мовай лічбаў:

– Рабочы дзень яшчэ не скончыўся, а ў мяне на даследаванні 115-ты пацыент, кожны з аналізаў правяраецца па шматлікіх паказчыках. Але нават такая нарузка ўжо звыклая і прыемная, бо выконваем сваю работу на камфортных, абсталяваных па-сучаснаму рабочых месцах, у сваім рытме і ў прыемнай атмасферы. Таксама рабоце спрыяе дружны калектыў, дзе кожны гатовы падставіць плячо і замяніць на рабочым месцы ў час адпачынку і непрадбачаных сітуацый.

– Усе медыкі нашай краіны – як адна вялікая сям’я, у чым я ўпэўнівалася не раз за сваё жыццё, – расказвае жанчына. – Жадаю не губляць гэту добрую сувязь, добразычлівасць да калег і пацыентаў, заставацца вернымі свайму прафесійнаму выбару, натхнёнымі справай жыцця, здаровымі і шчаслівымі.

Ніна Мікуціна – адзін з самых вопытных работнікаў лабараторыі і ўсёй раённай бальніцы: яе працоўны шлях тут вядзе свой адлік з 1980 года, і ўсе гэтыя гады – на адным месцы. Пасля заканчэння Гродзенскага медыцынскага вучылішча яна прыехала па размеркаванні на Дзятлаўшчыну і засталася тут жыць.

– Лабараторыя – гэта маё жыццё. Я хацела быць лабарантам і сама споўніла свой выбар. Усе аналізы, якія да нас паступаюць, выконваем максімальна аператыўна і дакладна, калі трэба, збіраем на месцы свой мінікансіліум.

Ніна Іванаўна адзнаечае, што работа ў іх хоць і дакладная, з лічбамі і паказальнікамі, але гэта не сухая статыстыка: выконваючы той ці іншы аналіз, яны бачаць за ім чалавека, які мае патрэбу ў дапамозе, і робяць усё магчымае, каб дапамагчы.

Усім, хто аднойчы выбраў высакародную прафесію медыцынскага работніка і прадаўжае ў ёй працаваць або знаходзіцца на заслужаным адпачынку, Ніна Мікуціна жадае моцнага здароўя, дабрабыту і ўсіх зямных дабротаў.

Адной з самых маладых, але не менш прафесійных у сваім калектыве з’яўляецца фельчар-лабарант Жанна Пацяюнас. Калегі прызнаюцца, што літаральна пераманілі гэты каштоўны кадр у сваю каманду. Яна стала прадаўжальніцай сямейнай дынастыі медыцынскіх работнікаў: мама працавала доктарам-тэрапеўтам і запаліла ў ёй іскру любові да медыцыны.

– Гледзячы на матулю, з аднаго боку, не хацела ісці ў медыцыну, бо бачыла, як яна шмат працавала, часам затрымлівалася на рабоце, – расказвае жанчына. – З другога боку, маму ўсе ведалі і паважалі за яе працу, пацыенты нават на вуліцы віталі і выказвалі словы ўдзячнасці.

Жанна Мікалаеўна пачынала працоўны шлях у Ружанах, набіралася вопыту ў 6-й паліклініцы горада Гродна. У 2015 годзе прыехала на Дзятлаўшчыну, а на момант выхаду з дэкрэтнага адпачынку сапраўды выбірала паміж дзвюма прапановамі працы і далучылася да калектыву райбальніцы.

– За гады толькі ўпэўнілася ў правільнасці такога рашэння, – дзеліцца спецыяліст. – У рабоце мне падабаюцца сам працэс, дакладнасць, але найбольш – прагрэс у лячэнні пацыентаў, калі мы па аналізах бачым, што было напачатку і як чалавек ідзе на папраўку, гэта вельмі радуе. У такія моманты разумеем, што працуем не дарма, прыносім карысць дактарам і пацыентам. Калегам і ўсім людзям жадаю дабрыні адзін да аднаго і цярпення. Ніколі не здавайцеся і заўсёды верце ў лепшае.

На перадавой клініка-дыягнастычнай лабараторыі – класны спецыяліст, прыгажуня і ў некаторай ступені практыкуючы псіхолаг, фельчар-лабарант Тамара Гуз. Яна ведае 100 і 1 спосаб угаварыць пацыентаў на аналіз крыві, падбадзёрыць пужлівых і пакінуць добрае ўражанне аб наведванні аддзялення.

– Працую тут з 1985 года, калі прыйшла ў калектыў лабараторыі пасля заканчэння Гродзенскага медвучылішча. За больш чым сорак гадоў работы з людзьмі навучылася іх “чытаць”, бачыць страхі і нівеліраваць сітуацыю. З дарослымі ў ход ідуць довады логікі, з дзецьмі – казкі і цікавыя гісторыі, якія я прыдумваю экспромтам. Дапамагаюць спецыяльныя прыстасаванні для забору крыві з пальца, якія прадаюцца ў нашай і іншых аптэках раёна. Яны не столькі знімаюць боль, колькі псіхалагічна ўраўнаважваюць пацыентаў.  

Гісторыі Тамары Паўлаўны дзеці пераказваюць адзін другому і заўсёды вітаюць у горадзе свайго любімага лабаранта. Жанчына шчыра любіць сваю работу і прадаўжае працаваць на радасць пацыентам. З нагоды Дня медыцынскага работніка яна жадае калегам і ўсім людзям у белых халатах моцнага здароўя і задавальнення ад кожнага новага дня.

Разам з калегай у далёкім 1985-м годзе ў Дзятлаўскую ЦРБ прыйшла працаваць фельчар-лабарант Лідзія Завертнева. Яна нарадзілася тут, на Дзятлаўшчыне, атрымала медыцынскую прафесію ў далёкай Разанскай вобласці Расіі, дзе працавала першыя дзесяць гадоў. Аднак сэрца заўсёды цягнулася на малую радзіму, куды і вярнулася. Жанчына помніць усе этапы станаўлення медыцыны ў раёне і рэарганізацыі самой лабараторыі.

– Былі часы, калі аналізы рабіла ў сённяшнім райЦГЭ і будынку цяперашняга аддзялення хуткай дапамогі. Калі трэба, ішлі з дому ў любую непагоду і час сутак. Цяпер усё зручна, утульна, усё на месцы.

Лідзія Уладзіміраўна любіць свой калектыў за тое, што тут пануе добразычлівая абстаноўка і ўзаемападтрымка: разам раяцца па цікавых выпадках, разам пастаянна вучацца і ўдасканальваюцца.

– Усяго найлепшага ў гэтым жыцці – здароўя, шчасця, любові, узаемаразумення ў сем’ях і працоўных калектывах, радасці ад кожнага дня.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины

Похожие публикации