Пачатак навучальнага года для першакласнікаў – гэта новы вопыт школьнага жыцця, стасункі, правілы, расклад, абавязкі. Больш сур’ёзныя патрабаванні і павялічаная нагрузка, узаемаадносіны з равеснікамі і настаўнікамі, ацэньванне вучэбнай дзейнасці могуць фарміраваць у дзяцей напружанне і трывогу.
Як дарослым падтрымаць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сёлета ўпершыню сядуць за парты, расказала загадчыца аддзела па асноўнай дзейнасці сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Вольга Ламака:
– Любыя перамены патрабуюць часу для адаптацыі. У гэты перыяд падтрымка з боку сям’і, падрыхтоўка дзіцяці да новага этапу жыцця значна зніжаюць трывожнасць і спрыяюць больш паспяховай сацыяльнай адаптацыі.
Падрыхтоўку варта пачаць не з пакупкі сшыткаў, а з паступовага фарміравання правільнага рэжыму жыцця. За адзін-два тыдні да пачатку заняткаў пажадана паступова рабіць больш раннімі час сну і пад’ёму, разам абмяркоўваць будучы навучальны год. Аднак вельмі важна не перагружаць дзіця трывожнымі размовамі аб адзнаках і адказнасці. Калі бацькі пастаянна паміж сабой гавораць пра магчымыя цяжкасці, перажываюць з-за паспяховасці сына ці дачкі, малое пачынае ўспрымаць школу як месца, дзе сапраўды ёсць падставы для трывогі.
У першыя тыдні заняткаў варта стварыць максімальна прадказальны і спакойны рэжым дня. Лепш загадзя разлічваць час пад’ёму і падрыхтоўкі. Спакойныя зборы, цёплыя словы перад выхадам дапамагаюць дзіцяці пачаць дзень без лішняга напружання. Не менш важныя размовы з дзецьмі пасля школы. Аднак замест пытанняў “Што здарылася?” пацікаўцеся: “Што новага ты даведаўся?”, “Што спадабалася, ці былі цяжкасці?”. Падобныя пытанні даюць зразумець, што для бацькоў важныя не толькі дасягненні, але і ўнутраны стан школьніка.
Асаблівую ўвагу варта надаць адносінам да памылак. Першакласнік непазбежна будзе сутыкацца з цяжкасцямі: забываць сшыткі, блытаць заданні, атрымліваць першыя заўвагі. Не трэба яго ўшчуваць за кожную няўдачу, лепш дапамагчы стаць больш арганізаваным.
І галоўнае: калі дзіця разумее, што яго любяць, незалежна ад адзнак і поспехаў, у яго фарміруюцца ўнутраныя матывы вучыцца. Калі ж вядучым становіцца страх расчараваць бацькоў, узнікае трывога, якая паступова выцясняе цікавасць да навучання. Дзеці пачынаюць утойваць свае памылкі не таму, што хочуць падмануць бацькоў, а таму, што баяцца страціць пачуццё прымальнасці і іх любоў. Для паспяховай адаптацыі першакласнікаў бацькам варта дэманстраваць разуменне і гатоўнасць іх падтрымаць.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga