Максімальна засвоіць школьны прадмет, каб атрымаць па ім жаданыя 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, удаецца не кожнаму вучню.

Тым не менш, сёлета на Дзятлаўшчыне ёсць 100-бальнікі, і сярод іх выпускнік сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Артур Анапрыенка з найвышэйшым вынікам па хіміі.

Як нашаму юнаму земляку ўдалося вывучыць гэты далёка не лёгкі прадмет “на ўсе 100”, цікавілася раённая газета.

– Артур, чым табе падабаецца хімія?

– Яшчэ ў трэцім класе я вырашыў, калі вырасту, абавязкова стану доктарам, а хімія і біялогія ўваходзяць у пералік дысцыплін, якія неабходна здаваць пры паступленні ў вышэйшую навучальную ўстанову на медыцынскую спецыяльнасць.

У старэйшых класах пры першым знаёмстве з прадметам я зразумеў, што ён не вельмі складаны, а настаўніца хіміі Наталля Васільеўна Мармыш дапамагла мне палюбіць гэту дысцыпліну і захапіцца ёю.

– Як ты рыхтаваўся да цэнтралізаванага тэсціравання?

Гэта была пераважна самападрыхтоўка, а калі ў мяне ўзнікалі спрэчныя пытанні па якіх-небудзь тэмах, звяртаўся з імі да сваіх настаўнікаў. Увогуле лічу, калі ёсць зацікаўленасць і схільнасць да прадметаў, то абавязкова будуць імкненне да ведаў і інтарэс пры падрыхтоўцы да іспытаў.

– Ці знаходзіў пры падрыхтоўцы час на адпачынак?

Безумоўна, я дазваляў сабе адпачываць па некалькі гадзін на дзень, хаця і стараўся грунтоўна падрыхтавацца да ўсіх трох дысцыплін, па якіх здаваў цэнтралізаванае тэсціраванне, а гэта – хімія, біялогія, беларуская мова. Большасць часу трэніраваўся: не проста “зубрыў”, а замацоўваў атрыманыя раней веды, выконваючы заданні і тэсты мінулых гадоў. Калі стамляўся, выходзіў пагуляць на вуліцу з братам ці сустракаўся з сябрамі.

Як вынік, “зарабіў” вышэйшы бал на тэсціраванні па хіміі і крыху не “дацягнуў” да запаветнай сотні на іспыце па біялогіі, за які набраў 98 балаў.

– У якую навучальную ўстанову збіраешся падаваць дакументы?

– Я выбраў сталічны Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, спецыяльнасць “лячэбная справа”. Спачатку там вывучаюць асноўныя дысцыпліны, а на старэйшых курсах кожны вызначае для сябе кірунак далейшай спецыялізацыі. Вядома, выбар у многім будзе залежаць ад паспяховасці ў вучобе, але вельмі спадзяюся, што змагу пайсці на кардыяхірурга ці акуліста-хірурга.

– Якія ўвогуле планы на жыццё?

– У бліжэйшай перспектыве збіраюся атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. У больш аддаленай – стаць прафесійным доктарам, дапамагаць людзям, атрымліваць дастойную зарплату, пабудаваць дом, займець дачу і машыну.

– Чаго пажадеш будучым выпускнікам?

– Цярпення і ўдачы ў вучобе, поспехаў у самаразвіцці, не хвалявацца на школьных экзаменах, не баяцца цэнтралізаванага тэсціравання і прыкласці максімум старанняў, каб парадавацца атрыманым вынікам.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации