Унікальная здольнасць знаходзіць аднадумцаў і даводзіць да канца нават самыя складаныя і на першы погляд невырашальныя справы  заўсёды вылучала нашага земляка, ураджэнца вёскі Ахонава Уладзіміра Міхайлавіча Логаша.

Гэты неардынарны чалавек паспеў пакінуць пасля сябе глыбокі след на зямлі і ў сэрцах людзей. Пра важныя падзеі жыцця Уладзіміра Міхайлавіча, якія значна паўплывалі на развіццё Дзятлаўскага і суседняга Лідскага раёнаў, аддаючы светлую даніну памяці яго асобе, успамінаюць сябры і аднадумцы, людзі, якім пашанцавала знаходзіцца побач з гэтым таленавітым і мэтанакіраваным чалавекам, яркім прыкладам кіраўніка і грамадскага дзеяча.

Пётр Свіб, былы старшыня калгаса “Расія”:

– З Уладзімірам Міхайлавічам мяне звязваюць дзясяткі гадоў моцнага сяброўства. Сустрэліся мы выпадкова ў пяцьдзясят чацвёртым годзе ў Лідзе. На той час я вучыўся ў тэхнікуме на вуліцы Савецкай, а ён у тым жа мікрараёне працаваў прарабам будаўнічай арганізацыі на рэканструкцыі Лідскай цеплавой электрастанцыі. Пазнаёміліся як землякі: ён – з Ахонава, я – з Яцвезі. Затым быў працяглы перапынак. Увесь гэты час Уладзімір Логаш працаваў у Лідзе, будаваў многія важныя аб’екты горада, прайшоў шлях ад прараба да кіраўніка будаўнічага трэста № 19, а затым і старшыні Лідскага гарвыканкама.

Яго “гераічнай эпапеяй” можна назваць узвядзенне Лідскага лакафарбавага завода. У 1963 годзе Уладзімір Міхайлавіч ужо ўзначальваў будтрэст і курыраваў работу субпадрадчыкаў. З даведзеным заданнем будаўнікі спраўляліся за рэкордна кароткі час. Вышэйшае кіраўніцтва заўважыла ўменне Уладзіміра Логаша знаходзіць правільныя рашэнні пры выкананні складаных задач, і з 1969 па 1980 гады ён займаў пасаду старшыні Лідскага гарвыканкама. У 70-х гадах як кіраўнік горада вырашыў важную праблему будаўніцтва ў Лідзе мостаправода праз чыгуначныя шляхі па вуліцы Ленінскай, які дапамог разгрузіць транспартны рух, шмат намаганняў прыклаў для аднаўлення вядомага помніка гісторыі – “Лідскага замка”.

У “лідскі” перыяд Уладзіміра Логаша з яго лёгкай рукі адбылося лёсавызначальнае для Дзятлаўскага раёна адкрыццё радонавых водаў. Калі ў калгасе “Расія” са строю выйшла свідравіна, Уладзімір Логаш накіраваў на малую радзіму адну з буравых установак мінскага “Прамбудвода”, што да гэтага працавала на водазаборы для будоўлі Лідскага лакафарбавага завода. Прабураная свідравіна аказалася радонавай і Уладзімір Логаш з вялікім энтузіязмам падтрымаў ідэю аб узвядзенні на землях калгаса “Расія” санаторыя, а затым паклапаціўся, каб будаўнічыя работы выконвала структурнае падраздзяленне Лідскага будтрэста № 19 і шмат чаго яшчэ ў далейшым зрабіў для развіцця курортнага турызму на Дзятлаўшчыне.

Наша з ім сяброўства яшчэ больш умацавалася ў 1984 годзе, калі Уладзіміра Міхайлавіча, на той час ужо загадчыка аддзела будаўніцтва Гродзенскага абкама партыі, замацавалі за калгасам “Расія”, дзе я быў старшынёй. Мець такога куратара стала вялікім шчасцем. Уладзімір Логаш параіў набыць для калгаса завод па вытворчасці цэглы ў Малых Шастаках, а затым яшчэ адзін пабудаваць у Дзятлаве. Па яго парадзе і пры непасрэднай падтрымцы ў нашай гаспадарцы з’явілася звераферма. Прыбытак ад яе быў вышэйшы, чым ад асноўнай вытворчасці гаспадаркі. Таксама Уладзімір Міхайлавіч падштурхнуў мяне заняцца бройлерамі і арганізаваць птушкафермы “Маскалёўцы” і “Раклевічы”.

Клапаціўся Уладзімір Логаш і пра сваю родную вёску Ахонава, дзе з яго ініцыятывы была пабудавана царква. Будаўніцтвам храма займаўся айцец Валерый Мануйла, якога Уладзімір Міхайлавіч стараўся ва ўсім падтрымаць.

Наша з Уладзімірам Логашам сяброўства прадаўжалася і на пенсіі. У маім сэрцы ён назаўсёды застанецца Чалавекам з вялікай літары, мудрым кіраўніком, выдатным сем’янінам. З жонкай яны выгадавалі двух дзяцей: дачку Іну і сына Уладзіміра. Дзеці сталі годнымі людзьмі, выбралі медыцынскія спецыяльнасці, паспяхова працуюць. Уладзімір Логаш быў простым у адносінах сябрам, таленавітай, рознабакова развітай асобай. З ім заўсёды было цікава, ён любіў вершы Маякоўскага, сам спрабаваў пісаць, у яго радках гучала ні з чым непараўнальная любоў да роднай старонкі, якую ён пранёс праз усё жыццё.

Станіслаў Лычкоўскі, былы першы намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:

– Я з вёскі Нагародавічы, з Уладзімірам Логашам мы землякі і амаль аднагодкі, хаця пазнаёміліся дарослымі. Сяброўства наша завязалася на глебе будаўніцтва. У 1965 годзе мяне прызначылі старшынёй калгаса імя Карла Маркса (цяпер ААТ “Граніт-Агра”), затым я працаваў у Дзятлаўскім райвыканкаме, а пасля шмат гадоў – старшынёй гаспадаркі “Маяк Заполля ў Карэліцкім раёне. Пры падтрымцы Уладзіміра Логаша, які быў загадчыкам аддзела будаўніцтва Гродзенскага абкама партыі, мы ўзвялі шмат значных аб’ектаў, а Дварцу культуры гаспадаркі і цяпер можа пазайздросціць любы раённы цэнтр.

Больш цесна жыццё звязала нас з Валодзем на адпачынку ў санаторыі. Я яшчэ больш упэўніўся, які ён просты ў адносінах, праўдзівы, светлы чалавек. З таго часу ў нас складваліся даверлівыя адносіны, мы зрабілі шмат добрых спраў. Вельмі балюча, што яго больш няма з намі.

Мікалай Мазур, былы галоўны доктар санаторыя “Радон”:

– У маім жыцці Уладзімір Логаш сыграў лёсавызначальную ролю. Мяне ён знайшоў у Лідзе, калі я працаваў намеснікам галоўнага доктара Лідскай бальніцы. На той час я сябраваў з яго сынам Валодзем, мы былі калегамі. Уладзімір Міхайлавіч заклікаў мяне ўключыцца ў будаўніцтва, а затым і ўзначаліць санаторый “Радон”, пазней пастаянна цікавіўся справамі нашай установы, быў частым госцем і ўдзельнікам многіх мерапрыемстваў.

Мне ён запомніўся добразычлівым, мудрым, адукаваным чалавекам. Перажываў за мае поспехі, бо, безумоўна, лічыў “Радон” сваім дзецішчам, галоўнай справай на карысць малой радзімы. І я не памылюся, калі скажу, што менавіта Уладзімір Логаш даў штуршок развіццю курортнага турызму на Дзятлаўшчыне.

Уладзімір Ёда, выканаўчы дырэктар санаторыя “Альфа Радон”:

– Уладзімір Міхайлавіч запомніўся мне цікавым суразмоўцам, чалавекам высокаінтэлектуальным, мэтанакіраваным і ў той жа час непублічным, сціплым. Ён любіў зямлю, любіў на ёй працаваць, меў сваю дачу, дзе з жонкай яны з задавальненнем вырошчвалі садавіну і агародніну.

Усё гэта не перашкаджала яму дабівацца поспеху ў задуманых справах. Менавіта яго заслуга ў тым, што будаўніцтва новай сучаснай здраўніцы – санаторыя “Радон” – ажыццяўляла БУ-103 Лідскага будаўнічага трэста № 19. Сельскія будаўнікі з гэтай задачай наўрад ці справіліся б. Пакуль ішлі работы, Уладзімір Міхайлавіч стараўся быць у курсе спраў, каардынаваў многія пытанні. Не менш радаваўся, калі пачалося будаўніцтва санаторыя “Альфа Радон”. Увогуле, яго хвалявала ўсё, што магло паслужыць на карысць малой радзімы і для яе развіцця. Да роднага куточка, які называў Зецельскай старонкай, ён быў моцна прывязаны душой.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

Похожие публикации