У Дзятлаўскім райвыканкаме 23 кастрычніка прайшло чарговае пасяджэнне.

Адным з пытанняў, якія на ім разглядаліся, было “Аб ходзе выканання дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі на 2016 – 2020 гады” ў Дзятлаўскім раёне”.

Было адзначана, што фінансавае забеспячэнне дзяржаўнай праграмы на 2016-2020 гады па Дзятлаўскім раёне планавалася ў памеры 5674,7 тыс. руб., удакладнены план фінансавання на справаздачны перыяд склаў 6036,5 тыс. руб.

У рамках мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы даведзены для выканання тры зводныя мэтавыя паказчыкі і 11 мэтавых паказчыкаў: падпраграма 1 “Спадчына” – 5 мэтавых паказчыкаў, падпраграма 2 “Мастацтва і творчасць” – 6 мэтавых паказчыкаў.

Паказчык “Павелічэнне колькасці наведванняў арганізацый культуры” ў колькасным выражэнні ў 2016 – 2019 гадах выкананы. Па стане на 1 верасня 2020 года выкананне склала 35,5 % ад плана. Пагаршэнне эпідэміялагічнай сітуацыі ў 2020 годзе прывяло да значнага скарачэння колькасці наведванняў клубных установаў.

Паказчык “Доля пазабюджэтных (уласных) сродкаў у агульным аб’ёме фінансавання дзяржаўных арганізацый культуры” ў раёне выконваўся не ва ўсе гады. У першым паўгоддзі 2020 года ён склаў 4,3 % пры плане 10 %. Невыкананне паказчыка ў 2016, 2017, 2019 гадах дапушчана ў сувязі з выдзяленнем дадатковых бюджэтных сродкаў на рамонт установаў культуры.

Па выніках 2016 – 2019 гадоў паказчык “Колькасць наведванняў публічных бібліятэк, уключаючы аддаленых карыстальнікаў” дзяржаўная ўстанова культуры “Дзятлаўская раённая бібліятэка” выканала.

Для абслугоўвання жыхароў аддаленых населеных пунктаў арганізавана работа бібліобуса, які абслугоўвае 50 населеных пунктаў на дзевяці маршрутах. Бібліятэкі раёна цалкам камп’ютарызаваны і падключаны да інтэрнэту.

У жніўні 2020 года аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама сумесна з кіраўніцтвам Дзятлаўскай раённай бібліятэкі праведзены маніторынг дзейнасці ўсіх бібліятэк, аўдыт чытачоў з улікам рэальнай колькасці жыхароў у населеных пунктах, а таксама ўстанаўленне рэальнай патрэбы ў бібліятэчных паслугах. У выніку колькасць чытачоў была аптымізавана з 12 235 да 9690 (-2545), Раготнаўская вясковая бібліятэка-клуб зачынена. За восем месяцаў 2020 года праведзены рамонты ў Войневіцкай сельскай бібліятэцы, Казлоўшчынскай гарпасялковай і Дзятлаўскай раённай бібліятэках, плануецца набыць стэлажы і сталы для Дварэцкай сельскай бібліятэкі.

За перыяд 2016 – 2019 гадоў паказчык “Павелічэнне колькасці наведванняў музеяў” выконваўся ўстановай культуры “Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей” штогод. За дзевяць месяцаў 2020 года паказчык не выкананы і складае 22,6 % ад гадавога плана. Паказчык “Прырост музейнага фонду” (на 1 % штогод) выконваўся ў поўным аб’ёме.

Паказчык “Колькасць культурных мерапрыемстваў, праведзеных клубнымі ўстановамі і іншымі ўстановамі культуры” выкананы на працягу 2016 – 2019 гадоў. Па стане на 1 верасня 2020 года выкананне склала 67 % ад плана.

У 2016 годзе ў рамках Года культуры ўпершыню ў Дзятлаўскім раёне стартаваў раённы сельскагаспадарчы праект “Дбайных людзей славім – весела час бавім”, у рамках якога ў аграгарадках праводзіліся культурна-масавыя брэндавыя мерапрыемствы.

У 2016 годзе на 9-м Рэспубліканскім фестывалі народнай творчасці “Берагіня” ансамбль песні “Зараначка” Казлоўшчынскага дома культуры ўзнагароджаны дыпломам лаўрэата. Народны тэатр-студыя гульні “Прымакі” і тэатр-студыя роставых лялек “Лялькі для ўсіх” прымалі ўдзел у “Славянскім базары” ў Віцебску.

У 2017 годзе ў Дзятлаве прайшоў першы раённы фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”. У 2018 годзе этнаграфічная экспазіцыя “Бытавая культура беларускага селяніна” адкрылася на базе Дварэцкага дома культуры. 5 мая ў вёсцы Ахонава штогод праходзіць абрад “Юр’е” – першы элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці.

Адным з кірункаў дзейнасці ўстановаў культуры з’яўляецца праца з пажылымі людзьмі. Для іх дзейнічае 21 клубнае фарміраванне, у якіх прымаюць удзел 245 чалавек.

У Дзятлаўскім раёне прайшлі святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Упершыню ў раёне рэалізаваны тэматычны праект “75 дзён да Перамогі”.

У сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі ў 2020 годзе і немагчымасцю праводзіць масавыя мерапрыемствы ўстановы культуры сталі арыентавацца на работу ў інтэрнэт-прасторы. З 4 красавіка на YouTube пачаў працу канал “Культура Дзятлаўшчыны”. Па стане на 1 верасня на канале размешчана каля 500 відэаролікаў, якія паглядзелі больш за 32 000 чалавек.

Паказчык “Колькасць непрафесійных (аматарскіх) творчых калектываў са званнем “народны” і  “ўзорны” выкананы. Па стане на 1 студзеня 2020 года ў раёне 12 калектываў маюць званне “народны” і 4 – “узорны”.

Паказчык “Прырост выручкі ад кінапаказаў і іншых паслуг кінапракату і кінавідовішчных арганізацый” КУКП “Дзятлавакінавідэасетка” не выконвала на працягу 2017 – 2019 гадоў. Рашэннем Дзятлаўскага райвыканкама яно рэарганізавана шляхам далучэння да Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці з ўтварэннем аддзела па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва.

Паказчык “Колькасць набытых музычных інструментаў” і “Доля адрамантаваных музычных інструментаў” выкананы. На набыццё інструментаў выдзяляюцца сродкі рэспубліканскага і мясцовага бюджэту, выкарыстоўваюцца ўласныя сродкі арганізацый і сродкі з іншых крыніц фінансавання, не забароненых законам. У 2018 годзе для адукацыйных установаў у сферы культуры набыта чатыры музычныя інструменты, у 2019 годзе – таксама чатыры. Да канца 2020 года плануецца набыццё трох музычных інструментаў.

Варта адзначыць, што праца ўстановаў культуры і мастацтва раёна накіравана на задавальненне духоўных патрэбаў усіх катэгорый насельніцтва і штогод атрымлівае прызнанне на розных узроўнях. 12 работнікаў культуры ўзнагароджаны граматамі ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама.

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама вядзе работы па рамонце ўстановаў культуры з мэтай умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. За справаздачны перыяд на гэтыя патрэбы накіравана каля 450 000 рублёў. Адрамантаваны Новаяльнянскі і Хвінявіцкі дамы культуры, фасады Войневіцкай сельскай бібліятэкі-клуба, Дварэцкага дома культуры і іншых установаў, пачаты капітальны рамонт Вензавецкага дома культуры.

Па стане на 1 ліпеня 2020 года сетка арганізацый культуры раёна прадстаўлена 26 установамі (11 клубаў, 12 бібліятэк, дзве дзіцячыя школы мастацтваў, адзін музей), у сферы культуры працуюць 170 чалавек.

За перыяд 2016-га – першае паўгоддзе 2020 года сетка ўстановаў культуры паменшылася на 11 установаў. У 2020 годзе трэба прыняць усе неабходныя арганізацыйныя і практычныя меры, накіраваныя на паляпшэнне працы ўстановаў культуры ва ўмовах пандэміі, для забеспячэння магчымай рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 – 2020 гады.

Падрыхтавала Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

Похожие публикации