Наведвальнікі летніка “Расток”, які функцыянуе на базе сярэдняй школы № 3 райцэнтра, сёння змаглі адчуць сябе сапраўднымі фотакарэспандэнтамі раённай газеты “Перамога”.
Галоўны рэдактар выдання Ірына Камарова завітала да старшакласнікаў на нефармальную, пазнавальную сустрэчу. Каб у школьным класе яна ператварылася ў сапраўды класную сустрэчу, Ірына Чаславаўна прынесла падлеткам важны інструмент журналіста – прафесійны фотаапарат, і кожны жадаючы паспрабаваў сябе ў майстэрстве фотаздымкі для “раёнкі”.









Ці лёгка быць журналістам, дзе можна навучыцца пісаць артыкулы, якія могуць сустрэцца цяжкасці на шляху чалавека, які абраў прафесіяй асвятленне падзей, – пра гэта ішла размова з моладдзю, а яшчэ пра цяперашнюю сучасную газету “Перамога”, яе актыўную лічбавізацыю і аператыўную, адказную работу калектыву. Таксама Ірына Чаславаўна паказала дзецям работы, якія стварае рэдакцыя для ўдзелу ў прафесійных конкурсах, і самую галоўную рэспубліканскую ўзнагароду беларускіх СМІ – бронзавую статуэтку Нацыянальнага конкурсу “Залатая Літара”, якую дзятлаўская газета заваявала ў 2021 годзе. Сэлфіліся з бронзавай “Літарай” з непадробнымі цікавасцю і азартам.











Па завяршэнні сустрэчы галоўны рэдактар падарыла школе фотакнігу “Дятлово 525”, якую рэдакцыя летась стварыла і выдала да юбілею горада.
Вольга ЮШКЕВІЧ
Фота наведвальнікаў летніка “Расток”
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga