Надыходзячае вясновае свята – найлепшы час нагадаць: нашы дзятлаўчанкі могуць не толькі, як у паэта, каня на скаку спыніць ды у палаючую хату ўвайсці, але нават кіраваць паспяховым бізнесам. Найлепш гэта атрымліваецца, калі правільны мужчына побач.

Для прыватнай прадпрымальніцы, кіраўніка ПГУП “БелараБуд”, якое ўжо 16 гадоў паспяхова працуе на Дзятлаўшчыне, шлях у бізнес пачаўся з імкнення дапамагчы роднаму чалавеку. Тут усё і закруцілася!..

– Ідэю распачаць бізнес па рознічным гандлі будаўнічымі, аддзелачнымі матэрыяламі і гаспадарчымі таварамі прыдумаў і пачаў рэалізоўваць мой муж Аляксандр, – расказвае Вольга Мікалаеўна. – З прапанаваных варыянтаў у цэнтры горада выбралі месца і пабудавалі свой першы магазін “МастерОК”. Пачыналі раскручвацца з невялікага асартыменту – фарбы, шпалеры, дзверы. Ездзілі на заводы-вытворцы дамаўляцца, вялі ўлік. Штат быў малы, таму часам самі дапамагалі прадаўцам, каб даць людзям выхадныя. Паступова “разрасталіся”, і ўсе сродкі ўкладвалі ў далейшае развіццё. Сёлета спаўняецца дзесяць гадоў, як быў адкрыты наш другі магазін “Практык” на выездзе з горада, удвая большы па плошчы, што дазволіла нам істотна пашырыць асартымент і наладзіць адгрузкі з камфортам для сябе і кліентаў. Набылі праз аўкцыён памяшканне, зрабілі яго рэстаўрацыю, пашырылі штат і дагэтуль працуем.   

– Якім шляхам прыйшлі ў бізнес вы самі?

– Наша сямейная справа паспяхова працавала, расла і заканамерна, што ў адзін момант прадпрыемству спатрэбіўся адміністратар, каб весці перагаворы і ажыццяўляць цэнтралізаваны кантроль за дзейнасцю бізнесу. Я па адукацыі банкаўскі работнік і на той час ужо мела 16 гадоў стажу ў раённым аддзяленні “Белаграпрамбанка”. Было складана рашыцца пакінуць усё гэта, але ўрэшце выбрала сямейную справу і ніколі не пашкадавала аб такім рашэнні.

– Які рэжым работы ў сучаснай прадпрымальніцы?

– Часцей за ўсё работа пазапланавая: загадзя немагчыма спрагназаваць, чым і калі скончыцца рабочы дзень. Я не магу сабе дазволіць адпачываць, калі кліент чакае хуткага выканання заказу або патрэбны мой удзел у бягучых справах. Ніколі раней не думала, што, працуючы на сябе, давядзецца браць работу на дом, але часам здараецца і так. З другога боку, калі паток кліентаў крыху меншы ў міжсезонне або святочныя дні, мы нават можам засумаваць па актыўным рытме жыцця, да якога прывыклі, калі гатовы працаваць 24 на 7.

– Хто цяпер працуе ў вашай кампаніі?

– Штат ПГУП “БелараБуд” складае 11 чалавек, з якіх два бухгалтары, адзін падсобны рабочы і прадаўцы-кансультанты. Нягледзячы на тое, што сфера нашай дзейнасці – будаўніцтва, калектыў пераважна жаночы. “Цякучкі” ў нас практычна няма, многія працуюць ужо 10 гадоў і больш, мы даўно як сям’я. Я імкнуся стварыць добры клімат на рабоце і забяспечыць дастойны заробак, на што калегі адказваюць стараннасцю і шчырым перажываннем за агульную справу. Бо мы, жанчыны, сапраўдныя беларусачкі: трымаемся адна за адну, разам можам горы зрушыць.

– Хто галоўны ў бізнесе, а хто дома? Ці хапае часу на падтрыманне сямейнага ачага?

– Мы з мужам па жыцці ва ўсіх справах побач, разам вядзём сямейны бізнес, ніколі не разглядала сябе ў гэтай сферы без яго непасрэднага ўдзелу. Клопат пра хатнія справы, прыгатаванне вячэры, паўсядзённы быт я бяру на сябе, бо муж часта затрымліваецца на рабоце яшчэ даўжэй, чым я.  Як і ўсе людзі, народжаныя ў СССР, для душы і па звычцы штогод саджу агарод, парнік, раблю закруткі на зіму з садавіны і агародніны. Дочкі ўжо дарослыя, разляцеліся з бацькоўскага дома, а мы з мужам засталіся адзін у аднаго. Пакуль хапае сіл і здароўя, разам клапоцімся пра свой вялікі ўтульны дом, дзе заўсёды знойдзецца работа на ўчастку, займаемся фізічнай актыўнасцю, трымаем сябе ў тонусе.

– Што дастаўляе вам радасць у жыцці?

– Выдатна, калі займаешся тым, што падабаецца, гэта правільна. Сапраўднае задавальненне атрымліваю ад паўсядзённых спраў, размоваў з пакупнікамі. Шаснаццаць гадоў вопыту дазваляюць не толькі разумець, а нават папярэджваць запыты кліентаў, і гэта дастаўляе сапраўдную асалоду. Радуюся, калі ўсё атрымліваецца, як запланавана, калі сям’я і работнікі кампаніі ў добрым настроі, тады і работа ладзіцца спраўна.

– Чаго б хацелі пажадаць свайму калектыву з нагоды Міжнароднага жаночага дня?

– Шчыра жадаю ўсім цудоўным дзяўчатам нашай дружнай каманды моцнага здароўя, удачы, дабрабыту, жаночага шчасця, няхай дзеці радуюць. Яшчэ зычу ўсім заставацца поўнымі сіл і бадзёрымі на доўгія гады. 

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашалепшае #нашелучшее #экономика #предприниматель

Похожие публикации