У невялікай вёсцы Лозкі нашага раёна ёсць прыкметны дом, які пазначаны беларускім, расійскім і савецкім сцягамі. І гэта не элементы дэкору, а патрыятызм, памяць гаспадара гэтага дома Фёдара Васільевіча Шалеснага пра сваё цяжкае мінулае.
Ён не па чутках ведае, што такое вайна. У гады Вялікай Айчыннай ён праяўляў адвагу, каб абараніць сваю Радзіму. Служыў з 1944 года на ІІ Беларускім фронце ў складзе 163-га стралковага палка, вызваляў акупіраваныя тэрыторыі.
– Я пачынаў служыць у Жытоміры, а потым мы накіраваліся ў Венгрыю, – распавядае Фёдар Васільевіч.
У Жытоміры тады яшчэ 20-гадовы Фёдар Шалесны навучаўся кулямётнай справе. У Венгрыі, куды ён трапіў пасля, развівалася “Будапешцкая аперацыя”, мэта якой – разгром нямецкіх войскаў і вывад краіны з вайны.
Фёдар Васільевіч з цяжкасцю прыгадвае некаторыя падзеі са сваіх ваенных дзеянняў: у час аднаго з баёў ён быў моцна паранены і атрымаў кантузію. На шчасце, гэта не перашкодзіла яму паўнавартасна жыць пасля заканчэння вайны.
У 1945 годзе салдат вярнуўся дадому, у родныя Лозкі, дзе многае нагадвала яму пра дзяцінства. У гэтай вёсцы жылі і яго бацькі, якія нават уявіць не маглі, што страшны ваенны цяжар зможа застаць іх сям’ю, іх вёсачку, іх краіну.
Фёдар Шалесны з дачкой Тамарай
– Цяпер я добра жыву, у мяне ўсё ёсць. Галоўнае, што вакол мяне ціха і спакойна, а яшчэ хутка са сваёй кампаніяй сустрэнуся, – жартаўліва кажа ветэран.
Мы гутарылі напярэдадні аднаго з важных для яго мерапрыемстваў – сустрэчай са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама, дзе з нагоды Дня Перамогі ўжо не першы год запар збіраюцца тыя, каго ваенныя падзеі не абышлі бокам. Для Фёдара Васільевіча такая ганаровая цырымонія адбудзецца ўжо ў трэці раз, і яе ён звычайна вельмі чакае. Там ветэраны абменьваюцца сваімі ўспамінамі, болем, нават дасягненнямі. У Фёдара Шалеснага шмат медалёў і ордэнаў, і кожны з іх атрыманы сапраўды за вялікія заслугі.
Ветэран, багаты на гады, не скардзіцца на здароўе і стараецца спраўляцца з хатнімі справамі. У гэтым яму дапамагае і дачка Тамара, якая імкнецца як мага часцей праводзіць час з бацькам. Фёдар Васільевіч выгадаваў пяцёра дзяцей, і цяпер у дом да ветэрана з’язджаюцца не толькі дзеці, але і ўнукі, і праўнукі.
Навучэнцы Лявонавіцкага дзіцячага сада-базавай школы таксама не забываюць адзінага ў вёсцы ветэрана, аказваюць яму дапамогу, віншуюць са святамі і арганізоўваюць для яго канцэрты-віншаванні.
Ні адно мерапрыемства, прысвечанае Вялікай Айчыннай вайне, у нашым раёне не праходзіць без удзелу Фёдара Шалеснага. У гэтым годзе ён, як і раней, будзе разам з дзятлаўчанамі святкаваць Дзень Перамогі і зноў сваім прыкладам, гісторыяй свайго лёсу пераканае нас, што няма нічога больш каштоўнага, чым чалавечае жыццё і мірнае неба над галавой.
Юлія БАКУНОВІЧ
1 Комментарий
Вялікі дзякуй ветэранам за Перамогу!