II З’езд вучоных Беларусі адкрыўся ў Мінску.

У форуме, які праходзіць 12-13 снежня, прымаюць удзел 2,6 тыс. чалавек, у тым ліку замежныя госці. Прыехалі дэлегаты з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама вядомыя вучоныя Саюзнай дзяржавы, СНД, вядучых замежных акадэмій навук, сусветных навукова-даследчых арганізацый і цэнтраў.

У першы дзень работы з’езда дэлегаты і запрошаныя будуць працаваць па дзевяці секцыях, прысвечаных асноўным напрамкам развіцця навукі і міжнароднаму супрацоўніцтву. Прадугледжана арганізацыя маладзёжнай секцыі. Работа секцый будзе праходзіць у арганізацыях НАН Беларусі, а таксама ў арганізацыях іншых міністэрстваў і ведамстваў. На з’ездзе будуць працаваць секцыі: “Фізіка і інфарматыка ў тэхналогіях будучыні” (месца правядзення – Інстытут фізікі НАН), “Тэхнічныя навукі – Індустрыя 4.0” (БНТУ), “Сучасная хімія і рацыянальнае прыродакарыстанне” (БДУ), “Сучасныя біятэхналогіі” (Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН); “Медыцынскія і фармацэўтычныя навукі” (Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі), “Айчынная гуманітарыстыка – грамадству” (Прэзідыум НАН Беларусі); “Інавацыйны аграпрамысловы комплекс” (НПЦ НАН па механізацыі сельскай гаспадаркі); “Моладзь і новыя гарызонты навукі” (Ліцэй БДУ), “Міжнароднае навуковае ўзаемадзеянне на сучасным этапе” (Прэзідыум НАН Беларусі). У час работы апошняй секцыі адбудзецца пасяджэнне Савета Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН) і пасяджэнне Кансультатыўнага савета па пытаннях аховы інтэлектуальнай уласнасці і перадачы тэхналогій пры МААН. На кожнай з дзевяці секцый арганізавана тэматычная выстаўка.

Пленарнае пасяджэнне пройдзе 13 снежня. На месцы яго правядзення адкрыецца абагульненая міжведамасная выстаўка. НАН Беларусі і Беларуская гандлёва-прамысловая палата прыменяць новую канцэпцыю выставачнай дзейнасці. Выстаўка пройдзе пад лозунгам “Беларусь інтэлектуальная” і будзе складацца з васьмі кластараў, звязаных з прыярытэтамі развіцця краіны: Беларусь як IT-краіна і тэхналогіі штучнага інтэлекту, электратранспарт, электроніка, нанаіндустрыя і адытыўная вытворчасць, касмічныя тэхналогіі, беспілотныя рабатызаваныя тэхналогіі, біятэхналогіі і фармацэўтыка, прамысловыя тэхналогіі і новыя матэрыялы. Будзе прадстаўлены беларускі персанальны суперкамп’ютар, электрамабіль, электравеласіпед і іх кампаненты, беспілотнікі, сонечныя элементы, разумныя ніткі для лёгкай прамысловасці, прадэманстраваны магчымасці 3D-друку з розных матэрыялаў, паказаны вынікі работы Беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і спадарожніка сувязі “Белінтэрсат-1”.

У час з’езда будзе прэзентавана ўнікальнае выданне – кніга “Вучоныя, якія праславілі Беларусь”. У ёй расказваецца пра больш як 150 выдатных дзеячаў беларускай навукі. Кніга была падрыхтавана і выдадзена ў Год навукі.

Ключавы дакумент, які вынесены на II З’езд вучоных Беларусі, – праект стратэгіі “Навука і тэхналогіі: 2018-2040”. Цяпер гэты праект праходзіць грамадскае абмеркаванне. У стратэгіі вызначаны прыярытэты доўгатэрміновага развіцця навукі і тэхналогій, а таксама комплекс інструментаў удасканалення навукова-тэхнічнай сферы, якія забяспечаць новую якасць эканамічнага росту Беларусі і выхад у перспектыве на сусветны ўзровень па шэрагу напрамкаў. Стратэгія распрацавана вучонымі НАН Беларусі з улікам заўваг і прапаноў, што паступілі ад органаў дзяржкіравання, рабочых груп і асобных вучоных. Мяркуецца, што дзякуючы рэалізацыі стратэгіі да 2040 года навукаёмістасць ВУП павінна скласці 3 працэнты, доля прарыўных навуковых даследаванняў і распрацовак – 30 працэнтаў у агульным аб’ёме, доля высокатэхналагічных сектараў у структуры эканомікі – 10 працэнтаў. У агульным аб’ёме вытворчасці прампрадпрыемстваў 25 працэнтаў будзе займаць інавацыйная прадукцыя.

Правядзенне з’езда стане падагульняючым мерапрыемствам Года навукі. На з’ездзе будуць вызначаны асноўныя і найбольш актуальныя задачы і напрамкі развіцця навуковай сферы, якія маюць доўгатэрміновы характар, у тым ліку пашырэнне міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і інтэграцыя айчыннай навукі ў сусветную навуковую прастору, выпрацаваны канцэпцыя доўгатэрміновай навукова-інавацыйнай бяспекі краіны і генеральная стратэгія развіцця і павышэння ролі айчыннай навукі ў эканоміцы, яе ўзаемадзеяння з рэальным сектарам, фарміравання эфектыўнай нацыянальнай інавацыйнай сістэмы і паступальнай рэалізацыі мадэлі эканомікі ведаў у Беларусі.

 

 

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации