22 верасня дзятлаўчане далучыліся да штогадовай рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Дзень без аўтамабіля”. Гэта мерапрыемства праводзіцца з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем забруджвання атмасфернага паветра транспартам і да паляпшэння экалагічнай абстаноўкі ў гарадах. Акцыя садзейнічае прапагандзе здаровага ладу жыцця і павышэнню экалагічнай свядомасці грамадзян.









У рамках тэматычнага дня прайшоў велапрабег, старт якому быў дадзены ў райцэнтры, а канчатковая кропка маршруту – геадэзічны знак “Дуга Струве” каля вёскі Тарасаўцы.

– Працягласць нашага маршруту 17 кіламетраў. У акцыі “Дзень без аўтамабіля” выявілі жаданне паўдзельнічаць каля пяцідзесяці чалавек – навучэнцы і педагогі гарадскіх школ, аховы прыроды, сектара спорту райвыканкама, раённага фізкультурна-спартыўнага клуба, – расказаў загадчык сектара спорту райвыканкама Дзмітрый Ёда. – Акрамя экалагічнай накіраванасці, мэтай нашага велапрабегу з’яўляецца і пашырэнне ведаў пра дугу Струве. Гэты знак ахоўваецца дзяржавай, адзін з 265-ці знакаў, якія праходзяць праз тэрыторыю дзесяці краін. Працягласць усёй дугі 2820 кіламетраў ад Нарвегіі да Чорнага мора – яна вымярае параметры Зямлі. І вось адзін з гэтых знакаў знаходзіцца на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна.

Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі дадаў, што акцыя “Дзень без аўтамабіля” задумвалася для таго, каб акцэнтаваць увагу аўтаўладальнікаў на тое, як можна менш забруджваць паветра: у яго не трапіць прыкладна 12 кілаграмаў шкодных выкідаў, калі адзін аўтамабіль не паездзіць усяго дзень. Таму неабходна папулярызаваць такі від транспарту, як веласіпед, і пры магчымасці перасаджвацца на яго з аўтамабіля.

Нават пахмурнае ветранае надвор’е з прыкметамі хуткага дажджу не стала прычынай адмяніць удзел у велапрабегу навучэнцаў 11 класа сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава і іх класнага кіраўніка Наталлі Белаус.

– Мы заўжды ўдзельнічаем у экалагічных акцыях, і Дзень без аўтамабіля таксама не праігнаравалі. Лічым гэта мерапрыемства важным, бо зберажэнне прыроды дазволіць захаваць спадчыну для нашых будучых пакаленняў, – адзначыла Наталля Сяргееўна.










Даведачна: на сёння транспарт па-ранейшаму займае лідзіруючае месца ў забруджванні атмасфернага паветра. Згодна са статыстычнымі данымі за 2025 год сумарныя выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ў Рэспубліцы Беларусь склалі 844,4 тысячы тон, пры гэтым 52,8 % з іх – ад мабільных крыніц выкідаў.




Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае