Амерыканскі белы матылёк – адзін з небяспечных шкоднікаў, адрозніваецца пражэрлівасцю і ўсяеднасцю, а таму ўяўляе вялікую небяспеку для драўнінна-хмызняковых і травяністых раслін, у тым ліку клёна ясеняліснага, шаўкоўніцы, яблыні, грушы, слівы, алычы, чарэшні, вішні, арэха грэцкага і іншых, зніжаючы іх устойлівасць да фактараў навакольнага асяроддзя, запавольваючы прырост дрэвастою і прыводзячы да страты насаджэннямі дэкаратыўнага, рэкрэацыйнага і эстэтычнага значэння. На пладовых культурах зніжэнне ўраджайнасці можа быць да 100 %.

Матылёк шкодніка вялікі, беласнежны, з шаўкавістым адлівам, часам чорнымі або карычневымі кропкамі на крылах. Актыўны з мая па кастрычнік. Вылет матылькоў пачынаецца перад пачаткам або ў час цвіцення яблыні. На працягу года дае два поўныя пакаленні. Даўжыня дарослага вусеня – 3-4 см, светла-жоўты, часам зялёны, моцна апушаны, па баках цела паласа лімонна-жоўтага колеру. Практычна ўсяедны і вельмі пражэрлівы. Кукалка цёмна-карычневая, звычайна зімуе, размяшчаючыся ў павуцінным кокане ў расколінах кары, сухім лісці, раслінным смецці, глебе. Характэрная прыкмета, па якой можна выявіць шкодніка, – павуцінневыя гнёзды з калоніямі вусеняў, якія складаюцца з аплеценых павуціннем лісця і галін расліны.

Асноўныя меры барацьбы – абразанне  заражаных галін, зграбанне апалай лістоты і спальванне ўсяго гэтага, а таксама апырскванне адпаведнымі ахоўнымі прэпаратамі, унесенымі ў Дзяржаўны рэестр сродкаў абароны раслін і ўгнаенняў.

Ясеневая смарагдавая златка – ствалавы шкоднік ясеня і яркі прыклад разбуральнага ляснога насякомага-захопніка. Заселеныя дрэвы звычайна маюць разрэджаную крону, лісце жоўкне раней, частка галін усыхае, развіваюцца другасныя пабегі ствала і галоўных галін. Асноўныя сімптомы засялення – характэрныя D-вобразныя вылетныя адтуліны дыяметрам 3-4 мм на ствалах і галоўных галінах, а таксама моцна ізвітыя лічынкавыя хады пад карой. Асноўную шкоду наносяць лічынкі, якія, сілкуючыся на ясені, ствараюць шырокія змеепадобныя хады пад карой, у тоўшчы камбію, што заканамерна прыводзіць да адмірання галінак, і, у выніку, усяго дрэва. Заражаныя дрэвы звычайна гінуць праз тры гады пасля пачатку засялення, але пры масавым заражэнні гібель адбываецца на працягу аднаго-двух гадоў.

Галоўныя меры, якія прадухіляюць далейшае развіццё ачагоў златкі: своечасовае выдаленне і знішчэнне заселеных златкай дрэў шляхам выбарачных і суцэльных санітарных высечак з абавязковым іх выдаленнем пасля высечкі не пазней восені або ў пачатку зімы; прымяненне ферамонных пастак для маніторынгу; рэгулярны агляд дрэў для выяўлення ранніх сімптомаў заражэння.

Цяпер галоўная задача – не дапусціць распаўсюджвання па краіне каранцінных шкоднікаў. Жыхароў просім быць асабліва ўважлівымі: пры найменшых прыкметах паражэння дрэў або выяўленні падазроных насякомых неабходна тэрмінова паведаміць у Дзятлаўскую раённую дзяржаўную інспекцыю па насенняводстве, каранціне і абароне раслін па адрасе г. Дзятлава, вул. Кірава, 18.

Ілона ВАРАБЕЙ,
вядучы аграном – дзяржаўны інспектар

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации