Пяты год запар сустракаў гасцей гарпасёлак Наваельня на свяце вышыванкі, якое заслужана лічыцца тут брэндавым мерапрыемствам.
Багатай на сюрпрызы і насычанай стала сёлета яго праграма.
На экспазіцыях пад адкрытым небам працавала выстава майстрых-вышывальніц з розных куткоў Дзятлаўшчыны.
Не пераставалі здзіўляць прысутных сваёй фантазіяй і ўменнем удзельніцы дэфіле мадэляў “Натхненне і прыгажосць”, прычым як сярод дзяцей, так і дарослых. На гэты раз свае мадэлі прадставілі Дварэцкі, Гезгалаўскі, Данілавіцкі дамы культуры, Новаяльнянскі дзіцячы сад.
Бурнымі апладысментамі сустракалі сям’ю Ахламёнак, якая выступала за Новаяльнянскую сярэднюю школу ў намінацыі “Сям’я ў вышыванцы” і стала бясспрэчнай пераможцай.
Адбыўся і конкурс падворкаў сярод арганізацый пасёлка. Дыпломамі I ступені ўзнагароджаны Рэспубліканская туберкулёзная бальніца “Наваельня”, Новаяльнянская школа мастацтваў.
Не было сумна на свяце і дзятве. Гульнявую праграму для іх правялі работнікі Гезгалаўскага дома культуры.
Прыемным сюрпрызам для ўсіх жыхароў пасёлка стаў святочны канцэрт народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Прымакі” горада Лунінца Брэсцкай вобласці.
Не абышлося і без узнагароджанняў, упершыню на свяце былі ўручаны абярэгі-вышыванкі.
Завяршылася мерапрыемства святочнай дыскатэкай.
Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga