На базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №2 горада Дзятлава прайшоў раённы конкурс юных чытальнікаў вершаў “Вясёлка дзяцінства”, прысвечаны Году культуры. Удзел у конкурсе прынялі 20 выхаванцаў з 16 дашкольных установаў адукацыі Дзятлаўшчыны.
Першай удзельнікаў свята павітала метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета па пытаннях дашкольнай адукацыі К. Гайдук. Кацярына Аляксандраўна зазначыла, што ў наш час кнігі, на жаль, становяцца ўсё менш папулярнымі — іх замяняюць камп’ютары і смартфоны. Таму вельмі добра, калі бацькі або бабулі і дзядулі, а таксама выхавальнікі дашкольнай адукацыі з ранняга дзяцінства прывіваюць дзецям любоў да друкаванага слова. 2016 год аб’яўлены ў Беларусі Годам культуры. Фарміраваць культуру людзям дапамагаюць кнігі. Дык няхай конкурс “Вясёлка дзяцінства” дапаможа дашкольнікам адчуць і палюбіць паэзію, зацікавіцца кнігай.
Перш чым юныя чытачы распачалі паэтычныя баталіі, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДЦРД №2 горада Дзятлава М. Янушкевіч заклікала іх адправіцца ў займальнае падарожжа па старонках дзіцячых кніг. Хлопчыкі і дзяўчынкі называлі прозвішчы вядомых дзіцячых пісьменнікаў, адгадвалі загадкі. Разам з загадчыцай дзіцячай бібліятэкі К. Губко пазнаёміліся з кніжнай выставай, якую для іх падрыхтавалі работнікі бібліятэкі. А мультфільм “Тры кацяняці” дапамог ім зразумець, чаму нельга псаваць кнігі. Затым маленькім непаседам паказалі відэаролік пра Беларусь і прапанавалі паўдзельнічаць у флэшмобе. Дзеці запусцілі карабельчыкі з каляровай паперы ў сімвалічную “раку культуры”, каб паказаць, што нават самыя юныя жыхары нашай краіны могуць зрабіць свой уклад у яе развіццё.
Да конкурсу чытачоў усе падрыхтаваліся на “выдатна”: ніхто не хваляваўся, кожны стараўся прачытаць свой верш выразна, некаторыя ўдзельнікі разам з педагогамі падрыхтавалі да вершаў мультымедыйныя прэзентацыі і нават тэатралізаваныя міні-пастаноўкі. Журы было складана вызначыць лепшых.
Пераможцамі конкурсу юных чытальнікаў вершаў “Вясёлка дзяцінства” сталі Дар’я Хаванская (Гезгалаўскі яслі-сад) з байкай “Варона і ліса” І. Крылова і Валерыя Кашко (Жукоўшчынскі дзіцячы сад-базавая школа) з вершам “А што ў вас?” С. Міхалкова. Другое месца заняў выхаванец яслей-сада №1 горада Дзятлава Ерафей Чарняўскі з вершам “Гісторыя пра Вару і Дубавёнка” Э. Машкоўскай. Трэцяе месца падзялілі Аляксандра Паўлоўская (Дварэцкі яслі-сад) з вершам “Ветлівае слова” Э. Машкоўскай і Лізавета Якубоўская (ДЦРД №2 горада Дзятлава) з вершам “Багаж” С. Маршака.
Пераможцы атрымалі дыпломы аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама і прызы (кнігі казак) ад Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Усім удзельнікам конкурсу былі ўручаны сертыфікаты і кнігі. Спецыяльным прызам журы адзначана самая маленькая ўдзельніца конкурсу — арыя Мацюк, выхаванка Раготнаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
І. КАЎКЕЛЬ
Фота П. АДАМЧУКА