Выбраўшы прафесію афіцэра, малады чалавек авалодае прэстыжнай і запатрабаванай спецыяльнасцю, якая дазволіць з упэўненасцю глядзець у будучыню.
Менавіта такую магчымасць прадастаўляе Ваенная акадэмія, якая з’яўляецца галоўным носьбітам традыцый ваеннай адукацыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Асноўнымі структурнымі падраздзяленнямі акадэміі з’яўляюцца дзесяць факультэтаў, сем з якіх прымаюць абітурыентаў-школьнікаў. Да іх адносяцца: агульнавайсковы, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, ваеннай разведкі, авіяцыйны, унутраных войскаў, ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення.
Навучанне ў Ваеннай акадэміі ажыццяўляецца толькі па дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Падчас навучання курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні. На сёння стыпендыя курсанта складае ад 369 да 450 беларускіх рублёў у залежнасці ад курсу навучання, дадаткова выплачваецца штогадовая матэрыяльная дапамога ад 607 рублёў.
У час навучання курсанты дадаткова праходзяць праграму падрыхтоўкі вадзіцеля катэгорыі “С” з наступным атрыманнем вадзіцельскіх пасведчанняў на кіраванне транспартным сродкам.
Курсанты 1-га і 2-га курсаў размяшчаюцца ў казармах, старшакурснікі (3-4 курсы) – у добраўпарадкаваных інтэрнатах.
Пасля атрымання вышэйшай адукацыі ўсім выпускнікам гарантуецца працаўладкаванне, годная аплата працы, магчымасці для прафесійнага і кар’ернага росту, сацыяльныя гарантыі.
Абітурыентам
Для паступлення ў Ваенную акадэмію абітурыентам неабходна да 1 красавіка года паступлення звярнуцца ў ваенны камісарыят раёна (горада) па месцы жыхарства і прайсці адбор, які ўключае ў сябе: стан здароўя, узровень фізічнай падрыхтоўкі, прафесійна-псіхалагічную прыдатнасць.
Уступныя іспыты праводзяцца ў форме цэнтралізаванага тэсціравання па рускай (беларускай) мове, матэматыцы, для тых, хто паступае на спецыяльнасці “Ідэалагічная работа ў падраздзяленнях Узброеных Сіл”, “Практычная псіхалогія ў вайсковай справе”, “Кіраванне падраздзяленнямі ўнутраных войскаў” – па гісторыі Беларусі; для тых, хто паступае на астатнія спецыяльнасці – па фізіцы.
Залічэнне абітурыентаў у Ваенную акадэмію праводзіцца на аснове агульнай сумы балаў, указаных у сертыфікатах цэнтралізаванага тэсціравання, праведзенага ў Рэспубліцы Беларусь у год прыёму або ў годзе, папярэднім году прыёму, па прадметах уступных выпрабаванняў і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.
У Ваеннай акадэміі функцыянуюць падрыхтоўчыя курсы па рэалізацыі адукацыйных праграм падрыхтоўкі асоб да паступлення ва ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь. Працягласць навучання – 8 і 4 месяцы, 2,5 тыдня.
Адрас Ваеннай акадэміі: 220057, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 220.
Тэлефон прыёмнай камісіі: (8 017) 287 49 22.
Web-сайт: varb.mil.by – афіцыйны сайт Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Андрэй ЛАПУХОЎ,
ад’юнкт кафедры тактыкі і ўзбраення вайсковай супрацьпаветранай абароны Ваеннай акадэміі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup