Віктар Адамчык, дырэктар унітарнага камунальнага прадпрыемства “Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм”:

— Сёлета я маю магчымасць упершыню браць удзел ва Усебеларускім народным сходзе, разам з іншымі дэлегатамі паўдзельнічаць у прыняцці важных для дзяржавы рашэнняў, што само па сабе ганарова.
Як прадстаўнік меліярацыі чакаю пазітыўных тэндэнцый у гэтай галіне. Хачу, каб праграма меліярацыі на будучую пяцігодку была не менш эфектыўнай, чым мінулая, па якой мы працавалі апошнія пяць гадоў.

Дзякуючы выдатна складзенай праграме меліярацыі на мінулыя пяць гадоў, да V Усебеларускага народнага сходу Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм мае вынікі, якія ўражваюць і радуюць.
За пяцігоддзе аб’ём падрадных работ, якія выконвае Дзятлаўскае ПМС, вырас на 308% – з 9 мільярдаў рублёў у 2011 годзе да 28 мільярдаў – у 2015-ым. За гэты ж час у севаабарот уведзены больш за 5 тысяч гектараў зямлі. Гэта сведчыць аб высокай прадукцыйнасці работы прадпрыемства.

Самым вялікім штуршком для прадпрыемства за гэты час стала работа нашых працаўнікоў на будаўніцтве Гродзенскай гідраэлектрастанцыі, дзе мы выконвалі меліярацыйныя работы. Значны па аб’ёме і суме (каля 8 мільярдаў рублёў) аб’ект – пракладка каналізацыйных сетак у раёне вуліцы Біцько і прылеглых вуліц у Дзятлаве. Толькі на гэтым аб’екце нашы меліяратары праклалі ў Дзятлаве каля 8 кіламетраў каналізацыйных сетак, на сёння ўсе работы завершаны і ўсе аб’екты ўведзены ў эксплуатацыю. Таксама мы прымалі ўдзел у рэканструкцыі вуліц Чырвонаармейскай, Кастрычніцкай, Фрунзэ ў райцэнтры. З леташняга лістапада наша брыгада і тэхніка працуе ў цэнтры Гродна на будаўніцтве Парка высокіх тэхналогій на месцы колішняга пагранічнага атрада. На гэтам аб’екце на сёння мы зарабілі 1,5 мільярда рублёў.

На працягу 2011-2015 гадоў значная ўвага надавалася навядзенню парадку на зямлі. У сувязі з тым, што летась абласныя “Дажынкі” прымаў горад Дзятлава, нам была даведзена сур’ёзная задача па добраўпарадкаванні тэрыторыі раёна. Вяліся работы ля адміністрацыйнага будынка Дзятлаўскага лясгаса, на паркавай тэрыторыі па вуліцы Міцкевіча, было пакладзена гумавае пакрыцце на стадыёне школы №3 горада Дзятлава, пабудавана стаянка для аўтатранспарту каля цэнтральнай раённай бальніцы. Мы былі генеральным падрадчыкам на ўсіх гэтых работах, на іх выкананне былі выдаткаваны вялікія грашовыя сродкі з раённага і абласнога бюджэтаў. Таксама меліяратары раёна выконвалі работы па ўпарадкаванні пад’язных дарог да райцэнтра і раёна ў цэлым. Магу ўпэўнена сказаць, што сёння па добраўпарадкаванні Дзятлаўскі раён выглядае не горш за іншыя рэгіёны Гродзеншчыны.

У Дзятлаўскім ПМС практычна ўвесь калектыў застаўся ранейшым, гэта прафесіяналы, у пераважнай большасці – мясцовыя жыхары. Зрабіць прарыў у развіцці Дзятлаўскаму ПМС дапамагло тое, што прадпрыемства своечасова мадэрнізавалася і абнавіла машынна-трактарны парк. За два гады мы набылі 8 экскаватараў і 10 бульдозераў, трактары і аўтамабілі. Сёння амартызацыя машынна-трактарнага парка прадпрыемства – усяго 30%. Таксама значная ўвага надавалася і цяпер надаецца працоўнай дысцыпліне.
Няма чаго штойваць, што час для ўсіх прадпрыемстваў сёння не самы просты. Аднак і ў такой сітуацыі мы стараемся трымаць планку: нам удаецца выплачваць заработную плату без крэдытаў, ёсць пэўныя аб’ёмы працы, на працягу чатырох месяцаў мы не адступаем ад прынятага бізнэс-плана. Ёсць усе перадумовы, каб 2016 год для прадпрыемства стаў не горшы, чым папярэдні.

Падрыхтавала да друку Н. СТУПЧЫК
Фота Н. АВЯРЧУК

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации