Знаёмства з беларускай культурай будуецца на аснове малых фальклорных формаў – прымавак і прыказак. З радасцю дзеці апранаюць нацыянальныя строі падчас гульнёвых заняткаў, развучваюць песні і вершы. На беларускай мове ў гэтай групе будуць праходзіць усе ранішнікі, але для садку гэта не навінка. Святы з пазнакай «этна» тут звыклая практыка. Да дня пісьменства, напрыклад, дзеці сталі ўдзельнікамі мерапрыемства «Першыя крокі насустрач з цудоўнай кнігай», якое прайшло, зразумела, на роднай мове.
Існуюць беларускамоўныя групы і ў Ленінскім раёне Гродна. Не першы год прымаюць юных выхаванцаў ў яслях-садку №45. Дзве такія групы сёння наведваюць 30 дзяцей ва ўзросце ад трох да шасці год. А ў яслях-садку №54 працуюць 6 беларускамоўных груп і і гэты вопыт ўжываецца тут ўжо больш за дзесяць год.
Знаёмства ж з беларускай мовай актуальна для ўсіх без выключэнняў садоў вобласці. Адзін дзень тыдня нават у рускамоўных установах для дзяцей пачынаецца з прывітання «Добрай раніцы» замест “Доброе утро” і ўключае адпаведныя заняткі. Аб станоўчым уплыве такой практыкі магу судзіць, як гаварыцца знутры. З нейкай асаблівай інтанацыяй чатырохгадовы сын пераказвае пасля такіх дзён лічылкі і вершыкі па-беларуску і з зацікаўленасцю пытаецца пра тое ці іншае слова, якое прагучала з тэлеэкрана на беларускай мове.