У чым ён заключаецца і чаму так захацелася распавесці свету пра гэтага незвычайнага чалавека? На першую частку пытання буду адказваць паступова, а вось на другую адкажу не задумваючыся – была ашаломленая. Так, так, ашаломленая, уражаная да глыбіні душы. Маштабам работ, іх тэматыкай і жанрамі, эмоцыямі, якія перажыла, наведаўшы выставу майстра ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Працы захопліваюць цябе ў палон з першага імгнення. Стаіш і маўчыш, словы нібы зніклі, гаворыць толькі душа. Размаўляе з сапраўдным творцам праз палотны, колеры, гармонію.

Дзяцінства
Яно закладвае асновы асобы, адносіны да жыцця і людзей, да сябе самога, дае штуршок у будучыню, накіроўвае. Дзяцінства і юнацтва Васіля Міхайлавіча прайшлі ў Дзятлаўскай школе-інтэрнаце. І ўспамінае мастак тыя гады са шчымлівым пачуццём велізарнай удзячнасці выхавальнікам і настаўнікам, якія любілі свавольнага хлапчука. Але асаблівую цеплыню і пяшчоту адчувае да Лідзіі Нічыпар. Менавіта яна заўважыла здольнага хлапчука, натхніла, аддала ўсё, чым валодала, каб ён маляваў, развіваўся, удзельнічаў у конкурсах і перамагаў. Тады творчасць і захапіла будучага майстра ў палон: ён мог гадзінамі, схаваўшыся ад усіх у класе, маляваць, не заўважаючы часу, па памяці, па вобразах, якія ўзнікалі перад вачыма.

Шлях да сябе
Пачаўся той шлях незвычайна, нават, можна сказаць, містычна. Пасля 8 класа Васіль вырашае паступаць у Мінск, у спецыяльную мастацкую школу. Упартага і рашучага хлопца не спыняюць невядомасць, безграшоўе, цяжкасці новага, самастойнага жыцця.
Даехаў да Мінска паспяхова, на працягу месяца здаваў экзамены. Было цяжка: грошай няма, знаёмых няма. Але тут ён успомніў пра сваю настаўніцу са школы-інтэрната – Соф’ю Мацюшонак, якая пераехала з мужам у Мінск і на ўсялякі выпадак пакінула хлопцу адрас, запрасіла прыходзіць у госці. Яна і выратавала: карміла, давала грошы, падтрымлівала маральна.

Экзамены Васіль здаў, але патрэбнага бала не набраў. Знерваваўся, вядома, аднак першая няўдача не спыніла. І паехаў хлопец у Луганск, бо там знаходзілася мастацкае вучылішча. Напачатку ўладкаваўся на абутковае прадпрыемства. Працаваў з раніцы да трох гадзін дня (яму было тады 15 гадоў), а пасля ішоў у мастацкае вучылішча. Маляваў, глядзеў, як гэта робяць іншыя, прыкмячаў дэталі, стараўся паглыбіцца ў асаблівасці манеры падачы матэрыялу будучых мастакоў.
Калі прыйшоў час залічэння на курс, яго выклікаў дырэктар вучылішча і сказаў, што па выніках выпрабаванняў ён праходзіць, але столькі ж балаў набрала і дзяўчына, у якой падчас экзаменаў памерла маці. Васіль, нядоўга думаючы, адказаў: “Добра, прыйду на наступны год”. Аднак быў залічаны вольным слухачом, мог наведваць заняткі па сваім меркаванні. Праз год паступіў з трыумфам, па выніках экзаменаў ішоў у спісе першым нумарам.

Сёння за плячыма Васіля Міхайлавіча Маскоўскі дзяржаўны мастацкі інстытут імя У. І. Сурыкава, які, як і вучылішча, ён скончыў з адзнакай. Васіль Бортнік з’яўляецца членам Саюза мастакоў Расіі, Маскоўскага Саюза мастакоў, лаўрэатам шматлікіх мастацкіх конкурсаў. Ён знайшоў сябе, адбыўся як майстар, майстар з вялікай літары.
Творчасць
У Васіля Міхайлавіча творчасць – гэта парыў, экспрэсія, уражанне, натхненне. Ён можа напісаць вялікае палатно за некалькі гадзін, не адрываючыся ад работы. І праца будзе гаварыць з вамі душой мастака.

Працэс стварэння работ – гэта і радасць, і пакуты, і сумневы, і гонар за самога сябе. Ён піша тое, што падабаецца. І вось просты прыклад: аднойчы ў маі нявестка прывезла вялікі букет бэзу, і, пакуль жанчыны займаліся абедам, Васіль Міхайлавіч, паставіўшы кветкі ў вазу, схаваўся ад усіх у майстэрні. Праз тры гадзіны работа памерам 110 на 170 была гатова. Што гэта, калі не парыў душы?
Васілю Міхайлавічу падуладныя розныя жанры і стылі. За сваё доўгае творчае жыццё мастак стварыў сотні палотнаў. Гэта і пейзажы, і нацюрморты, і партрэты, і жанравы жывапіс. Яго палотны раз’ехаліся па ўсім свеце і цешаць людзей у Польшчы і Германіі, Англіі і Галандыі, ЗША і Канадзе.

Роздум каля палотнаў
На персанальную выставу, якая адбылася ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ў верасні-кастрычніку 2025 года, Васіль Міхайлавіч прывёз 40 работ. У гэтым годзе мастак адзначыў асабісты юбілей: прайшло 50 гадоў з дня заканчэння ім Дзятлаўскай школы-інтэрната. Паглядзелі выставу, без перабольшвання, сотні дзятлаўчан і гасцей горада. Паглядзела і я. Спакойна, без мітусні, без сведкаў – адна. Доўга ўзіралася ў твары персанажаў, любавалася пейзажамі і нацюрмортамі, многія з якіх нагадваюць палотны галандцаў XVII стагоддзя. Была захоплена дасканаласцю ліній, палітрай фарбаў, нейкай няўлоўнай рамантыкай – ёй дыхала ўся прастора.

Прызнанне шчаслівага чалавека
Менавіта шчаслівага, які дабіўся ўсяго ў жыцці працай і мэтанакіраванасцю. А жыццё не падвяло, узнагародзіла шчодра каханнем, шчырым сяброўствам, шчаслівай сям’ёй.

Праз усе нягоды і выпрабаванні прайшла поруч з Васілём Міхайлавічам жонка Наталля, таксама мастак, першы крытык яго прац, яго студэнцкае каханне. Разам дабіваліся матэрыяльнага дабрабыту, гадавалі двух сыноў, пераадольвалі нягоды і страты.
Ёсць у майстра і мара. Васіль Міхайлавіч вельмі любіць малую радзіму, Дзятлаўшчына стала для яго месцам сілы, месцам, дзе яму лёгка і добра, дзе жыве яго сэрца. І ён марыць зрабіць нешта вялікае і важнае для гэтай зямлі, хоча напісаць працу, якая раскажа пра выпрабаванні беларускага народа і яго сілу духу, што жыве ў кожным з нас.

– Я шчаслівы чалавек, – кажа Васіль Міхайлавіч. – Мне ўсё жыццё шанцавала з людзьмі, якія падтрымлівалі, дапамагалі словам і матэрыяльна. Я ўсяго дабіўся ў жыцці працай, сваёй творчасцю, у мяне цудоўная жонка, добрыя, разумныя дзеці. Жыву, каб тварыць, несці людзям святло. Я на баку дабра – і гэта галоўнае.
Напэўна, артыкул будзе няпоўным, калі не выкажу сваё асабістае меркаванне пра мастака і чалавека Васіля Бортніка. Што мяне ў ім уразіла, дык гэта прастата ў зносінах, нейкая лёгкасць, даступнасць. Ніякай ганарлівасці, перавагі над суразмоўцам. Адкрыты, шчыры, ветлівы. Ад чалавека зыходзяць душэўная цеплыня, інтэлігентнасць, сапраўдная ветлівасць джэнтльмена. Хочацца слухаць і слухаць яго аповед, у якім памяць ва ўсіх падрабязнасцях, да імён і прозвішчаў многіх і многіх, хто быў так важны Васілю Бортніку на яго жыццёвым шляху. Мастак пранёс удзячнасць ім праз усё жыццё. У гэтым, мусіць, і заключаецца феномен майстра і чалавека.

Дзятлаўшчына і дзятлаўчане ганарацца сваім знакамітым земляком, таму і вырашана было ўнесці яго імя у Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна. Спадзяёмся, што новая выстава, прывезеная мастаком у Дзятлаўскі музей, стане запамінальнай культурнай падзеяй для ўсіх нас.

Алена АБРАМЧЫК,
краязнаўца
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае