Удзельнікаў сустрэчы, якая праходзіла 13 снежня на базе Дзятлаўскай раённай бібліятэкі, павітаў старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

– Сёння ў нашым раёне праходзіць значная падзея – старт рэспубліканскай акцыі “Памяць сэрца”. У рамках акцыі па месцах масавага растрэлу міранага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны пройдзе аўтапрабег і адбудзецца адкрыты дыялог “Беларусь – гэта мы!”. У нашай краіне заўсёды шмат увагі надавалася моладзі, як будучыні Беларусі. Бацькі, настаўнікі, выкладчыкі стараюцца перадаць маладому пакаленню сваю мудрасць, любоў да Радзімы, яе гісторыі і культуры. Спадзяюся, што і сёння, у час нашай размовы вы атрымаеце адказы на хвалюючыя вас пытанні.

Аляксандра Бараноўскага, а таксама сакратара Цэнтральнага камітэта ГА “БРСМ” Юлію Зінкевіч, старшыню яўрэйскай абшчыны “Сімха” Андрэя Дарафеева, другога сакратара Гродзенскага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Андрэя Есіна, старшыню Моладзевага парламента пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ягора Макарэвіча, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Вольгу Рагачову, старшую навуковую супрацоўніцу Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алену Абрамчык запрасілі на моладзевы форум у якасці экспертаў. Мадэратарам адкрытага дыялогу выступіла галоўны спецыяліст Гродзенскага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Ганна Калодка.

Удзельнікаў форуму заклікалі задумацца над урокамі мінулага. Сёлета Беларусь адсвяткавала 75-годдзе Вялікай Перамогі. На працягу юбілейнага года маладыя беларусы сталі сведкамі і ўдзельнікамі моладзевага марафону “75”, іх стараннямі былі створаны палотнішча “Беларусь памятае!” і альбом “Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі”. Аб значных мерапрыемствах і акцыях моладзевага марафону нагадалі Андрэй Макарэвіч і Юлія Зінкевіч.

– Кожны сантыметр беларускай зямлі прасякнуты крывёю савецкага народа, які адстаяў Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, –зазначыў Андрэй Макарэвіч. – Нам, маладому пакаленню, варта захаваць гэту памяць. У год 75-годдзя Перамогі мы правялі шмат мерапрыемстваў і акцый. Акцыя “Памяць сэрца” таксама скіравана на тое, каб нагадаць кожнаму маладому беларусу ўрокі гісторыі і ў далейшым не дапускаць былых памылак.

– На жаль, з кожным годам людзей, якія былі сведкамі ваеннага ліхалецця становіцца ўсё менш, – падкрэсліла Юлія Зінкевіч. – Наша задача: не даць перапісаць гісторыю, захаваць памяць і перадаць яе дзецям. Сёлета прайшоў цудоўны праект – моладзевы цягнік “Беларусь. Моладзь. Натхненне”, калі сем дзён больш за 90 маладых людзей ехалі па рэспубліцы. Наша секцыя “Беларусь памятае” правезла па самых знакавых месцах аднайменнае палотнішча. Тая моладзь, якая ехала ў цягніку, ганарылася тым, што дакранулася да гэтага палотнішча. Лічу, падобныя акцыі павінны праходзіць у вялікіх і маленькіх гарадах Беларусі, бо нам ёсць чым ганарыцца, мы не павінны гэтага страціць. Роўна 78 гадоў таму на дзятлаўскай зямлі адбылася трагедыя – было знішчана шмат яўрэяў. Цяпер менавіта тут мы пачынаем старт чарговай рэспубліканскай акцыі “Памяць сэрца”.

З залы ад настаўніцы Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы Марыны Нячай прагучала пытанне: “Чым скончыцца гэта акцыя?”.

– Сёння мерапрыемства стартуе на Дзятлаўшчыне, далей акцыя пройдзе па ўсіх абласцях і закране як вядомыя мемарыялы, так і невялікія помнікі, бо няма ў Беларусі тых мясцін, якія б не закранула вайна. Завяршыць акцыю плануем на плошчы Перамогі ў сталіцы, дзе будзе трансліравацца інтэрактыўны альбом “Родныя твары Перамогі”, – адказала Юлія Зінкевіч.

Мадэратар Ганна Калодка папрасіла старшую навуковую супрацоўніцу музея Алену Абрамчык ўзгадаць падрабязнасці той страшнай трагедыі, якая адбылася ў Дзятлаўскім раёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Алена Рыгораўна расказала, як немцы вырашалі “яўрэйскае пытанне” і знішчалі мірных людзей.

У размову ўключыўся і старшыня яўрэйскай абшчыны “Сімха” Андрэй Дарафееў. Ён расказаў, што ў Дзятлаве да вайны жыло шмат яўрэеў. Менавіта тут нарадзіліся два вядомыя яўрэйскія мудрацы. Адзін з іх вельмі шануемы – Хафез Хаім.

Рахункуючы вынікі сустрэчы, ад імя маладых удзельнікаў форуму Ганна Калодка выказала думку, што стаўленне моладзі да гісторыі Айчыны можа прынцыпова змяніцца, калі самі маладыя людзі адчуюць сябе рэальнымі ўдзельнікамі грамадзянска-патрыятычных акцый і праектаў.

Напрыканцы форуму эксперты адкрытага дыялогу выказалі свае пажаданні для беларускай моладзі. Сярод іх: памятаць пра мінулае, берагчы мір, быць згуртаванымі; ведаць свае вытокі і не паўтараць былых памылак; не верыць усяму, што пішуць у інтэрнэт-прасторы, а вывучаць гісторыю сваёй Радзімы; шанаваць памяць продкаў, старанна працаваць і з аптымізмам глядзець наперад; часцей збірацца разам і размаўляць на важныя тэмы.

На развітанне першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” падзякавала гасцям за цікавы дыялог і ўручыла сувеніры на памяць аб наведванні горада Дзятлава.

Ірына СТЫРНІК

Похожие публикации