11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Гэта дзень памяці ўсіх, хто пацярпеў ад нацысцкага рэжыму, стаў ахвярай бесчалавечнай палітыкі знішчэння цэлых народаў.

На Дзятлаўшчыне з гэтай нагоды праходзіць ужо традыцыйны марафон памяці ад грамадскіх аб’яднанняў і работнікаў культуры. У час яго старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар, яго памочнік Ядвіга Гушча, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці наведалі былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, нашых землякоў.


Словы падтрымкі і добрыя пажаданні ў гэты дзень пачулі Галіна Сліжэўская, Вера Калпінская, Раіса Венславоўская. Кветкі, прыемныя падарункі і душэўныя песні прывезлі госці кожнай жанчыне.

– Вы памятаеце страшныя часы вайны, якая забрала ў вас дзяцінства. Нізкі паклон за вашу стойкасць, мужнасць, здароўя вам, усмешак, слёз – толькі ад шчасця і радасці, міру, дабра вам і вашым родным, заставацца маладымі ў душы і энергічнымі, яшчэ доўгіх гадоў жыцця, – жадалі госці гаспадыням.




У гэты дзень сумных успамінаў паднялі настрой папулярныя песні ад дзятлаўскіх артыстаў – легендарная “Кацюша” і беларускія “Мы вам жадаем!”, “Цячэ вада ў ярок”.



Жанчыны-былыя вязні былі шчыра ўдзячныя за прыемныя хвіліны радасці ад сустрэчы, падзякавалі за ўвагу і клопат, пажадалі ўсім міру, даўгалецця, поспехаў у справах, галоўнае – каб ніколі ніхто больш не зведаў горыч вайны, а маладое пакаленне беражліва захоўвала памяць аб подзвігах сваіх продкаў.

Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#Дятловщина #ВОВ #ветеран