Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. Разгледжаны хадайніцтвы ўстановаў адукацыі раёна аб прыняцці рашэнняў па наяўнасці крытэрыяў і паказчыкаў недабрабыту па выніках сацыяльных расследаванняў.
Вопыт ёсць – “работы над памылкамі” няма
Сям’я, дзе падрастае чацвёра дзяцей, малодшай з якіх усяго паўгода, раней прызнавалася сацыяльна ненадзейнай, таму кантроль за бацькамі павышаны. На жаль, пасля перажытага вопыту дарослыя так і не зрабілі “работу над памылкамі”. Спецыялісты службаў прафілактыкі ведаюць іх схільнасці і не паленаваліся ў адзін з зімовых вечароў нанесці позні візіт. Як аказалася, рашэнне было правільным: у 22 гадзіны абодва дарослыя былі дома нецвярозымі, па ўсім відаць, не чакалі нязваных гасцей. Здарэнне стала падставай для правядзення сацыяльнага расследавання, якое паказала, што неабходныя ўмовы для жыццядзейнасці непаўналетніх па месцы іх жыхарства створаны, забяспечваюцца асноўныя патрэбы. Праўда, занепакоенасць выклікаюць якраз не побыт і забяспечанасць сям’і, а згубная схільнасць дарослых да алкаголю.
Па выніках сацыяльнага расследавання для далейшага аналізу сітуацыі бацькі былі выкліканы на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. Запрашэнне абодва праігнаравалі, спасылаючыся на тое, што гаспадара не адпусцілі з работы, а жанчына засталася з хворымі дзецьмі дома.
Як расказалі спецыялісты службаў прафілактыкі, падобныя паводзіны для бацькі і маці характэрныя, бо ўжо двойчы яны не прыходзілі і на пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку пры сельвыканкаме, дзе таксама павінна была адбыцца сур’ёзная прафілактычная размова. Праўда, мужчына перад пасяджэннем камісіі прайшоў кадзіроўку ад алкагольнай залежнасці, аднак, як паказвае практыка, гэта зусім не гарантуе цвярозага ладу жыцця ў далейшым.
Паколькі крытэрыі і паказчыкі недабрабыту ў сям’і пацвердзіліся, чацвёра непаўналетніх былі аднагалосна прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Бацькі, якія праігнаравалі пасяджэнне, атрымаюць пісьмовае паведамленне аб тым, што з іх сям’ёй пачалі рэалізацыю мерапрыемстваў па пераадольванні прычын недабрабыту, а таму візіты спецыялістаў службаў прафілактыкі стануць рэгулярнымі, нагляд – пільным.
Пакуль гучаць толькі абяцанні
За апошнія некалькі гадоў у гэтай сям’і з-за хатніх скандалаў ініцыіруецца ўжо трэцяе сацыяльнае расследаванне. А ўсё таму, што гаспадар, калі прыходзіць дамоў нецвярозы, не можа трымаць сябе ў руках і на заўвагі жонкі рэагуе даволі агрэсіўна, нядаўна нават “зарабіў” адміністрацыйны пратакол. Калі ў двух папярэдніх выпадках у сям’і прызнавалася “цяжкая жыццёвая сітуацыя”, а мужчына даваў чарговае абяцанне не піць і наладзіць узаемаадносіны са сваёй “палавінкай”, то на гэты раз спецыялісты службаў прафілактыкі больш не вераць яго абяцанням.
На камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама мужчыну прысаромілі, маўляў, які прыклад ён, дарослы чалавек, падае старэйшым дзецям, якія “вылецелі з бацькоўскага гнязда”, і сыну-падлетку, які рыхтуецца да паступлення.
Члены камісіі сышліся на думцы, што гаспадару абавязкова трэба прайсці лячэнне ад згубнай звычкі, каб блізкія не саромеліся яго паводзінаў і не цярпелі п’яную агрэсію. Паколькі ў сям’і адзначаюцца прыкметы недабрабыту, сын-старшакласнік прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Застаецца спадзявацца, што свае абяцанні наконт цвярозага ладу жыцця гаспадар нарэшце выканае, і сітуацыя наладзіцца.
Вадзім БЯЛЯТКА,
старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga