Падлеткі ўсё часцей цікавяцца заробкам у час летніх канікулаў, а дзяржава стварае ўмовы, каб непаўналетнія маглі афіцыйна заняцца карыснай справай і зарабіць пры гэтым грошы.

Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама штогод арганізуе ў вольны ад вучобы перыяд часовую працоўную занятасць моладзі, якая навучаецца ва ўстановах адукацыі. Фінансуецца яна за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.

– У рамках Дзяржаўнай праграмы “Рынак працы і садзейнічанне занятасці на 2021-2025 гады” ў 2023 годзе ў Дзятлаўскім раёне на арганізацыю часовай працоўнай занятасці вучнёўскай моладзі ў летні перыяд і вольны ад вучобы час выдзелена 28,8 тысячы рублёў для працаўладкавання не менш як 100 навучэнцаў. За студзень-ліпень бягучага года да часовай працоўнай занятасці далучыўся 121 навучэнец, – расказала намеснік начальніка аддзела працы і занятасці ўпраўлення Ірына Баравік. – Такая работа выклікае пачуццё таварыства, вучыць працаваць у калектыве, дае магчымасць зарабіць свае першыя грошы, галоўнае – дазваляе ў далейшым вырашыць пытанне сацыяльнай адаптацыі падлеткаў і рыхтуе іх да выхаду на рынак працы.

Пра свой першы вопыт работы расказала навучэнка гімназіі № 1 горада Дзятлава Вікторыя Шымчык:

– Сёлета я перайшла ў 11 клас. У час летніх канікулаў працавала ў бібліятэцы сваёй роднай гімназіі. Заняцца рамонтам кніг мне прапанавала бібліятэкар нашай навучальнай установы. Калі раней мы рабілі нешта падобнае на практыцы, то сёлета наша работа была аплачана, я ўжо нават атрымала сваю першую зарплату.  Вельмі рада, бо хацела зарабіць грошы. Пакуль не буду іх траціць, адкладу на нейкую вялікую пакупку або падарункі сяброўкам. На наступны год хачу паступіць у ВНУ на эканамічную спецыяльнасць і папрацаваць у кафэ або прадаўцом.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации