У гэты вясновы квітнеючы май мы сустракаем свята Вялікай Перамогі і 82-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Год беларускай жанчыны на старонках газеты “Перамога” расказваем пра нашых зямлячак, якія змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны разам з мужчынамі, праяўляючы адвагу, гераізм, вернасць прынцыпам і любоў да Радзімы.

Марыя Мікалаеўна Пуйта

Нарадзілася ў 1921 годзе ў горадзе Бранску, марыла стаць доктарам. Яна толькі-толькі скончыла медыцынскі тэхнікум і збіралася на працу, але першы працоўны дзень у яе адабрала вайна. Замест беласнежнага халата дзяўчыне давялося надзець гімнасцёрку, а туфлі-лодачкі змяніць на салдацкія боты.

У першы дзень Вялікай Айчыннай вайны яна добраахвотна пайшла на фронт, дадаўшы сабе два гады ў дакументах. Усю вайну была на перадавой: франтавая медсястра ваявала на Бранскім, Цэнтральным, 1-м Украінскім і 2-м Беларускім франтах. Некалькі разоў была паранена.

За доблесць і гераізм, праяўленыя ў баях, выратаванне байцоў, якіх яна вынесла з поля бою, Марыя Мікалаеўна была ўзнагароджана ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі “За абарону Сталінграда”, “За перамогу над Германіяй”.

За работу ў мірны час узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта ад 17 чэрвеня 2008 года № 289 прозвішча Марыі Мікалаеўны Пуйта занесена ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна.

Марыя Васільеўна Ільюшэнка (Толкушава)

Яе жыццёвы шлях пачаўся ў сяле Колбаўка Сталінградскай вобласці Расіі. Скончыўшы сярэднюю школу, дзяўчына працавала піянерважатай у Дзіцячым доме. Усе яе планы на жыццё парушыла вайна. Марыі было 19 гадоў, калі яна разам са сваімі сяброўкамі-равесніцамі пайшла добраахвотніцай абараняць Радзіму. На фронт ёй удалося патрапіць у красавіку 1942 года – размеркавалася ў 9-ы Сталінградскі корпус супрацьпаветранай абароны, дзе разам з ёю былі больш за восем тысяч дзяўчат-добраахвотніц. Жылі ў зямлянках, якія рабілі самі. Нялёгкую службу, сціплы быт пераадольвала непарушная вера ў Перамогу. Адным з важных этапаў на шляху да яе стала Сталінградская бітва. Пасля перамогі пад Сталінградам Марыя Васільеўна працягвала службу ў войсках другога Беларускага фронту. У 1944 годзе сяржант Марыя Толкушава ўзначаліла пост, які знаходзіўся ў вёсцы Харашкі Дзятлаўскага раёна. На беларускай зямлі жанчына сустрэла Дзень Перамогі. Усяго некалькі месяцаў да гэтай падзеі не дажылі чатыры сяброўкі Марыі Васільеўны. Памяць аб іх увекавечана ў абеліску, які знаходзіцца ў вёсцы Пагародна Воранаўскага раёна.

Ужо ў мірны пасляваенны час Марыя Толкушава скончыла Гродзенскую партыйную школу. Працавала другім сакратаром райкама камсамола ў Дзятлаве, на працягу дваццаці гадоў узначальвала раённы Дом культуры. З’яўлялася арганізатарам народнага хору “Ветэраны ў страі” і самай актыўнай удзельніцай жаночага руху Дзятлаўшчыны. За баявыя заслугі Марыя Васільеўна ўзнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За абарону Сталінграда”, “За Перамогу над Германіяй”, медалём Жукава.

Марфа Сяргееўна Марозава (Мяцеліца)

Нарадзілася 19 лістапада 1920 года ў вёсцы Ермакоўка Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыўшы ў 1936 годзе сем класаў Паланіцкай няпоўнай сярэдняй школы, паступіла ў Крычаўскае педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць “настаўніца пачатковых класаў і выхавальнік дашкольных установаў”. Калі пачалася вайна, была эвакуіравана ў РСФСР, у Чкалаўскую вобласць (пасля вайны – Арэнбургская), жыла ў сяле Вятлянка Бураннага раёна і працавала падлікоўцам у калгасе “Ударнік”.

У лютым 1942 года па камсамольскім прызыве добраахвотна пайшла на фронт, дзе знаходзілася да канца вайны. Два гады служыла ў войсках ПВА начальнікам назіральнага пункта асобнага батальёна паветранага назірання, апавяшчэння і сувязі на Заходнім і Паўднёвым франтах ПВА. З верасня 1944 года – старшы сяржант, камандзір аддзялення тэлефаністак і старшая радыётэлефаністка 83-га асобнага батальёна сувязі ІІ Украінскага фронту. Прымала ўдзел у баях пры абароне Закаўказзя і Сталінграда. Знаходзячыся ў складзе механізаванага корпуса ІІ Украінскага фронту, удзельнічала ў вызваленні Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі. Вайну закончыла ў горадзе Брно ў складзе савецкіх войскаў у Чэхаславакіі. Адтуль у ліпені 1945 года была дэмабілізавана з арміі.

Марфа Сяргееўна мае шмат узнагарод, якія атрымала ў гады вайны і ў мірны час: ордэн Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі “За абарону Сталінграда”, “За абарону Каўказа”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне ў 1941-1945 гадах”, “За доблесную працу”, “З нагоды 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна”, “Ветэран працы” і дзесяць іншых юбілейных медалёў.

Вацлава Томашаўна Кардаш

Нарадзілася ў 1922 годзе ў Сумскай вобласці (Украіна). Да пачатку вайны ўжо працавала ў мястэчку Канатоп недалёка ад Львова. У першыя дні вайны моладзь адпраўлялі капаць супрацьтанкавыя рвы. Але за некалькі дзён гэта немагчыма было зрабіць, бо выкарыстоўвалі толькі рыдлёўкі і тачкі, таму пачалася эвакуацыя гарадка.

Вацлаву Томашаўну разам з іншымі медсёстрамі адправілі ў шпіталь. У час вайны медыцынскія сёстры цаніліся як дактары, але ім даводзілася выконваць работу і дактароў, і сядзелак, і санітарак. Шпіталь увесь час пераязджаў з месца на месца, таму кожнае новае памяшканне прыходзілася вычышчаць і вымаваць самім, пераносіць параненых. Работа была цяжкая фізічна і маральна. Медсёстры, каб падняць настрой хворым, стараліся ніколі не сумаваць, заставацца моцнымі.

Вацлава Кардаш узнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём “За перамогу над Германіяй”. Пасля вайны пераехала ў Наваельню і працавала медсястрой у Новаяльнянскай бальніцы.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#годбелорусскойженщины #нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации