Экспедыцыйны атрад VI класа Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы сумесна з класным кіраўніком правялі сваю даследча-пошукавую работу па родных мясцінах з мэтай даведацца больш пра ваенную гісторыю Дзятлаўшчыны.

Вайна пакінула след амаль у кожнай сям’і. Дваццаць мільёнаў сваіх сыноў і дачок не далічылася Беларусь. Цяжкую вайну вынес на сваіх плячах наш народ. Ён праліваў кроў, галадаў, аддаваў фронту апошняе.

З успамінаў аднасяльчан мы даведаліся, як яны сустрэлі звестку аб тым, што пачалася вайна, што перажылі яны ў гэты час. У школьным музеі захаваліся ўспаміны ветэранаў вайны і сведкаў падзей Вялікай Айчыннай вайны. Наша экспедыцыя стартавала менавіта адсюль.

З успамінаў Леаніда Шавяля, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны:

– Мне тады было дзевятнаццаць гадоў. Выхадным вечарам я пайшоў на танцы ў суседнюю вёску Накрышкі. У гэты дзень было вельмі цёпла, дуў лёгкі ветрык. Мне тады спадабалася адна дзяўчына. Яна дазволіла правесці яе дадому. Я памятаю, што мяне ўразіла цёмнае неба на захадзе, страшная думка закралася ў сэрца. Па нашых вёсках хадзілі чуткі, што хутка пачнецца вайна, але ніхто ў гэта не верыў. Раніцай мы зразумелі, што чуткі сталі сапраўднасцю. Я, як і многія іншыя мае аднагодкі, быў выкліканы ў ваенкамат. Праз некаторы час нас адправілі на фронт. Жахі, якія былі на вайне, немагчыма апісаць. Было вельмі цяжка перажыць страту родных. У адным з баёў загінуў мой лепшы сябар.

Захаваліся ўспаміны Зінаіды Сіўко: страшную навіну аб пачатку вайны пачула ў роднай вёсцы Хвінявічы. Запомнілася цяжкае адступленне Чырвонай арміі, вельмі многа было раненых і хворых салдат, якія не маглі перамяшчацца, і ім прыйшлося застацца ў пасёлку Дзятлава. Для лячэння параненых Дзятлаўскі святар Іаан Комар арганізаваў у панскім доме бальніцу. Хворых даглядала матушка і яшчэ некалькі жанчын. Зінаіда Мікалаеўна са сваёй сяброўкай Лідзіяй Лаўнік насілі з вёскі Хвінявічы ў дом святара прадукты, адзенне, бялізну для перавязак, каб хоць чым-небудзь дапамагчы раненым байцам. Самі яны не маглі дапамагаць, таму што было далёка дабірацца і надоўга нельга было пакідаць малых дзяцей. Пасля таго, як фашысты акупіравалі раён, жыць стала вельмі цяжка. Немцы забралі ўсю жывёлу, наступіў голад. Захопнікі гвалтам вывозілі нашых людзей у Германію, забралі і яе мужа. Зінаіда Мікалаеўна засталася адна з двума маленькімі дзецьмі. Хутка ў яе сям’ю прыйшла яшчэ адна бяда: маладую жанчыну забралі ад дзяцей у абоз, які суправаджаў нямецкіх карнікаў. Праз тыдзень яна змагла вярнуцца ў родную вёску. Зінаіду Мікалаеўну ахапіў жах, калі ўбачыла дзетак: малодшы сынок Васілёк ад голаду ўжо не мог нават плакаць, а толькі хрыпеў і хутка памёр у яе на руках.

Не менш жахлівыя ўспаміны Алены Грэбень. Да вайны яна жыла на хутары разам з бацькамі. Усе разам працавалі на ўласнай гаспадарцы і дапамагалі калгасу. З прыходам немцаў многія пакідалі хутар, таму што ворагі адносіліся да мясцовага насельніцтва з недаверам, лічылі, што яны дапамагаюць партызанам. Немцы часта абстрэльвалі дамы сялян. Было страшно, калі кулі свісталі над галавой. Аднойчы немцаў прыехала больш, чым заўсёды. Яны хадзілі з хаты ў хату, шукалі партызан. Перад ад’ездам фашысты спалілі ўсе хаты і забралі бацьку Алены Іванаўны. Больш яна яго ніколі не бачыла.

Глафіра Жамойдзік, жыхарка вёскі Хвінявічы, паведаміла, што сустрэла вестку аб вайне шасцігадовым дзіцём. У памяці засталася аблава карнага атрада. У той дзень у іх вёсцы немцы забілі сем’і партызан Мікалая Місарэвіча і Сцяпана Лянцэвіча, а іх дамы і гаспадарку спалілі. На вачах аднасяльчан іх доўгі час білі за тое, што яны падтрымліваюць сувязь з партызанамі. Для ўсіх было загадкай, хто данёс у камендатуру такую інфармацыю. Кожны дзень жылі яны ў страху, але дапамагалі тым, хто жыў у партызанскім лагеры.

Гэтыя ўспаміны трывожаць душы сталых людзей, але мы, падрастаючае пакаленне, павінны аб гэтым ведаць і помніць. Як добра, што лёс дае нам магчымасць сустрэцца з жывой гісторыяй – сведкамі вайны. Яны ўжо сталыя людзі, але іх успаміны яркія і запамінальныя, таму што гэты жах забыцца немагчыма праз гады.

экспедыцыйны атрад VI класа,
Таццяна Жынко,
настаўніца Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы

administrator

Recent Posts

«Можем конкурировать». Александр Лукашенко ставит задачу активнее осваивать рынок светодиодных ламп

Беларуси необходимо активнее осваивать рынок светодиодных ламп, для этого есть и кадры, и компетенции. Об…

1 час ago

Александр Лукашенко в Бресте поставил задачи на уборочную кампанию

Президент Беларуси Александр Лукашенко во время рабочей поездки в Брест актуализировал задачи для аграриев на…

6 часов ago

У ААТ “Дварэц-Агра” – першыя на Дзятлаўшчыне камбайнеры-тысячнікі!!! (будзе дапоўнена)

Другі год запар ААТ “Дварэц-Агра”, падшэфнае сельгаспрадпрыемства ААТ “Молочный Мир”, трымае пальму першынства на жніве…

6 часов ago

Іншаземкі прыжыліся на Дзятлаўшчыне

КСУП “Хвінявічы” славіцца высокімі паказчыкамі ў жывёлагадоўлі, нязменна знаходзячыся ў лідарах раёна па надоях, прывагах…

24 часа ago

Каб “золата” з хлебнай нівы было вышэйшай якасці

Гудуць магутныя машыны, высыпаючы з прычэпаў зярняты. Яны льюцца хуткай плынню, горамі ўзвышаюцца на збожжатаку…

24 часа ago

Вблизи белорусско-литовской границы задержан мужчина с беспилотником

Гродненские пограничники задержали мужчину с беспилотником кустарного производства. Об этом БЕЛТА проинформировали в Госпогранкомитете. Вблизи…

1 день ago