Каля возера ў Жукоўшчыне сабрала жыхароў і гасцей аграгарадка свята Купалле. Увечары атмасфера напаўнялася чараўніцтвам.
Павітаць усіх прысутных прыйшлі Купаліш з Купалінкай, пажадалі добрага настрою і самага галоўнага ў гэтае свята – знайсці папараць-кветку.
Невядома адкуль на забаўляльнай пляцоўцы з’явіліся чэрці, якія спрабавалі напалохаць гасцей свята і сапсаваць канцэртную праграму. Але ў іх нічога не атрымалася: як вядома, дабро перамагае зло.
Тым часам завітала на свята і гаспадыня-Купаліца, паклікала дзяўчат наплесці купальскіх вянкоў і пусціць іх па вадзе.
Конкурс на лепшы вянок аб’яднаў удзельніц, нягледзячы на тое, што паміж сабой яны былі саперніцамі.
Самую маленькую прыгажуню гледачы гучнымі апладысментамі вызначылі пераможцай, а арганізатары конкурсу ўручылі ёй прыемны падарунак.
Потым дзяўчынкі разам пайшлі да возера, каб пусціць свае вяночкі па вадзе: чый вянок хутчэй паплыве, тую і замуж хутчэй возьмуць.
Так і не разабраліся, у каго хутка вяселле адбудзецца, а каму ў дзеўках прыйдзецца сядзець, бо вяночкі плавалі то сінхронна, то кожны ў сваім напрамку.
Для тых, хто хацеў даведацца пра свайго будучага мужа, варажбітка правяла прадказані. У мяшочак са збожжам апускалі залатое і срэбнае пярсцёнкі: калі дзяўчына даставала залатое, то чакаць ёй мужа багатага, калі срэбранае – простага і добрага.
Пакуль дзяўчаты на жаніхоў гадалі, над возерам пралятаў бусел. Гавораць, што гэта да з’яўлення дзіцяці. Хто ведае, магчыма, у кагосьці з тых, хто вырашыў зазірнуць у будучыню, хутка сапраўды з’явіцца свая сям’я.
Яшчэ адна з галоўных традыцый купальскага свята – пошукі папараці-кветкі, якая абавязкова прынясе каханне і шчасце. Часцей за ўсё чароўную кветку шукаюць жанчыны, але ў Жукоўшчыне папараць-кветку ўдалося знайсці маладому мужчыне. Кветка “спрацавала” адразу, бо мужчыне пашанцавала атрымаць прыз ад арганізатараў свята.
Са сцэны на працягу вечара гучалі купальскія песні ад раённых артыстаў, а фальклорны калектыў вёскі Погіры вучыў прысутных танцаваць кракавяк, польку і іншыя народныя танцы.
Адным з доўгачаканых момантаў свята было запальванне вогнішча. Купаліца распарадзілася запаліць яго, калі стала цямнець, і ад яркіх колераў з’явілася ўражанне, што сонца ўвогуле не садзілася за гарызонт.
Шчаслівыя твары людзей былі доказам таго, што свята адбылося выдатнае. На беразе возера народ кружыў у карагодзе, падпяваў песні і праводзіў прыгожы чырвоны закат.
Юлія БАКУНОВІЧ
Стоит почитать:
1 Комментарий
Красивая у нас природа, и люди — красивые.