У гаспадарцы стала добрай традыцыяй спраўляць “Зажынкі” на пачатку такой важнай сельскагаспадарчай падзеі, як жніво.

Гранітаўцы першыя ў раёне выпраўляюцца на абмалот палеткаў з азімым ячменем, а затым надыдзе чарга і астатніх сельскагаспадарчых культур.

На мехдвары ў Круцілавічах адбыўся своеасаблівы “парад” збожжаўборачнай тэхнікі. На лінейку гатоўнасці выстраіліся і  камбайнавыя экіпажы, і вадзіцелі, якія будуць адвозіць намалочаны ўраджай, і  іх тэхніка.

На жніве-2020 будуць працаваць 12 камбайнавых экіпажаў, у склад якіх ўвайшлі вопытныя камбайнеры, неаднаразовыя пераможцы працоўнага спаборніцтва. Сярод іх камбайнавыя экіпажы ў складзе Уладзіміра і Андрэя Гукішаў, Уладзіміра і Івана Чарняўскіх, Сяргея і Дзмітрыя Жыхоў.

На пачатку свята да прысутных звярнуўся кіраўнік ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур. Ён выказаў упэўненасць, што жніўная пара пройдзе плённа, гаспадарка будзе з добрым набыткам, а кожны на сваім працоўным месцы паспрыяе добрым вынікам. Станіслаў Станіслававіч пажадаў хлебаробам найперш здароўя, удачы, высокіх намалотаў і, вядома ж, добрага надвор’я. Блізкім і родным хлебаробаў кіраўнік гаспадаркі  выказаў пажаданне быць цярплівымі, падтрымліваць у нялёгкай хлебаробскай справе.

Як падзяку за добрыя пажаданні, дырэктару ААТ “Граніт-Агра” быў уручаны першы зажыначны сноп. Як паведамілі вядучыя свята, яго склалі з каласоў розных палёў і атрымаўся ён прыгожым і важкім. Гэты першы сноп перадаў дырэктару ААТ лепшы камбайнавы экіпаж Гукішаў, Уладзімір і яго сын Андрэй штогод  па намалотах у тысячніках. Ёсць упэўненасць, што і сёлета гранітаўцы будуць з добрымі намалотамі.

Варта зазначыць, што па папярэдніх “прагнозах” на палетках спее добры ўраджай. Нездарма ж ААТ “Граніт-Агра” стаў пераможцам нядаўняга агляду пасеваў сельскагаспадарчых культур. Сёлета гаспадарцы належыць убіраць збожжавыя на плошчы звыш трох тысяч гектараў.

Павіншавала ўдзельнікаў жніва з пачаткам жніўнай працы  кіраўнік спраў Данілавіцкага сельвыканкама Галіна Дворык.

Да яе віншаванняў далучыліся галоўныя спецыялісты сельгаспрадпрыемства  Андрэй Падліпскі і Алена Майсейчык. Яны пажадалі ўдзельнікам жніва якаснай працы, моцнага здароўя, каб не падводзіла тэхніка і надвор’е.

Па добрай  традыцыі да свята «Зажынак» былі выпечаны і вялікія караваі, і каравайчыкі-кексы. Імі надзялілі ўсіх прысутных на свяце з зычаннем: “У добры шлях!”

Добрай, шчырай працы і Божай дапамогі зычылі працаўнікам святары – настаяцель прыхода храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Наваельня протаіерэй Валерый  Мануйла і  настаяцель храма Прасвятога Сэрца Госпада Ісуса ксёндз-магістр Алег Жураўскі. Яны благаславілі хлебаробаў, уручылі іконкі, асвяцілі збожжаўборачныя камбайны і іншую сельскагаспадарчую тэхніку.

Працаўнікі Данілавіцкага дома культуры парупіліся, каб настрой у хлебаробаў быў добры. Музычныя віншаванні падрыхтавалі прысутным на ўрачыстасці самадзейныя артысты. Паспявалі вясёлыя песні Алеся Адамчык, Карына Хоміч, Яўгенія і Іна Анушкевічы.

Жніўная пара ў ААТ “Граніт-Агра” распачата.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Водные игры небезопасны
Прыём грамадзян

Прыём грамадзян

10 июля, 2026
Дэпутацкія клопаты. Андрэй Жамойда правёў прыём грамадзян у Дзятлаве

Похожие публикации