Напярэдадні прафесійнага свята – дня кааперацыі Рэспублікі Беларусь у Дзятлаве прайшло ўрачыстае мерапрыемства, дзе ўшанавалі работнікаў галіны – сапраўдных прафесіяналаў, якія аддаюць любімай рабоце сілы, веды, майстэрства.

Штодзённая нялёгкая і адказная праца работнікаў райспажыўтаварыства ўносіць неацэнны ўклад у развіццё і добраўпарадкаванне не толькі нашага і Навагрудскага раёнаў, але і ўсёй краіны. Расце якасць абслугоўвання, павялічваецца колькасць прадастаўляемых паслуг. Менавіта ад іх працы, якая заўжды на віду, залежыць утульнасць і камфорт насельніцтва.

– Дарагія калегі, найперш хачу падзякаваць вам за вашу нялёгкую работу. Многія працуюць у сферы спажыўкааперацыі ўжо не першае дзесяцігоддзе, і гэта стала іх прызваннем. Жадаю мірнага неба над галавой, здароўя, душэўнага камфорту, дабрабыту вам і вашым сем’ям, каб спажыўкааперацыя жыла і развівалася, – павіншаваў калег дырэктар Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Мікалай Гародка і ўручыў заслужаныя ўзнагароды лепшым работнікам.

Нагрудным знакам “30 гадоў працоўнай дзейнасці ў спажывецкай кааперацыі Беларусі” ўзнагароджана прадавец Алена Коршун, Падзяку старшыні праўлення Белкаапсаюза атрымаў вадзіцель Іван Нагорны, Ганаровыя граматы Гродзенскага аблспажыўтаварыства – нарыхтоўшчык прадуктаў і сыравіны Уладзімір Зінкевіч і повар Ала Сербін, Падзячны ліст старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў – Маргарыта Ломаць.

Да віншаванняў далучылася намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Жэлезоўская:

– Паважаныя работнікі і ветэраны спажыўкааперацыі. Прыміце шчырыя віншаванні з вашым прафесійным святам. Вы ўносіце значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё нашага раёна, фарміраванне спажывецкага рынку і паляпшэнне гандлёвага абслугоўвання насельніцтва. Ваш вопыт, прафесійныя якасці служаць своечасоваму забеспячэнню землякоў неабходнымі таварамі, росту нарыхтоўчай і вытворчай дзейнасці. Вы паляпшаеце якасць жыцця людзей. Жадаю вам плённай працы, рэалізацыі ўсіх мэтаў і планаў, шчасця, дабра, энергіі.

Вольга Антонаўна ўручыла Ганаровыя граматы, падзячныя лісты райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў намесніку дырэктара філіяла Алесі Лазута, бухгалтару Людміле Баброўскай, прадаўцам Людміле Дзедавец і Ірыне Сцяцко, прадаўцу Таццяне Бараноўскай, пекару-майстру Ганне Вянско, аператару Святлане Белавус, бухгалтару Марыне Сосік, начальніку аддзела гандлю Вераніцы Ваніслаўчык, спецыялісту па арганізацыі гандлю Іне Пруцік, прадаўцу Алене Скрундзь, эканамісту Крысціне Свірко, кладаўшчыку Уладзіміру Вашчылу.

Святочную музычную праграму для работнікаў спажыўкааперацыі падрыхтавалі Іван Кашко, Ірына Бакшук, Святлана Венская.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации