Юбілейным выдаўся 2025 год для нашай зямлячкі, ураджэнкі вёскі Гезгалы Эміліі Каско – у студзені яна адзначыла 90-годдзе.

З гэтым важкім юбілеем у святочны дзень яе віншавалі не толькі родныя і блізкія, але і старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Іван Свіб, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, работнікі культуры. Атрымалася па-сапраўднаму цёплая і шчырая сустрэча, якая падарыла імянінніцы шмат эмоцый і запомніцца надоўга. А ў такім паважаным узросце ўвага, клопат і адчуванне сябе неабходным вельмі цэніцца.

Эмілія Аляксандраўна згадзілася на просьбу гасцей расказаць пра свой доўгі жыццёвы шлях і падзяліцца з маладым пакаленнем сакрэтамі даўгалецця. Нарадзілася яна ў вёсцы Гезгалы ў вялікай дружнай шматдзетнай сям’і. Дзяцінства, як і ў многіх у тыя часы, было цяжкае. Дзяўчынка скончыла толькі тры класы пачатковай школы, затым прыйшлося дапамагаць бацькам па гаспадарцы.

Дзеці ў сям’і ўсе былі працавітыя, браліся за любую работу, якая была ім па сілах. Гледзячы на дарослых, пераймалі іх уменні: дзяўчынкі вучыліся вышываць, вязаць і ткаць. Эмілія Аляксандраўна ў маладосці таксама вельмі любіла рукадзельнічаць, самаробныя рэчы дапамагалі разнастаіць і гардэроб, і быт.

У 16 гадоў дзяўчына паехала шукаць шчасця ў горад Мінск, там уладкавалася на будоўлю, дзе адпрацавала тры гады. Калі захварэла мама, прыйшлося вярнуцца дадому. Пайшла працаваць у калгас “1 Мая” даяркай. Прафесію выбрала нялёгкую, але неабходную і аддала ёй 32 гады. Нават пасля выхаду на пенсію Эмілія Аляксандраўна не магла сядзець дома – яшчэ пяць гадоў была даглядчыцай цялят у калгасе. Старанні і добрасумленная праца жанчыны не засталіся незаўважанымі – яна атрымала шмат узнагародаў, у ліку якіх ордэн Леніна, “За добрасумленную працу”, “Пераможца сацспаборніцтваў”, “Ударнік 9-й пяцігодкі”.

Вялікім багаццем у жыцці жанчына лічыць сваю сям’ю. Не забываюць матулю, клапоцяцца пра яе трое цудоўных дзяцей, радуюць сваімі поспехамі і дасягненнямі шасцёра ўнукаў і адна праўнучка.

Усе госці пажадалі юбілярцы моцнага здароўя яшчэ на доўгія гады, бадзёрасці духу, сілаў, радавацца кожнаму пражытаму дню і абавязкова сустрэць наступны прыгожы юбілей – 100-годдзе.

Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga