Вольга Індура — прыемная і сур’езная дзяўчына з устойлівымі жыццёвымі прынцыпамі і ўласным поглядам на многія рэчы, і ні што, акрамя лейтэнантскіх пагонаў, на першы погляд не выдае ў ёй супрацоўніка міліцыі, а тым больш інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

IMG_1304b

— Цікаўная, актыўная, мэтанакіраваная, — так характарызуюць яе саслужыўцы. За гэтыя якасці на сёлетняй справаздачна-выбарчай канферэнцыі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” яе кандыдатура была ў ліку прапанаваных для выбару ў моладзевы актыў раёна. І вось ужо некалькі месяцаў Вольга з’яўляецца сакратаром пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” Дзятлаўскага раённага аддзела міліцыі. За плячамі ў яе дзесяць гадоў членства ў “Беларускім рэспубліканскім саюзе моладзі” і значны вопыт грамадскай дзейнасці:

— Міліцыя заўсёды прымае самы актыўны ўдзел у разнастайных моладзевых акцыях і мерапрыемствах па лініі дзяржаўтаінспекцыі і інспекцыі па справах непаўналетніх, — расказвае Вольга Індура. — Гэта і работа з моладзевымі атрадамі аховы правапарадку, і конкурсы юных інспектараў дарожнага руху, і асабліва запамінальныя для моладзі раёна спаборніцтвы скутарыстаў “Шустры кубік”, і першынство раёна па плаванні “Калядны заплыў”, а таксама дні адчыненых дзвярэй, лекторыі для школьнікаў па захаванні здаровага ладу жыцця, прафілактычныя акцыі па барацьбе з наркотыкамі.

Наша пярвічная арганізацыя не вельмі вялікая — усяго 12 чалавек, але мы стараемся не адставаць ад іншай моладзі раёна, па-магчымасці, удзельнічаць у мерапрыемствах. Дарэчы, і цяпер наша каманда з пяці чалавек прыняла ўдзел у адкрытым раённым турніры па пейнтболе. На Дзятлаўшчыне такое мерапрыемства праходзіла ўпершыню, і для моладзі яно было асабліва цікавым. Наогул, я лічу, што ў наша стагоддзе камп’ютарных тэхналогій людзі сталі шмат часу праводзіць ля манітора. Нават размовы з сябрамі і суседзямі часцей адбываюцца “ВКонтакте”, чым у жыцці. Многія выкарыстоўваюць вольны час, каб “пахадзіць” па прасторах Інтэрнэта, а не атрымаць асалоду ад вячэрняй прагулкі, выезду на прыроду, захапляльнай спартыўнай гульні. Лічу, прыспеў час паказаць моладзі, што камп’ютару ёсць цікавая альтэрнатыва. Жывая размова, актыўныя гульні, паездкі і паходы знімаюць агрэсію, прыносяць радасць. Чалавек не стане шукаць задавальнення ў алкаголі або “спайсе”, калі яму ёсць чым заняцца і ён мае сапраўдных сяброў. Таму я толькі “за”, калі бачу, што моладзевая арганізацыя шукае новыя формы работы. Але ў дзяцей і маладога пакалення варта яшчэ выхоўваць дысцыпліну, каб акрамя словаў “я хачу” яны ведалі слова “трэба”.

У самой Вольгі Індуры вольны час строга абмежаваны ў сувязі са службай. Нават у выхадныя і святы ёй часта даводзіцца выходзіць на дзяжурствы па ахове правапарадку, ездзіць у камандзіроўкі ў суседнія раёны, каб узмацніць патрулі, падтрымаць калегаў-міліцыянераў. Але дзяўчына не скардзіцца на цяжкасці, наадварот, кажа, што асэнсавана выбрала для сябе прафесію.

— Сама я родам з Дзятлава, скончыла сярэднюю школу №3, а пасля — Гродзенскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча хімічнай прамысловасці па спецыяльнасці “сакратар-бухгалтар, аператар ЭВМ”, — расказвае Вольга. — Вярнулася ў родны горад, але работу па спецыяльнасці не знайшла: працавала прадаўцом у магазіне “Квана”. У снежні 2004 года з працы звальнялася мая матуля, якая была сакратаром у аддзеле ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама. Гэта адпавядала маёй спецыяльнасці, і матуля прапанавала пайсці на яе месца. Так я трапіла ў аддзел. Тут мне спадабалася. Вырашыла прадоўжыць вучобу, каб быць не проста сакратаром, а супрацоўнікам міліцыі. Завочна атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “юрыспрудэнцыя” ў Мінскім філіяле Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта. У маі 2013 года была залічана курсантам у вучэбны цэнтр Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, дзе мне прысвоілі першае званне “прапаршчыка”. Праз тры месяцы падрыхтоўкі, у жніўні 2013-га, прыступіла да выканання службовых абавязкаў у Дзятлаўскім райаддзеле міліцыі на сваёй цяперашняй пасадзе інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

Варта зазначыць, што работа ў Вольгі Індура спецыфічная. Гэта кантроль за асуджанымі да пакарання, якое не звязана з ізаляцыяй ад грамадства, і суправаджэнне асобаў, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі да пагашэння судзімасці. Людзі могуць быць розныя — і тыя, хто правёў за кратамі больш за палову жыцця, і асуджаныя ўпершыню. Каб сустракацца з такім кантынгентам, трэба мець цярпенне, быць псіхолагам.

— Работа складаная, — прызнаецца Вольга, — але ў мяне ёсць галоўнае: жаданне працаваць. І гэта не амбіцыі. Мой дэвіз у працы і ў жыцці: не заставацца ў баку ад падзей. І на больш спакойнае месца я ўжо не пагадзілася б. Калі да мяне ў кабінет прыходзяць паднаглядныя, то адношуся да іх перш за ўсё з павагай. Пад адзеннем не бачыш наколак, а ў душу да візіцёра не заглянеш. Функцыя нашай службы — накіраваць чалавека на шлях выпраўлення. Вядома, калі хто-небудзь выпраўляцца не збіраецца, то ў адносінах да яго прымаем меры ўздзеяння. Ахоўнікі правапарадку павінны абараняць спакой і жыццё простых грамадзян тымі сродкамі, якімі дазваляе закон. На гэта і скіроўваем намаганні. Паднаглядным дапамагаем працаўладкавацца, адаптавацца да жыцця ў грамадстве, паказваем, якімі павінны быць нармальныя ўзаемаадносіны з людзьмі. Так, напярэдадні навагодніх святаў у межах акцыі “Крок насустрач” мы набылі падарункі для дзяцей паднаглядных, разам з начальнікам міліцыі ездзілі іх уручаць. Многія здзіўляліся нашаму візіту, але амаль нікога ён не пакінуў раўнадушным.

Як бачыце, мая служба, сакратарства ў пярвічцы, грамадская дзейнасць цесна ўзаемазвязаны і адзінае, чаго мне можа не хапаць, — гэта вольнага часу. Але, калі ўсё ж выдаецца свабодная хвілінка, стараюся патраціць яе на чытанне мастацкай літаратуры. Гэта маё захапленне. Я з’яўляюся членам кніжнага клуба. Вось толькі не люблю чытаць творы ў Інтэрнэце. Я павінна адчуваць кнігу, гартаць яе старонкі, бачыць вокладку. І яшчэ маё “залатое” правіла: абавязкова дачытваць пачатае да канца, нават калі твор не вельмі спадабаўся.

І. КАЎКЕЛЬ
Фота Б. ВАРНЫ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации