Быць мамай – гэта шчасце, адказнасць і асаблівая місія, на якую адважыцца не кожная жанчына. Дзятлаўшчына багатая на шматдзетных матуляў, у сэрцы якіх хапае месца для вялікай сям’і. У іх ліку – жыхарка пасёлка Наваельня, сакратар прыёмнай кіраўніка ААТ “Дварэц-Агра”, шчаслівая мама дзевяцярых дзяцей, з 2007 года – уладальніца Ордэна маці Алеся Скіба. Напярэдадні Дня маці яна падзялілася з чытачамі газеты “Перамога” сваёй гісторыяй.
– Алеся Уладзіміраўна, раскажыце пра сям’ю, дзе вы нарадзіліся. Ці думалі раней, што некалі станеце шматдзетнай мамай?
– Шчыра кажучы, ніколі нават не ўяўляла. Я нарадзілася і жыла ў Магілёве, у нашай сям’і было трое дзяцей, я старэйшая. Помню, заўсёды даводзілася наглядваць за меншымі, для брата, малодшага на 14 гадоў, я заўсёды была за няньку. У Магілёве пазнаёмілася з будучым мужам, які вучыўся ў будаўнічым каледжы, стварыла сваю сям’ю, і праз некаторы час мы разам вярнуліся на яго радзіму, на Дзятлаўшчыну.
– Як гэта – выгадаваць столькі дзяцей?
– Лёгка не было ніколі. Мы пажаніліся без стартавага капіталу, нейкай падушкі бяспекі, усяго разам з мужам дасягалі самі, будавалі дом, падтрымлівалі адзін аднаго. Заўсёды стараліся забяспечыць дзяцей усім лепшым, у нечым “уціскаючы” сябе. Працавалі, не маглі шмат удзяліць увагі кожнаму, таму першымі нашымі памочнікамі станавіліся старэйшыя дзеці. Магчыма, па гэтай прычыне яны змаглі так шмат дасягнуць у жыцці, прывыклі быць адказнымі. І цяпер яны вельмі дружныя, адзін за аднаго ў любых сітуацыях. Мы з мужам радуемся за іх поспехі.

– Як часта вы на сувязі з дзецьмі?
– Па тэлефоне не размаўляем кожны дзень, няма такой звычкі. Аднак дзеці заўжды з намі, мы ведаем пра ўсё, што адбываецца ў іх жыцці. У месенджары ёсць наша група “Сям’я Скіба”, дзе кожны дзеліцца сваімі навінамі, думкамі, перажываннямі.
– Самае праблемнае для сучасных бацькоў – рабіць урокі з дзецьмі. Дзе вы знаходзілі на гэта час?
– Ніколі не сядзела з імі за ўрокамі, мне проста не было часу на гэта. Дзеці ўсё рабілі самастойна. Пры гэтым не здаралася такога, каб нехта з іх пайшоў у школу непадрыхтаваным. Так яны вучыліся самастойнасці, адказнасці за свае ўчынкі, матывацыі, што ўсім ім дапамагло ў жыцці. Аднак былі правілы, якія выконваліся ў любым узросце. Адно з іх – у 22 гадзіны быць дома. Гэта распаўсюджвалася на ўсіх, нават 20-гадовую дачку, якая некалі не магла зразумець гэта правіла, але з часам усё ўсвядоміла і ўдзячна за выхаванне.
– Хто гатуе ў сям’і і якія любімыя сямейныя стравы?
– Гатую заўсёды я сама, пастаянна і шмат. Часам дапамагае наша Караліна, якая робіць гэта з настойлівасцю і цярпеннем. Таксама добрая сямейная традыцыя, што ў нас заўжды ёсць разнастайнасць страў. З паўсядзённых сям’я больш за ўсё любіць смажаную бульбу з салёным селядцом, а са святочных – фаршыраваную гусь. Так, мабыць, павялося з таго часу, калі асабліва не было магчымасці нешта купіць, жылі з прысядзібнай гаспадаркі, трымалі шмат птушкі, многія “прысмакі” гадавалі самі. Люблю радаваць блізкіх пірагамі, якія часцей за ўсё пяку ў рускай печы. У мяне часам пытаюць іх рэцэпт, а яго няма, проста раблю ад душы. Мой рэцэпт: чым больш – тым лепш. Старэйшыя дзеці ўжо дарослыя, а я ніяк не магу адвыкнуць гатаваць у сямілітровых каструлях.
– У чым ваш сакрэт выхавання дзяцей?
– Любіць моцна і самааддана, а ў гэтым паняцці – усё астатняе. Па-першае, гэта смачна і разнастайна карміць, таму гатую для сям’і кожны дзень, па-другое, трымаць дом у чысціні. Я лічу, што чысціня ў думках і памкненнях роўная парадку ў доме, гэта ведае і падтрымлівае ўся сям’я. Па-трэцяе, размаўляць з дзецьмі. Як бы мы ні былі занятыя, стараемся ўвечары выдзяляць час і проста размаўляць на розныя тэмы. І, нарэшце, мы з дзяцінства вучылі сваіх дзяцей, што нічога ў жыцці не даецца лёгка, што цудаў без старанняў не бывае, а за кожным дасягненнем стаіць напружаная праца і правільна пастаўленыя мэты. Дзеці бачылі ўсе складанасці рэальнага жыцця і навучыліся па-сапраўднаму цаніць яго.
– Якая роля таты ў сям’і?
– Наш тата – здабытчык, наша апора, упэўненасць у тым, што ўсё будзе добра. Заўсёды стараюся падтрымліваць яго, аберагаць, натхняць на здзяйсненні, а ён у сваю чаргу дае мне сваю любоў і падтрымку, магчымасць адпачыць ад сямейных спраў. У яго ніколі няма пачуццяў напаказ, яго любоў унутры, яна ва ўчынках. Дзецям важна разумець гэта, як у песні “Тата вам не мама”, а мне – правільна данесці гэту ісціну да іх. Муж працуе ў Мінску ў будаўніцтве, а калі прыязджае дадому, усю сваю ўвагу і час аддае сям’і, малодшым дзецям.
– Шматдзетнай маме, якая вельмі любіць сваіх дзяцей, часам бывае няпроста не растварыцца ў іх, захаваць сябе. У вас гэта атрымалася?
– У свой час я таксама задавалася гэтым пытаннем і сама сабе на яго адказала “так”. Каля дзесяці гадоў таму я напісала верш, дзе былі такія радкі: “А дзе ж усё-такі я?”. Я па-сапраўднаму шчаслівая мама, падтрымка і сяброўка сваім дзецям, дагэтуль унутры мяне жыве тая дзёрзкая і цікаўная дзяўчынка, якая ўмее радавацца жыццю. І цяпер, калі дзеці ўжо падраслі, мне хочацца многае пабачыць, рэалізаваць, а сям’я мяне ў гэтым падтрымлівае.
– Што для вас значыць Дзень маці, ці ёсць ён у вашым сямейным календары і як праходзіць?
– Вядома, ёсць! Для мяне гэта заўжды дзень прыемных сюрпрызаў, калі дзеці тэлефануюць, прыязджаюць, прывозяць падарункі, дасылаюць відэалісты. Дзеці ведаюць, што маме ўсё цікава ў жыцці, і заўсёды стараюцца здзівіць.
Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, з сямейнага архіва Скібаў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае