На чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое адбылося сёння, 27 кастрычніка, былі заслуханы вынікі рэалізацыі ў Дзятлаўскім раёне Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі”, абмеркавана арганізацыя харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі, а таксама прыняты рашэнні райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў аб утварэнні выбарчых акругаў па выбарах дэпутатаў Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання.

Пуставаць не дадзім

У рэестр пустуючых у 2023 годзе ўключаны 214 дамоў. Больш за ўсё ў Войневіцкім сельсавеце (32 дамы), найменш – у райцэнтры (6 дамоў).

У суд Дзятлаўскага раёна пададзена 40 заяваў аб прызнанні жылых дамоў безгаспадарнымі, 11 – аб прызнанні жылых дамоў вымарачнай спадчынай і перадачы іх ва ўласнасць адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.

Сельвыканкамамі праведзена значная работа па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі, размешчанымі на падведамасных тэрыторыях. Па ўказе № 116 знесена 35 пустуючых дамоў, прададзена – 12 (больш за ўсё Данілавіцкім сельвыканкамам – 5).

Як адзначыў кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі, не ўсе сельвыканкамы аднолькава адказна ставяцца да гэтай работы, а займацца навядзеннем парадку на зямлі, у тым ліку продажам або зносам пустуючых дамоў, ачысткай пасля зносу і ўвядзеннем у гаспадарчы абарот земляў, неабходна на пастаяннай аснове.

Андрэй Уладзіміравіч адзначыў са станоўчага боку Данілавіцкі і Дварэцкі сельсаветы, дзе знесена па 9 дамоў, а па плане было 6 і 4 адпаведна. Недапрацоўваюць у гэтай дзейнасці Войневіцкі і Жукоўшчынскі сельвыканкамы. Гучалі заўвагі кіраўніка раёна на адрас службы землеўпарадкавання за недастатковы кантроль па ўвядзенні земляў у сельскагаспадарчы абарот.

Дарэчы, у 2023 годзе ў раёне ўведзена ў сельскагаспадарчы абарот 6,3 гектара зямлі.

Пасля зносу пустуючых дамоў аддзелам землеўпарадкавання райвыканкама вызваленыя зямельныя ўчасткі былі ўключаны ў пералік свабодных (незанятых), якія могуць быць прадастаўлены для іншых мэтаў без правядзення аўкцыёну.

Харчаванне па-новаму

Дакладваючы аб арганізацыі харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі раёна, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская адзначыла, што з 1 верасня 2023 года ўсе школы пераведзены на новыя прынцыпы арганізацыі харчавання. У рацыёны дзяцей уведзена 45 новых страваў і вырабаў, апрабаваных у рамках эксперыменту па арганізацыі школьнага харчавання. Спецыялістамі раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый праводзіцца карэкціроўка рацыёнаў для харчавання навучэнцаў з улікам смакавых перавагаў для кожнай установы.

Ахоп дзяцей у школах гарачым харчаваннем складае 99,6 %.

Згодна з планам мерапрыемстваў па ўмацаванні матэрыяльнай базы аб’ектаў харчавання ва ўстановах адукацыі раёна на 2021-2023 гады набыты і ўстаноўлены: посудамыйныя машыны ў Новаяльнянскую сярэднюю школу і сярэднюю школу № 3 горада Дзятлава, параканвектаматы – у Новаяльнянскі і Казлоўшчынскі дзіцячыя сады. Акрамя таго, набыты электрамясарубкі для Таркачоўскага дзіцячага сада, раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (затрачана 35,2 тысячы рублёў).

Пры падрыхтоўцы ўстановаў адукацыі да 2023-2024 навучальнага года праведзены неабходныя рамонтныя работы ва ўсіх аб’ектах харчавання (затрачана 3,5 тысячы рублёў), абсталяванне посудам і інвентаром (за пазабюджэтныя сродкі на суму 11,7 тысячы рублёў), працягваецца набыццё па меры неабходнасці. Вядзецца рэканструкцыя харчблока ў дзіцячым садзе № 1 горада Дзятлава.

Праведзена ўстаноўка відэаназірання на 5 харчблоках дашкольных установаў.

Пастаянна дзеючай камісіяй для арганізацыі сістэмнага кантролю за харчаваннем ва ўстановах агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі па выніках маніторынгаў за 10 месяцаў бягучага года выдадзены 33 рэкамендацыі з прапановамі аб ліквідацыі недахопаў. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 7 чалавек, да адміністрацыйнай – 6 (1 кіраўнік і 5 работнікаў установаў адукацыі).

Па выяўленых у студзені фактах крадзяжу прадуктаў харчавання, прызначаных для гатавання ежы ва ўстановах адукацыі, скасаваны працоўныя адносіны з 2 работнікамі, 2 кіраўнікі пазбаўлены прэміяльных выплатаў, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 2 повары.

Выяўленыя недахопы сведчаць аб неабходнасці далейшага кантролю за арганізацыяй харчавання і прыняццем эфектыўных мераў па недапушчэнні іх здзяйснення ў далейшым.

Зацверджаны 25 акругаў

На сумесным пасяджэнні Прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта прынята рашэнне “Аб утварэнні выбарчых акругаў па выбарах дэпутатаў Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання”.

Зацверджаны спісы 25 выбарчых акругаў з указаннем іх найменняў, нумароў, межаў, колькасці выбаршчыкаў і месцаў знаходжання выбарчых камісій.

Пры ўтварэнні акругаў выкананы патрабаванні Выбарчага кодэкса. Выбарчыя акругі складаюць адзіную тэрыторыю і не перасякаюць межы акругаў па выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Нагадаем, выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовых Саветаў дэпутатаў будуць праходзіць у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации