На Дзятлаўшчыне першымі прыйшлі да фінішу жніўнай гонкі хлебаробы КСУП “Хвінявічы”. З гэтай нагоды галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Кугейка ўручыў снапок з калосся новага ўраджаю Святлане Скрундзь, загадчыцы вытворчага ўчастка № 2, на якім быў зжаты сёлета апошні каласок.




– 14 жніўня наша гаспадарка завяршыла ўборку зерневых каласавых. Намалацілі 3800 тон зерня з плошчы 1093 гектары, – расказаў Аляксандр Віктаравіч. – Сплюсавалі да ўзроўню мінулага года 650 тон (120 %). Найбольшы ўраджай атрымалі на такіх культурах, як яравы ячмень (47,7 ц/га), яравая пшаніца (41 ц/га). Таксама парадаваў азімы рапс – убралі 200 гектараў, намалацілі 762 тоны пры ўраджайнасці 38,1 ц/га, што намнога больш, чым у мінулым годзе. Але расслабляцца яшчэ рана, бо чакае вялікая пасяўная кампанія – ужо заўтра пачынаем сяўбу азімага рапсу. Наперадзе – уборка бульбы, цукровых буракоў, кукурузы на зерне і корм.

Сёлета на палях гаспадаркі шчыравалі чатыры камбайны. Механізатары стараліся, не шкадуючы сіл і часу, бо работу сваю паважаюць і разумеюць яе важнасць.






Ужо амаль дваццаць гадоў працуе камбайнерам Іван Ташлыкоў, сёлета ён намалаціў 1400 тон зерня.

– Я люблю хлеб убіраць, у гэтым годзе добра папрацавалі, ураджай і намалот радуе. Але ў любым выпадку, які б ураджай ні быў, яго трэба ўбіраць і рабіць гэта таксама старанна, – гаворыць мужчына.

Андрэй Лопараў і Іван Храноўскі намалацілі ў гэтым сезоне 900 тон, запэўнілі, што ў наступным годзе пастараюцца выйсці як мінімум на тысячу.

Крыху не дацягнуў да тысячы экіпаж Арцёма Барысевіча і Дзмітрыя Шаламанава – 937 тон. Таксама ёсць стымул у будучым дайсці да круглай лічбы. Камбайнеры гавораць, што хоць і прытаміліся за час жніва, бо тэмп неабходна трымаць высокі, але сілы ёсць працаваць далей – работы ў сельскай гаспадарцы да самай позняй восені хапае.

У жніўнай скарбонцы Анатоля Марука (дарэчы, ён з’яўляецца чалавекам года Гродзеншчыны) і Мікалая Жынко – 1300 тон зерня.

– Мы задаволеныя, што своечасова скончылі жніво, ды першымі ў раёне. Хлебаробам з іншых гаспадарак, якія яшчэ шчыруюць на палях, жадаем плённай працы і высокіх намалотаў! – пажадалі аграрыі.


Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае