У Гродне з 4 па 6 верасня праходзіла XVI Рэспубліканская ўніверсальная выстава-кірмаш “Еўрарэгіён “Нёман-2014”. Для прадстаўнікоў бізнесу такія сустрэчы ў абласным цэнтры сталі традыцыйнымі. Яны актывізуюць працэс супрацоўніцтва Гродзеншчыны з памежнымі тэрыторыямі суседніх краін, з іншымі рэгіёнамі рэспублікі, нездарма толькі сёлета больш за 200 афіцыйных запрашэнняў былі адасланы ў розныя рэгіёны суседніх краін.
На выставе была шырока прадстаўлена прадукцыя больш чым 150 вытворцаў Гродзенскай вобласці: ад хімічнай да харчовай прамысловасці, машынабудавання, лёгкай прамысловасці. Акрамя экспазіцыі тавараў, на “Еўрарэгіёне” рэкламаваўся рынак паслугаў Гродзеншчыны: інфармацыйных, медыйных, страхавых, турыстычных і іншых. Як налічылі арганізатары выставы-кірмаша, усяго пад экспазіцыі было задзейнічана амаль 1,5 тысячы квадратных метраў выставачных плошчаў.
Сярод удзельнікаў выставы-кірмаша былі і дзятлаўчане: сувенірную прадукцыю сюды прывезлі раённы Дом рамёстваў і Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Прадукцыю прадпрыемстваў нашага раёна можна было знайсці сярод экспазіцый выставы УП “Гроднахарчпрам”, на якой былі прадстаўлены 8 галіновых прадпрыемстваў вобласці. Тут мы пабачылі стэнды пад маркай “Алгонь” з багатай лінейкай прадукцыі Дзятлаўскага вінна-гарэлачнага завода, а таксама прадукцыю ААТ “Боркаўскі крухмальны завод”, АСП “Парэцкі спіртзавод”.
Мяса-малочная галіна рэгіёна была прадстаўлена ў экспазіцыі холдынгу “Гроднамясамалпрам”. Усіх “малочнікаў” Гродзеншчыны сёлета прадстаўляла Ваўкавыскае ААТ “Беллакт”. Прадукцыя “Сырной страны” — ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” — межавала тут з прадукцыяй малочнай кампаніі “Навагрудскія дары”, ААТ “Шчучынскі масласырзавод” і іншымі вытворцамі. Калі мы пацікавіліся менавіта прадукцыяй дзятлаўскіх сыраробаў, нам уручылі прайс-лісток, у якім, акрамя апісання гатункаў сыроў, былі ўсе кантакты завода.
Самастойна сваю прадукцыю на выставе-кірамашы “Еўрарэгіён “Нёман-2014” прэзентавала сумеснае закрытае акцыянернае таварыства “Гродзенскі маслатлушчавы камбінат”, які, нягледзячы на назву, працуе на Дзятлаўшчыне, у гарпасёлку Наваельня. Ля стэндаў з прадукцыяй гаспадарылі Ганна Гуліда, інжынер па якасці, і Іна Куроўская, лабарант хімічнага аналізу прадпрыемства. Яны расказалі, што на эканамічным форуме прадпрыемства шырока прадстаўляе сваю прадукцыю — фасованы алей розных відаў: рапсавы, рапсава-сланечнікавы, сланечнікавы, аліўкавы (рафінаваны, нерафінаваны, купажы). Вытворцам ужо паспелі пацікавіцца прадстаўнікі гандлёвых базаў нашай рэспублікі, госці форуму з Польшчы і Расіі. Гаспадары выставы расказалі нам, што ўся прадукцыя камбіната якасная і мае сертыфікаты адпаведнасці.
16 эканамічны форум “Еўрарэгіён “Нёман” прайшоў у пашыраным фармаце. Акрамя непасрэдна выставы-кірмашу ў яго праграму былі ўключаны фестываль піва, інвестыцыйны форум і паказ прадукцыі лёгкай прамысловасці.
Фестываль піва “BEERаснёўскі фэст” быў дэбютным, але стаў сапраўдным святам для жыхароў і гасцей Гродна. У парку імя Ж. Жылібера працавалі падворкі беларускіх вытворцаў піва “Лідскае”, “Аліварыя”, “Хайнекен”, дзе ладзіліся конкурсы, дэгустацыі і продаж не толькі пеннага напою але і розных далікатэсаў: ад смажанак і печыва да каўбасак грыль і шашлыкоў. Свята праходзіла пад жывую музыку: на сцэне выступалі cover-band’ы з Гродна і Мінска. Фестываль атрымаў назву “BEERаснёўскі фэст” і павінен стаць традыцыйным мерапрыемствам пачатку восені.
У межах выставы-кірмаша “Еўрарэгіён “Нёман-2014” таксама прайшло пленарнае пасяджэнне інвестыцыйнага форуму “Гродзеншчына на скрыжаванні межаў”, працавала выстава інвестпраектаў.
Дэманстрацыя прадукцыі лепшых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці GrodnoFashіonDay адбылася ў моладзевым цэнтры “Галактыка” горада Гродна. Паралельна з паказам ладзілася цырымонія ўшанавання пераможцаў штогадовага конкурсу “Лепшы прадпрымальнік Гродзенскай вобласці-2014”.
Сёлетні эканамічны форум стаў яшчэ больш цікавым і відовішчным і, здаецца, не пакінуў раўнадушнымі сваіх наведвальнікаў.
Іріна КАЎКЕЛЬ
Фота Наталлі АВЯРЧУК