Свята Уваскрэсення Гасподняга – гэта ўрачыстасць усеагульнай радасці. Усёй гэтай радасці, здаецца, не змясціць у сваёй душы і сэрцы! Нездарма першым словам Уваскрэслага Хрыста было: “Радуйцеся!”.

У гэтыя светлыя дні Святая Царква заклікае ўсіх вернікаў радавацца: “Гэты дзень, яго ж ствары Гасподзь, узрадуемся ім, павесялімся ў ім!” Частым заклікам да радасці Святая Царква хоча абудзіць нас ад сну, пазбавіць хаця б на некаторы час ад мітусні і далучыць нас да светлай велікоднай урачыстасці.

Пачуццё радасці бярэ верх над усімі нашымі зямнымі пачуццямі. Радасць – гэта пачуццё паспяховага, пераможнага завяршэння ўсялякай добрай справы і ўсялякага намагання. Радасць – гэта перамога праўды. Радасць – гэта сімвал усяго святога і дасканалага.

Колькі Гасподзь раздае багатых сваіх дароў на працягу ўсяго нашага зямнога жыцця! І ўсё гэта – нагода для радасці: радасць у маладосці, радасць у мудрай старасці, радасць у сіле, радасць у прыгажосці, радасць у поспехах у рабоце, радасць у сямейным жыцці, радасць ад добрых справаў, радасць тады, калі мы прабачаем тым, хто пакрыўдзіў нас, радасць у малітве, радасць ад наведвання храма Божага, радасць ад сустрэчы з людзьмі, радасць ад таго, што свеціць сонца, радасць ад таго, што мы жывём!

Радасці зямныя – гэта толькі водбліск, гэта толькі прадчуванне той сапраўднай вечнай Боскай радасці. “Не бачыла таго вока, не чула таго вуха, і не прыходзіла тое на сэрца чалавеку, што прыгатаваў Бог тым, хто любіць Яго” (1 Кор. 2,9). Вось чаму першым словам Уваскрэслага Хрыста было: “Радуйцеся!”. Вось чаму арханёл Гаўрыіл, які прынёс свету добрую вестку, звяртаецца да Дзевы Марыі са словам “Радуйся!”. Вось чаму святы апостал Павел нагадвае: “Радуйцеся пра Госпада. Радуйцеся заўжды пра Госпада; і яшчэ раз кажу: радуйцеся!” (Фл. 3,1;4,4). Вось чаму радасць пра Уваскрэслага Госпада святыя апосталы пранеслі па ўсім свеце, аддаўшы за гэта жыццё. Вось чаму святыя пакутнікі і падзвіжнікі з гэтай радасцю пераможна ажыццяўлялі свой жыццёвы шлях. Вось чаму хрысціяне напоўнены пачуццём велікоднай радасці і шчасця, якое здзіўляе тых, хто не зведаў лагоды Божай і не зведаў радасці пра Госпада.

Святая Праваслаўная Царква напоўнена радасцю пра Госпада, якую шчодра раздае ўсім жадаючым. Асаблівай радасцю мы прычашчаемся ў дні Уваскрэсення Гасподняга. Яна выліваецца ва ўрачыстасць, у духоўны ўздым. Так будзе заўжды. І гэта сведчанне таго, што з намі заўжды Уваскрэслы Гасподзь – крыніца гэтай радасці.

Яшчэ раз віншую вас, браты і сёстры, са светлым Хрыстовым Уваскрэсеннем! Няхай радасць Уваскрэсення Хрыстова ўмацоўвае нашу веру ў тое, што Хрыстос сапраўды ўваскрэс, у тое, што і мы па яго прыкладзе ўваскрэснем для Вечнага Жыцця.

Мне застаецца нагадаць, што 18 красавіка, у трэці дзень Вялікадня, у Цэнтры культуры горада Дзятлава адбудзецца велікоднае прадстаўленне нядзельнай школы, якая працуе пры храме Праабражэння Гасподня горада Дзятлава. Пачнецца яно ў 18 гадзін. Прыходзьце, калі ласка!

М. ПІНЧУК,

благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, настаяцель прыхода храма Праабражэння Гасподня горада Дзятлава

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации