Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на Нараджэнне Хрыстова ў храме свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў Лагойску запаліў свечку.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у нашай незалежнай Беларусі ўсталявалася добрая традыцыя:
– Я ўжо казаў, што вельмі важна, калі мы хочам быць дзяржавай, каб у нас былі зацверджаны, устаноўлены і прызнаны ўсімі вамі, нашымі людзьмі, традыцыі. Адна з іх – гэта святы. Вялікдзень, Новы год, Дзень Перамогі, Нараджэнне Хрыстова. Гэта тыя святы, якія наша няпростая гісторыя не змагла сцерці з нашай памяці. Я ўпэўнены, што гэтыя святы ў нашых сэрцах назаўжды.
Сваім меркаваннем наконт значэння нацыянальных і рэлігійных традыцый падзялілася дырэктар Дзятлаўскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Вераніка Паўлоўская:
– Без традыцый немагчыма стварыць штосьці новае, яны аб’ядноўваюць як сям’ю, так і народ. Асабліва гэта важна ў наш час. Увогуле Нараджэнне, Хрышчэнне Хрыстова – гэта тыя таямніцы, да якіх хочацца далучыцца. Мы як раённы турысцкі інфармацыйны цэнтр імкнёмся і будзем гэта паказваць дзятлаўчанам і гасцям раёна. Зразумела, што цяпер ідзе перыяд, калі інтарэс да былых традыцый павялічваецца, прычым не толькі ў пакалення 70-х і 80-х, але і ў моладзі. Людзі вяртаюцца да сваіх вытокаў.
Асабіста ў мяне святы Нараджэнне Хрыстова, Вялікдзень, Хрышчэнне – гэта заўжды далучэнне да цуда, жаданне прыносіць радасць, дабро не толькі сваім родным і блізкім, але і ўсім навакольным людзям. Нездарма на Каляды існуе традыцыя: калі накрываюць на стол, заўжды на ім павінна стаяць пустая талерка – для госця. Яшчэ Нараджэнне Хрыстова ў мяне заўжды асацыіруецца з водарам сена, чысцінёй, марозным паветрам і абавязкова з цеплынёй сямейнага ачага. Як бы далёка я ні была ў час свята ад дома, усё роўна ў сэрцы застаецца гэта цеплыня, разуменне далучэння да чагосьці вялікага, значнага, светлага, што аб’ядноўвае людзей. Безумоўна, гэта яшчэ і той час, калі ўпрыгожваецца ёлка, а ў нашай сям’і гэта нязменна адбываецца 24 снежня. Са скрынак дастаём старыя, яшчэ савецкія бабуліны ёлачныя цацкі, якія старанна захоўваем многія дзесяцігоддзі. Мяркую, у многіх сем’яў захавалася нешта падобнае, што аб’ядноўвае нас з продкамі, мінулымі пакаленнямі, дорыць пачуццё радасці і маленькага цуда. Упэўнена, што кожнае такое свята – гэта новыя пачуцці і новыя адкрыцці.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga