У апошнюю нядзелю кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі дарожнай галіны, якую ў Дзятлаўскім і Слонімскім раёнах прадстаўляе калектыў ДРБУ-119.
Іх работа – заўжды навідавоку, а прафесіяналізм, вопыт, прынцыповасць у выкананні намечаных планаў пераўвасабляюцца ў гладкія дарогі, дагледжаныя ўзбочыны, за што вадзіцелі і госці раёна ўдзячныя спецыялістам.
– План на 9 месяцаў гэтага года выкананы на 100 %, агульная сума работ склала больш за 11 мільёнаў 266 тысяч рублёў, – расказвае начальнік вытворча-планавага аддзела Сяргей Хайко. – У фізічных паказчыках – рамонт больш за 29 кіламетраў аўтадарог (102,4 %) у двух раёнах.
Толькі на Дзятлаўшчыне за гэты час былі адрамантаваны дзясяткі аб’ектаў, у ліку якіх участкі асфальтабетонных дарог Карэлічы – Валеўка – Наваельня, Горка – Івязь – Абелькавічы, Дзятлава – Раготна – Горка – Малыя Шастакі, Наваельня – Казлоўшчына – Дзераўная (праз Дварэц), Казлоўшчына – Падвялікае – Вялікая Воля; стварэнне бар’ернай агароджы на аўтадарозе Дзятлава – Разважжа – Хвінявічы, уладкаванне пешаходнай дарожкі Раклевічы – Норцавічы – Засецце, рамонт гравійнага пакрыцця Дзямянаўцы – Зачэпічы. Стараннямі дарожнікаў новы асфальт на месцы грунтовага або гравійнага пакрыцця з’явіўся на пад’ездзе да вёскі Ганчары ад дарогі Раманавічы – Калпінскія, дарогах Явар – Нагорнікі, Норцавічы – Погіры.
Нават напярэдадні ўласнага свята клопатаў у работнікаў дарожнай галіны багата: прадаўжаюцца бягучыя і ямачныя рамонты, поўным ходам ідзе падрыхтоўка да зімы, стварэнне і ўзгадненне планаў работы на наступны год, каб быць там, дзе яны найперш патрэбныя людзям.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga