Categories: Падзеі

Жанчына з нераўнадушным поглядам

Педагог з вялікай літары, клапатлівая жонка і матуля, грамадская актывістка — усё гэта пра Ганну Мікшут.
У наступным годзе будзе 40 гадоў, як Ганна Іванаўна ступіла на педагагічную ніву, прайшла незвычайны і шматгранны педагагічны шлях. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі жанчына некалькі гадоў выкладала рускую мову і літаратуру ў адной са школ Шчучынскага раёна, а пасля вярнулася працаваць на радзіму, у  Азяранскую школу нашага раёна. Пастаянна ўдзельнічала ў песеннай і тэатральнай самадзейнасці, дзякуючы якой нават сустрэла будучага мужа:

— Мы, маладыя настаўніцы, спявалі ў школьным хоры, удзельнічалі ў канцэртах па ўсім раёне, а муж быў вадзіцелем аўтобуса, вазіў нас, так і пазнаёміліся.

У Дварэц Мікшуты пераехалі ўжо сям’ёй, тут пасля выхаду з дэкрэта Ганна Іванаўна пятнаццаць гадоў загадвала дзіцячым садком. А калі ў Дварэцкай школе патрабаваўся дырэктар, ёй прапанавалі заняць гэту пасаду. Пасля сур’ёзнага роздуму жанчына пагадзілася, восем гадоў прысвяціла дырэктарскай працы.
Па выхадзе на заслужаны адпачынак настаўніца не развіталася са сваёй шолай – і сёння яна выкладае тут рускую мову і літаратуру, вядзе факультатывы, карыстаецца заслужанай любоўю ў вучняў і павагай у калегаў па працы. Як прызнаецца Ганна Іванаўна, работа настаўніка-філолага з усіх іншых ёй найбольш даспадобы. З жалем адначае яна, што прафесія педагога з гадамі страчвае сваё некалі высокае месца ў грамадстве: усё менш выпускнікоў жадаюць звязаць сваю будучыню з педагагічнай справай. Па словах Ганны Мікшут, перамены закранулі сістэму адукацыі, аднак не змянілі яе сутнасці – даваць грунтоўныя веды вучням, развіваць іх усебакова:

— На мой погляд, галоўная задача настаўніка – не аддаць вучням усе свае веды, а зацікавіць іх так, каб яны захацелі самі падрабязней вывучыць тэму.

Па размове з заслужаным педагогам не складана ўявіць, якой жанчына была ў маладосці – улюбёнай у сваю працу, вясёлай, актыўнай і заўжды нераўнадушнай да людзей. Няўмольны час адлічыў ужо дзясяткі гадоў, а гэта іскра, якая разгарэлася аднойчы, дагэтуль асвятляе жаночае жыццё ва ўсіх яго справах. Сёння Ганна Мікшут кіруе работай Дварэцкай пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” – адной з самых актыўных і дзейсных у нашым раёне.

— Грамадская актыўнасць пачалася для мяне з добрага прыкладу, – расказвае Ганна Іванаўна, – Я пачынала працаваць у дзіцячым садку (ён на той час быў у ведамстве сельскага савета) акурат тады, калі старшынёй сельвыканкама была Вера Сямёнаўна Сёмуха. Яе пастаянныя турботы за сваіх землякоў, клопат і добрыя справы для людзей уражвалі і захаплялі. Калі ў 90-я гады ўтвараўся тады жансавет, Вера Сямёнаўна прапанавала мне ўзначаліць гэтае аб’яднанне.

З тых часоў жанчыны робяць агульную добрую справу – дапамагаюць тым, хто побач. Працуюць натхнёна, з душой, з песняй – разам з зямлячкамі ўдзельнічаюць аб’яднанні ветэранаў працы “У коле сяброў”, якое працуе пры мясцовым Цэнтры культуры.

Мабыць, не знойдзецца справы, якая не па плячы дварэцкім жанчынам – разам шануюць заслужаных работнікаў аграгарадка, выхоўваюць моладзь на прыкладах славутых землякоў, укараняюць здаровы лад жыцця, сочаць за грамадскім парадкам і дабрабытам свайго мястэчка, стараюцца справай дапамагчы сем’ям, якім гэта патрэбна. Цікаўлюся ў суразмоўцы, чаму ў шэрагах дварэцкіх актывістаў большасць – жанчыны.

— Таму што менавіта жанчыны – жонкі, маці, бабулі – валодаюць нераўнадушным поглядам на жыццё, не перастаюць хвалявацца за людзей.

Як прызнаецца Ганна Мікшут, яна ўжо даўно ўспрымае аграгарадок як сваю другую радзіму, заўважае, што маляўнічая прырода і адметнасці Дварца будуць цікавыя беларускім і нават замежным турыстам.

Слухаю расповед Ганны Іванаўны пра любімую справу, родную зямлю і цудоўных мясцовых жыхароў, задаю пытанні і быццам упітваю яе неабсяжную любоў да ўсяго навокал: з’яўляецца жаданне пешшу прайсціся па вуліцах аграгарадка, пазнаёміцца з людзьмі, падзівіцца на архітэктуру і прыроду. Ужо па заканчэнні размовы, праводзячы мяне да дзвярэй, жанчына спыняецца, быццам згадвае нешта важнае:

— Ведаеце, мне яшчэ даўней матуля казала: ты, дачушка, шчаслівая, бо па жыцці сустракаеш добрых людзей. Кожны дзень пераконваюся, што гэта сапраўды так.

Н. АВЯРЧУК
Фота аўтара

administrator

Share
Published by
administrator

Recent Posts

Як дружна пырснулі сады…

Як дружна пырснулі сады,Закалыхаліся пад ветрам.Ляціць над светам пах такі,Што аж звініць вакол паветра.І з…

2 часа ago

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна!

Дарагія ветэраны вайны і працы! (далее…)

4 часа ago

Святлана Лагута: “Здаровы сэнс перамог”

7 мая Міжнародны алімпійскі камітэт зняў усе абмежаванні з беларускіх спартсменаў, такім чынам адкрыўшы ім…

18 часов ago

Футбольныя мячы – да Дня Перамогі

Напярэдадні 9 Мая ў рамках мерапрыемстваў у падтрымку дзіцяча-юнацкага футбола ў Рэспубліцы Беларусь Дзятлаўшчыну наведаў…

18 часов ago

“Перамога: погляд праз 81 год. Спадчына, памяць, выбар маладых”

Дыялогавая пляцоўка пад такой назвай  прайшла ў гімназіі № 1 горада Дзятлава. Пагаварылі пра тое,…

18 часов ago

Гістарычная памяць – аснова працвітання грамадства

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага…

19 часов ago