У суботу, 27 верасня, на Дзятлаўшчыне дадзены старт сезоннаму гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй. Першы восеньскі кірмаш прайшоў на цэнтральным рынку па вуліцы Слонімскай у райцэнтры.





Сваю прадукцыю на продаж прывезлі гаспадаркі раёна ААТ “Граніт-Агра”, “Дварэц-Агра”, філіял “АграМілк”, КСУП “Хвінявічы”, “Войневічы”, “Жукоўшчына”. З іх машын можна было набыць зерне, бульбу, агародніну. Цэны ў сельгаспрадпрыемстваў былі прымальныя: жыта – 41 капейка, авёс – 40, пшаніца – 55, ячмень і кукуруза – 50, трыцікале – 47, гарох і грэчка – 70, ільнонасенне – 1,5 рубля, бульба гатунка “скарб”– 70-80 капеек. “Другі хлеб” карыстаўся попытам у пакупнікоў, бралі адразу па некалькі мяхоў. Ахвотна дзятлаўчане набывалі і агародніну: цыбулю можна было знайсці ад 98 капеек, буракі – ад 80, капусту – ад 54, моркву – па рублю, перац – па 3 рублі. Вялікі ажыятаж быў на яблыкі, іх прывезлі гаспадары ўласных сядзібаў, каштавалі яны па 4 рублі за кілаграм.













Мясную прадукцыю рэалізоўваў ААТ “Стаўбцоўскі мясакамбінат”, малочную – Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”.



Адразу на дзвюх кропках гандлявалі жывой рыбай. Рыбгас “Лактышы” з Брэстчыны прапаноўваў карпаў па 8,11 і 5,69 рубля за кілаграм, кансервы з алеем – 4,85, з соусам – 4,64 рубля. На другім латку амур, карп, таўсталобік каштавалі 8 рублёў за кілаграм. Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў прывёз камбікорм для свіней па 25 рублёў 80 капеек за мех і для курэй – па 34 рублі 80 капеек.








Прадавалі на восеньскім кірмашы мёд, журавіны, часнок, каб перад халадамі людзі запасаліся вітамінамі.







Значнай аказалася пакупка для ўласнага саду ў Валянціны і Веранікі Ерамейчыкаў з вёскі Дзянісава, якія падзяліліся ўражаннямі ад наведвання кірмаша:

– Ехалі ў Дзятлава мэтанакіравана, па саджанцы, якіх усяго ўзялі сем: па дзве яблынькі і грушы, а таксама белыя, чырвоныя, чорныя парэчкі. Падрастаюць унукі, таму хочацца, каб яны елі вітаміны са свайго саду. Кірмаш спадабаўся, на ім усяго было шмат, нават прадавалася жывая рыба і яблыкі. Яблык таксама крыху набылі, бо свае дрэўцы яшчэ маладыя. Грошы патрацілі, настрой цудоўны, цяпер можна і дахаты ехаць.





Дбайныя гаспадары не праходзілі міма саджанцаў пладовых дрэўцаў, кустоў, ягад.


На першым сезонным кірмашы ў Дзятлаве найбольшым попытам карысталіся агародніна і бульба, магчыма, не ўсе пакупнікі паспелі набыць іх на зіму ў патрэбных аб’ёмах, аднак гэта не бяда: арганізатары ўлічаць попыт, і ў наступны раз патрэбных тавараў будзе больш. Нагадаем, што 4 кастрычніка такія ж кірмашы пройдуць у гарадскіх пасёлках Наваельня і Казлоўшчына, аграгарадку Гезгалы, а 18 кастрычніка Дзятлава зноў запрашае па сезонную прадукцыю на цэнтральны рынак па вуліцы Слонімскай.

Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
нашелучшее #нашалепшае